Зь сярэдзіны тыдня ў Беларусь прыйдзе халодны атмасфэрны фронт, а разам зь ім і моцныя маразы. Ужо сёньня к вечару чакаецца пахаладаньне — тэмпэратура паветра ў Менску панізіцца да мінус 15, пра гэта паведамляе сайт gismeteo.by.
5 студзеня на большай частцы Беларусі пройдзе сьнег, але ўжо заўтра будзе сонечна. Самая марозная ноч прыпадзе на праваслаўнае Раство — па паўночным захадзе Беларусі ртутны слупок упадзе да −32.Таксама сыноптыкі прагназуюць моцны вецер — парывы да 9 м/с, а месцамі і да 20 м/с. Па ўсёй краіне аб’яўлена штармавое папярэджаньне.
«Пік маразоў прыпадае якраз на 6-7 студзеня. У панядзелак яшчэ не пацяплее, нізкая тэмпэратура пратрымаецца да 10 студзеня, пасьля пачне паступова падвышацца», — расказаў Свабодзе першы намесьнік кіраўніка Гідрамэтцэнтру Раман Лабазноў.
Паводле спэцыяліста, абмаражэньне ўяўляе найбольшую небясьпеку для людзей ня толькі падчас моцных маразоў, але і пры высокай вільготнасьці паветра. Ён адзначыў, што Гідрамэтцэнтар ужо даслаў інфармацыю і адпаведныя рэкамэндацыі ў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, а таксама ў мэдыцынскія ўстановы краіны.
У халоднае надвор’е мэдыкі раяць не апранаць цесную вопратку, не стамляцца фізычна і добра сілкавацца перад выхадам на вуліцу. Бацькам варта навучыць дзяцей правільна дыхаць ледзяным паветрам праз нос, сагравацца, расьціраючы сухія рукі, увесь час рухацца.