Глод: З савецкіх часоў лічылася, што прамысловасьць заўсёды была флягманам беларускай эканомікі. А пабудаваныя ў савецкія часы заводы-гіганты, кшталту трактарнага ці аўтамабільнага, сталі вядомымі брэндамі. Аляксандар Лукашэнка не аднойчы публічна заяўляў, што ён асабіста ганарыцца тым, што вялікія прадпрыемствы Беларусь захавала і не перадала іх прыватнікам.
Доўгі час лічылася, што флягманы і ёсьць гонар беларускай прамысловасьці. Аднак апошнім часам сытуацыя кардынальна зьмянілася. Па-першае, значэньне прамысловасьці для валавога ўнутранага прадукту ўжо не такое вялікае. Па-другое, аб’ёмы вытворчасьці заводаў-гігантаў істотна праселі.
Экспэрты адзначаюць: аб’ёмы даданай вартасьці ў беларускай прамысловасьці цяпер нават меншыя, чым у краінах Балтыі, якія традыцыйна называюць не прамысловымі. А ў многіх беларускіх маякоў вытворчасьці адзінай важнай функцыяй застаецца сацыяльная.
Гэта пацьвярджаюць лічбы. Агульны кошт выпушчаных прамысловасьцю краіны тавараў і паслуг за няпоўны 2016 год апусьціўся ніжэй за 40 мільярдаў даляраў. Такога не было амаль 10 гадоў. У горшым 2009 крызысным годзе адпаведны паказьнік і то быў вышэйшым — 46 мільярдаў. І яшчэ адна важная лічба — у рэкордным 2012 годзе гістарычна максымальны паказьнік склаў 74 мільярды.
Экспэрты адзначаюць: аб’ёмы даданай вартасьці ў беларускай прамысловасьці цяпер нават меншыя, чым у краінах Балтыі, якія традыцыйна называюць не прамысловым
У нас чыноўнікі любяць ківаць на краіны Балтыі. Маўляў, таму ўся прамысловасьць загінула. Няма ўжо вядомых латвійскіх прымачоў, літоўскіх лядоўняў і г.д. Але ж факты сьведчаць пра іншае. У Беларусі зараз на душу насельніцтва прамысловасьць вырабляе меней, чым у любой з трох балтыйскіх краінаў: Латвіі, Літвы, Эстоніі. І гэта, нягледзячы на наяўнасьць буйных вытворчасьцяў, такіх як МАЗ, МТЗ, БелАЗ ды іншыя і значна прасьцейшаму доступу на расейскі рынак. Балтыйскі рэгіён бярэ значна большай колькасьцю дробных і сярэдніх прадпрыемстваў.
Лічбы наагул прыводзяць да перагляду шмат ранейшых ісьцін. Аказваецца, што доля прамысловасьці істотна зьніжаецца ва ўсіх краінах. Гэта адбываецца за кошт разьвіцьця новых галін і сфэраў, кшталту айцішнай. А ўнутры прамысловасьці моцна паменшылася доля машынабудаваньня. І цяпер атрымліваецца, што прадукцыя такіх гігантаў, як МАЗ, МТЗ, БелАЗ, маторны завод, «Амкадор», «Гамсельмаш» ды іншыя, у агульным аб’ёме прамысловай прадукцыі не перавышае 5%.
Дык ці трэба імі так ганарыцца і за іх так трымацца?
Канечне, на добры розум беларускія маякі вытворчасьці трэба істотна мадэрнізаваць. Але ж улады з году ў год адкладаюць гэтую працэдуру. Падобна, іх больш турбуе не ператварэньне ранейшых лідэраў у аўтсайдэры. Куды больш іх, мабыць, хвалюе, што тады давядзецца рабіць з працаўнікамі заводаў-гігантаў. Пакуль яны застаюцца сацыяльнымі аб’ектамі працаўладкаваньня. І гэта на сёньня для чыноўнікаў выглядае самым галоўным.
Гурневіч: Лічбы, якія агучыў спадар Глод, яскрава сьведчаць аб тым, што значэньне прамысловасьці ў Беларусі моцна перабольшанае. Гэта такі ж самы стэрэатып, што нашы суседзі даўно ўсё страцілі, што захавала Беларусь, і там маўляў, нічога свайго не засталося. Апрача краін Балтыі, гэта датычыць таксама і нашай заходняй суседкі — Польшчы. Камізм сытуацыі ў тым, што вельмі часта польскія кансэрватары альбо левыя крытыкуюць лібэралаў за нібыта зьнішчэньне прамысловасьці, і ў прыклад ставяць Беларусь, дзе, маўляў, усё захавалася.
Тым часам Польшча — другі найбуйнейшы вытворца аўтамабіляў у рэгіёне з прадукцыяй больш за 900 тысяч машын штогод.
