Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, сэнатар Маккейн дэманстратыўна паціснуў руку селяніну, які знаходзіўся з другога боку падзяляльнай памежнай рысы. Назваўшы дзеяньні Расеі ў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі «акупацыяй і агрэсіяй з боку Расеі», сэнатар Маккейн выказаўся за ўзмацненьне жорсткасьці санкцыяў супраць Масквы. Ягоны аднапартыец Ліндсі Грэм адзначыў, што санкцыі павінны адчувальна закрануць асабіста Пуціна. Выступаючы ў панядзелак перад журналістамі ў Сумесным цэнтры падрыхтоўкі «Грузія-NATO» блізу Тбілісі, Ліндсі Грэм заявіў, што ў новым годзе ЗША будуць надаваць больш увагі стрымліваньню Расеі. Вось што сказаў сэнатар Ліндсі Грэм:
«2017 год будзе годам большай амэрыканскай вайсковай падтрымкі, большага гандлю, большай эканамічнай інтэграцыі ды большага адпору Расеі за агрэсію, прычым ня толькі тут, але і ўва ўсім сьвеце, большых санкцыяў. Цяпер настаў час, каб прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ведаў: з нас даволі!».
Старшыня сэнацкага Камітэту ў справах узброеных сілаў Джон Маккейн абвінаваціў Расею ў агрэсіі супраць ЗША. Паводле яго, гэта пацьвярджаюць усе амэрыканскія агенцтвы выведкі.
"Мы будзем працаваць у Кангрэсе, каб увесьці больш жорсткія санкцыі [супраць Расеі] для прадухіленьня далейшых нападаў на Злучаныя Штаты Амэрыкі, і будзем працаваць на дзьвюхпартыйнай аснове для дасягненьня гэтай мэты. Мы хочам працаваць з абраным прэзыдэнтам Дональдам Трампам, але маем свае абавязкі як заканадаўцы для выпрацоўкі адказу на напады на Злучаныя Штаты Амэрыкі.
Сэнатары падзякавалі Грузіі за падтрымку апэрацыі ў Аўганістане, дзе служаць некалькі соцень грузінскіх вайскоўцаў, і абяцалі ўсялякую дапамогу ва ўмацаваньні сувэрэнітэту Грузіі і будаўніцтве грузінскіх узброеных сілаў.
Амэрыканскія сэнатары — рэспубліканцы Джон Маккейн і Ліндсі Грэм і дэмакратка Эмі Клобушар — наведалі Грузію і пабывалі на дэ-факта мяжы самаабвешчанай рэспублікі Паўднёвая Асэтыя. У Цхінвалі гэтую мяжу называюць «дзяржаўнай», а ў Тбілісі адміністрацыйнай.