«Такім чынам Беларусь застанецца без адзінай незалежнай тэлевізіі. І то ў абставінах, калі Расея праяўляе сваю агрэсію і гэтая агрэсія будзе мець працяг» — сказала пісьменьніца.
Адказваючы на просьбу пракамэнтаваць выказваньне міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага пра тое, што Белсат падтрымліваюць усяго «пяцёра» беларускіх і польскіх інтэлектуалаў, Алексіевіч сказала:
«Я ўспрымаю гэта як непавагу да Беларусі і як адсутнасьць ведаў пра нашу краіну. Ня ведаю, хто ў яго ў дарадцах і адкуль ён бярэ інфармацыю. У нас шмат інтэлектуалаў і вельмі вялікая група людзей культуры, але ня ўсе яны выступаюць публічна».
Адносна заўвагі міністра Вашчыкоўскага, што беларусы навучацца польскай мове, каб глядзець канал TVP Polonia, Алексіевіч адзначыла:
«Гэтым ён выказаў непавагу для беларусаў. Гэтак жа сама можна сказаць, што польскі міністар ня ведае беларускай мовы і няхай навучыцца. Што гэта за размова?»
Пра пэрспэктыву ўключэньня TVP Polonia ў кабэльныя сеткі распаўсюду ў Беларусі нобэлеўская ляўрэатка выказалася наступным чынам:
«Гэтая ідэя скончыцца паразай. У Палёніі будзе нават менш гледачоў, чым у Белсату. Вялікая праблема ў тым, каб намовіць беларусаў глядзець тэлебачаньне на роднай мове, а што казаць пра польскую мову. Я адчуваю празьмерную нацыянальную заклапочанасьць вашых палітычных элітаў. Ня ведаю, магчыма, справа тут у тым, каб пашыраць польскі ўплыў. Такая тэлевізія тут не патрэбная. Яе будзе глядзець невялікая група людзей, у лепшым выпадку католікі з заходняй Беларусі».