Улады павінны «павялічыць асыгнаваньні на падтрымку войска за кошт памяншэньня выдаткаў на іншыя сілавыя структуры».
Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
«Той бюджэт, які выдзелены на сілавыя структуры, трэба пераразьмеркаваць на карысьць арміі», — кажа ён.
Паводле Лябедзькі, гэта патрэбна, бо войска абараняе бясьпеку Беларусі, у адрозьненьне ад КДБ і МУС, якія выконваюць «жандарскія функцыі».
Лідэр АГП таксама адзначыў, што партыя гатовая падрыхтаваць свае прапановы рэфармаваньня беларускай арміі. Бясьпека Беларусі была адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасьці АГП, сьцьвярджае Лябедзька. У тым ліку партыя гатовая падтрымаць дзеяньні ўлады, накіраваныя на ўмацаваньне незалежнасьці краіны.
«Мы будзем падтрымліваць намаганьні ўсіх — ня толькі прыхільнікаў пераменаў, але і ўлады. Аднак мы разумеем, што калі для нас сувэрэнітэт —гэта каштоўнасьць, то для кіроўнай вэртыкалі — гэта інструмэнт утрыманьня ўлады», — кажа палітык.
Лябедзька таксама заклікаў уладу зрабіць захады рэалізацыі на практыцы нормаў Канстытуцыі аб нэўтралітэце Беларусі. МЗС у сваю чаргу павінна вярнуцца да Будапэшцкага мэмарандуму і дамагацца напаўненьня гэтага дакумэнту рэальным значэньнем, што гарантавала б бясьпеку краіны, перакананы лідэр АГП.