На дом грамадзкай актывісткі Вольгі Мікалайчык накладзены арышт

Вольга Мікалайчык

Судовыя выканаўцы Першамайскага раёну Менску наклалі арышт на прыватны дом грамадзкай актывісткі Вольгі Мікалайчык.

Вольга Мікалайчык была аштрафаваная за ўдзел у шэрагу мірных вулічных пікетаў, у якіх удзельнічала летась. Сярод іншых гэта пікет «нацыянальнага сьцяга», пікет салідарнасьці з грамадзкімі актывістамі Эдуардам Пальчысам, Нінай Багінскай і многімі іншымі.

Паведамленьне пра арышт жытла актывістка атрымала на трэці дзень новага году, тым часам як пастанова датаваная 1 сьнежня 2016 году, кажа Вольга Мікалайчык.

Падставай для гэтага стаў нясплочаны штраф памерам 5200 рублёў.

«Я нават усьцешаная гэтай сытуацыяй, бо ёсьць дадатковая нагода прыцягнуць увагу грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці да таго беззаконьня, якое сёньня адбываецца ў нашай кране. Мне выпісвалі штрафы за мірныя вулічныя акцыі толькі таму, што на іх не было дазволу. Адначасна атрымаць афіцыйны дазвол на іх правядзеньне практычна немагчыма. Прычым памер штрафу — 200-300 даляраў — абсалютна неадпаведны ўчынку. Гэта цалкам рэпрэсіўная акцыя з мэтай спыненьня грамадзкай актыўнасьці, а не захаваньня законнасьці. Акрамя таго, я ўжо некалькі гадоў не магу знайсьці працу — мяне пазбавілі яе цяперашнія ўлады і робяць усё магчымае, каб мяне нідзе не прымалі на працу менавіта за маю грамадзкую актыўнасьць і палітычныя погляды. Як я магу сплаціць штраф, калі жыву выпадковымі заробкамі і ня маю аніякай пэўнасьці, ці буду мець сродкі на кавалак хлеба? Жытло — гэта адзінае, што ў мяне ёсьць, і ўлада паквапілася нават на яго. Гэтак сёньня адбываецца зь вельмі многімі грамадзкімі актывістамі ў нашай краіне, таму я хачу, каб гэтая інфармацыя стала вядомая міжнароднай супольнасьці», — кажа Свабодзе Вольга Мікалайчык.