Юркойцеў суд і Кафкаў «Працэс»

Вокладка рамана «Працэс»

Працэс ашмянскіх мытнікаў адкладзены «на няпэўны тэрмін».

Пачатак ТУТ

З аднаго боку, машына суду, экспэртызаў і турмы працуе паводле жорсткага рэглямэнту, а значыць, нічога «няпэўнага» тут быць ня можа. Зь іншага боку, перапынак дае мне магчымасьць перачытаць знакаміты «Працэс» Франца Кафкі і знайсьці ў ім вытлумачэньне нашага суду.

Кафка пісаў свой раман у Празе амаль сто гадоў таму. З таго часу шмат што зьмянілася ў Чэхіі, у цэлым чэхі гуманізаваліся, пра што сьведчыць хоць бы дэвіз на машынах іхнай паліцыі «Помагат а храніт». Пражыўшы тры гады ў Празе, я ні разу ня чуў нараканьняў на праваахоўныя службы ці суды. Затое ніяк не магу ўявіць гэтае «Помагат а храніт» на машынах нашага амону. Выглядае, што сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць у пляне дачыненьняў паміж людзьмі дасягнула той праскай 1925 году.

Раман «Працэс», між іншым, займае трэцяе месца ў рэйтынгу «Ста кніг ХХ стагодзьдзя» паводле вэрсіі Le Monde.

Калі верыць Кафку, перад судом зусім і не стаіць задача высьвятляць праўду. Больш за тое, суд можа нічога й ня ведаць пра сутнасьць справы і не разьбірацца ў ёй, вывучаючы доказы. Задача суду – стаць зьместам жыцьця абвінавачанага, яго пастаяннай трывогай, яго бяссоннымі начамі, яго адзінай надзеяй і расчараваньнем. І чым больш чалавек заняты сваім працэсам, тым менш у яго застаецца часу на самое жыцьцё.

Такі суд – не інстытуцыя, а менавіта Працэс, жывая субстанцыя, якая сілкуецца чалавечымі лёсамі.

Усе тыя казкі пра справядлівасьць, пра бліскучыя адвакацкія прамовы, пра жалезную лёгіку, што вядзе да апраўдальнага прысуду і сатысфакцыі, – чаму ўся гэтая рамантыка засьляпляе нам вочы і прымушае верыць у станоўчае завяршэньне, калі рэальнасьць Працэсу не дае найменшага намёку на пазытыўны вынік? Хіба мы не ўдыхаем тут кожны дзень атмасфэру даносу, вертухайства, чалавечага падзеньня, прытоенага хамства, рукапрыкладзтва і ў цэлым – зла, зла, зла?

Такі суд ня можа апраўдваць хоць бы таму, што пакіне сам сябе без харчаваньня, застанецца галодным.

Але ні судзьдзі, ні пракуроры, ні адвакаты ня здольныя зьмяніць такі парадак рэчаў, нават калі б захацелі, бо самі зьяўляюцца палоньнікамі суду, ня могуць пакінуць абвінавачанага або вызваліць яго – бо пакінуць Працэс без харчаваньня, а яны ж служаць толькі яму.

Паводле Кафкі я магу толькі зьдзіўляцца ўласнаму зьдзіўленьню ад таго, што судзьдзя адказаў адмовай на хадайніцтва адваката аб вызваленьні Юркойця з турмы ў зьвязку зь цяжкім становішчам у сям’і пры тым, што віна Алеся ня толькі не даказаная, але й складаецца з мутных здагадак і дапушчэньняў. Жывая субстанцыя пад назвай Працэс мусіць жэрці, і ніякага гуманістычнага складніка папросту няма ў яе прыродзе.

У рамане сьвятар распавядае абвінавачанаму Ёзэфу К. прыпавесьць пра брамніка і просьбіта каля варотаў Закону. Брамнік кажа, што пакуль ня можа прапусьціць просьбіта ў нетры Закону, трэба пачакаць. І просьбіт чакае. Мінаюць гады. Гэта і ёсьць Працэс. Урэшце перад самай сьмерцю просьбіт пытаецца ў брамніка – чаму колькі ён ні чакаў, ні разу ня бачыў іншых просьбітаў, якія б прасілі прапусьціць іх? «Нікому сюды ўваходу няма, гэтыя вароты былі прызначаныя для цябе аднаго! – адказвае брамнік. – Цяпер пайду і зачыню іх».

– Не, з гэтым меркаваньнем я ніяк ня згодны, – сказаў К. і пагайдаў галавой. – Калі так думаць, значыць, трэба прымаць за праўду ўсё, што кажа брамнік. А ты сам толькі што цалкам абгрунтавана даказаў, што гэта немагчыма.

– Не, – сказаў сьвятар, – зусім ня трэба ўсё прымаць за праўду, трэба толькі ўсьведамляць неабходнасьць усяго.

Вуснамі сьвятара Кафка сфармуляваў саму сутнасьць розьніцы суду, як мы яго сабе ўсьведамляем, і суду, які ён ёсьць у рэальнасьці. У першым выпадку гаворка ідзе пра высьвятленьне праўды, у другім – пра ўсьведамленьне неабходнасьці. Цяпер мне цалкам зразумела, што Юркойцеў суд належыць да другой катэгорыі.

Урэшце герой «Працэсу» гіне страшнай незразумелай сьмерцю. «Як сабака» – ягоныя апошнія словы. Але галоўнае – ні ён, ні мы, ніхто на сьвеце так і не даведаўся, у чым ягоная віна, хто вёў ягоны працэс, каму і навошта ўсё гэта было патрэбна. У гэтым сэнсе Юркойцеў суд сутнасна нічым не адрозьніваецца ад «Працэсу» Кафкі. Усеагульнае недаўменьне назіральнікаў то слабне, то ўзмацняецца. Адно, што ў нашым выпадку мы нібыта маем доступ да Закону, але што толку, калі гэты Закон не выконваецца, а судовы каток едзе сабе і едзе па сваіх нікому не вядомых шляхах.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.