Палякі ў свой час паставілі на прыватызацыю і, як паказвае статыстыка, — выйгралі. Польшча найлепш з усіх постсацыялістычных краін прайшла трансфармацыю
Процьма кампаніяў працуе са зьмешаным капіталам. Пытаньне — як іх атаясамліваць? Галоўнае ня тое, ці валодае кантрольным пакетам акцыяў дзяржава ці прыватны ўласьнік, а тое, ці эфэктыўнае гэтае прадпрыемства. З прыведзеных лічбаў бачна, што дзяржаўныя прадпрыемствы ў Беларусі не такія і эфэктыўныя, як падае іх улада. І мяркуючы па прагнозах Сусьветнага банку, сытуацыя будзе толькі пагаршацца.
Палякі ў свой час паставілі на прыватызацыю і, як паказвае статыстыка, — выйгралі. Польшча найлепш з усіх постсацыялістычных краін прайшла трансфармацыю. Сэнс ня ў тым, хто валодае кантрольным пакетам акцыяў прадпрыемства. У часы транснацыянальных карпарацыяў увогуле цяжка ў гэтым разабрацца. Сэнс у тым, паводле якіх правілаў і законаў працуе гэтае прадпрыемства. Дзе яно плаціць падаткі, якія гэта падаткі, які сацыяльны пакет маюць работнікі? Чаму ў Польшчы гэта магчыма, а ў нас улада баіцца? Таму што шмат гадоў беларускія заводы працуюць на танным расейскім газе і Расея гэтую прадукцыю купляла. І думаць над такой праблемай раней было ня трэба. Бо яе проста не існавала. Сёньня зьнікае расейскі рынак і танны расейскі газ. Рана ці позна, але ўсё роўна давядзецца гэта зрабіць — цалкам рэфармаваць альбо самі заводы альбо прамысловасьць увогуле. Давядзецца ставіць націск на інавацыі, на навуковыя дасьледаваньні. У адваротным выпадку нікому гэтая прадукцыя ня будзе патрэбнай. Нават у Расеі.
Цыганкоў: За апошнія два гады падзеньне ВУП і даходаў людзей адбываецца разам з моцнымі скарачэньнямі працоўных на прадпрыемствах. За 2016 год яшчэ няма дадзеных, але даволі паказальныя былі дадзеныя за 2015 год. Самыя вядомыя беларускія заводы, напрыклад, МТЗ пазбавіўся амаль 2000 чалавек, МАЗ 1300, Белшына 1200. Самае цікавае, што паводле замежных экспэртаў, Эўрапейскі банк разьвіцьця, адзначаецца, што адным з ключавых
Ён, зусім не апазыцыйны чалавек, лічыць, што ўвогуле ў беларускай прамысловасьці ў стратэгічным сэнсе, на дзесяцігодзьдзі, няма ніякай пэрспэктывы
дысбалянсаў беларускай эканомікі зьяўляецца празьмерная занятасьць на прадпрыемствах. І яна складае каля 20%. Большасьць беларускіх незалежных экспэртаў таксама згодныя з гэтай ацэнкай. Гэта азначае, што ў беларускай прамысловасьці скарачэньні яшчэ будуць працягвацца. Экспарт падае, беларускую прадукцыю ўсё менш купляюць, а экспарт падае ўжо 3 гады запар, адпаведна, каб неяк зводзіць канцы з канцамі, хоць плаціць заробкі тым, хто застаўся, прадпрыемствы вымушаны скарачаць колькасьць сваіх супрацоўнікаў. Гэта адна з найбольш відавочных прыкметаў крызысу, але я думаю, дарэчы будзе ўзгадаць нядаўнюю размову зь сябрам дзяцінства, які доўгі час працаваў у адным з буйных беларускіх банкаў на сур’ёзнай пасадзе, зараз працуе ў парку высокіх тэхналёгій. Ён, зусім не апазыцыйны чалавек, лічыць, што ўвогуле ў беларускай прамысловасьці ў стратэгічным сэнсе, на дзесяцігодзьдзі, няма ніякай пэрспэктывы.
Пры сёньняшнім падзеле працы, пры тым, што робяць карэйцы, кітайцы, эўрапейцы, проста адзіны рынак на апошні час быў расейскі — лядоўняў, тэлевізараў, трактароў і г.д. Але ён паціху закрываецца якраз ня толькі празь нейкія палітычныя праблемы, а праз тое, што Расея ўсё больш купляе кітайскія тавары. Нават ёсьць статыстыка, што знаходзяць альтэрнатыву беларускім таварам фактычна па ўсіх парамэтрах. Такім чынам краіна павінна рыхтавацца да дэіндустрыялізацыі. Тое, што Беларусь затрымала ў свой час 90-я палітычнай воляй Аляксандра Лукашэнкі, у нас не адбылося тое, што было ў Балтыі, ва Ўкраіне. Цяпер пытаньне, наколькі гэты працэс быў патрэбны: так ці інакш прыходзім да таго, што большая частка велізарных магутных вытворчасьцяў ня можа даць працу многім людзям і аказваецца нерэнтабэльнай і вісіць цяжарам на беларускім бюджэце. Бюджэт выцягваюць новыя тэхналёгіі, сфэра паслуг, малое прадпрымальніцтва. І гэта сытуацыя сама па сабе недарэчная, прагноз тут можа быць толькі пэсымістычны.