Дзяўчынка і драматург

Дырк Гальс, «Вясёлая кампанія» (1635)

Па сканчэньні вечарыны, прысьвечанай 30-годзьдзю «Тутэйшых», у засьнежаным Менску кумпанія зь дзесяці дарослых і адной непітушчай дзяўчынкі пастанавіла адсьвяткаваць эпахальную падзею адной пляшкай гарэлкі.

Гарэлку празаік выцягнуў з партфэля і хуценька схаваў назад. Але гэта не дапамагло. Падышоў міліцыянт: «Альбо правяраньне торбаў і пратакол, альбо вылівайце». Паэтка натхнёна нешта казала пра паэтаў, празаік гэтаксама марудна, як пішацца проза, выліваў гарэлку на сьнег, музыкі і жонкі моўчкі назіралі. Дзяўчынка радасна падказала: «А сьнег можна есьці!» Заслона ўзьнялася (міліцыянт сышоў), на сцэну выйшаў драматург: «Міліцыянт — інфэрнальная істота, яна нагадала: трэ было напачатку пачаставаць тых, каго ўжо няма». І гэта сапраўды быў пачатак.

Аксана Спрынчан

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org