Напярэдадні карэспандэнт Свабоды задаў Станіславу Антонавічу некалькі пытаньняў як былому банкіру, палітыку і бацьку-дзядулю.
1. Пытаньні Багданкевічу-юбіляру: Ці памятае, як нарадзіўся сярод кантрабандыстаў?
— Ці можна даведацца, як Вы будзеце адзначаць 80-годзьдзе? Аб’яднаеце сьвята з Новым Годам ці ўсё ж адзначыце паасобку?
— Ведаеце, у мяне традыцыйна Новы год праходзіць як такое вельмі масавае сьвята, калі ўсе сваякі зьяўляюцца, каб павіншаваць. А мае сваякі — гэта ня толькі дзеці і ўнукі, а яшчэ і пляменьнікі, дочкі майго старэйшага брата, іх сем’і. Таму кожны раз у мяне вельмі буйная сустрэча Новага году і адзначэньне дня народзінаў, іх немагчыма аддзяліць адно ад другога. Дзень народзінаў як юбілей я шырока адзначаў, калі споўнілася 70 ці 75, ужо ня памятаю, а цяпер адмыслова адзначаць не пляную.
Але ў мяне будзе невялікая сустрэча з блізкімі сябрамі з АГП, зь якімі я ствараў гэтую партыю, яшчэ будзе сустрэча ў рэстаране зь сябрам, спадаром Анатолем Дудкіным. Яшчэ са старэйшым сынам, зь якім я рэдка бачуся. У яго дзьве дзяўчынкі зьявіліся, і ён ня можа пакуль асабліва куды выходзіць. Вось яго зьбяру з усім ягоным вялікім сямействам. А так будзе звычайная навагодняя сустрэча разам з адзначэньнем дня народзінаў. Пляменьнікі і ўнукі да мяне штогод прыходзяць без усялякага напаміну, жонка толькі пасьпявае гатаваць, бо яны абавязкова прыйдуць.
80 гадоў — пара на пэнсію
— А ў Вас яшчэ ёсьць адчуваньне, як у дзяцінстве, што дзень нараджэньня — гэта сьвята? Вы чакаеце гэтага дня ці, наадварот, думаеце, хай бы хутчэй гэты дзень прайшоў зь ягонымі праблемамі?
— Шчыра скажу, не чакаю, але ўсё ж такі, улічваючы, што цяпер будзе юбілей, нейкае іншае адчуваньне маю. Вось званкі ад журналістаў ідуць больш, чым звычайна. Верагодна, будзе больш сваякоў. Але дзіцячага хваляваньня, пра якое вы кажаце, няма. Ужо адчуваю, што мне зусім не 20 гадоў. Яшчэ ў 60, у 70 такога адчуваньня не было, але ў 80 ужо ёсьць. Усё ж шмат гадоў пражыў. Але паводле здароўя адчуваю сябе нармальна, я актыўны, вось адказваю на пытаньні журналістаў і ўдзельнічаю ў грамадзкім жыцьці. (Сьмяецца. — А.Г.)
Хоць ужо не выкладаю як прафэсар, спыніў сяброўства ў радзе абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Каля 20 гадоў я быў у гэтай радзе, усё рыхтаваў новых навукоўцаў. Далей ужо безь мяне будуць гэтым займацца. А быў я сябрам гэтай рады, бо па маёй прафэсіі — фінансы і крэдыт — быў першы доктар Драздоў, а другі — Багданкевіч. Цяпер такіх болей і мой удзел не настолькі патрэбны.
— Дык Вы канчаткова пайшлі на пэнсію і больш ня будзеце нават выкладаць?
— Не, ужо ня буду. Буду адпачываць. Цяпер маё месца — гэта канапа. Тым больш у мяне былі праблемы са сьпінай, я нават прыпыніў свае даўгія прамэнады. Але цяпер крыху паправіўся, зноў хаджу.
— Ці сапраўды Вы нарадзіліся 1 студзеня? Даводзілася сустракаць выпадкі, што бацькі запісвалі тых, хто нарадзіўся 31 сьнежня, на першы дзень году, каб на год «памаладзіць». Што расказвалі бацькі пра Вашае нараджэньне?
— Такога не расказвалі. Бацькі жылі на хутары Шапавалы ў Валожынскім раёне, гэта непадалёк ад станцыі Радашкавічы. Гэта тады была тэрыторыя Польшчы, атрымліваецца, што я нарадзіўся ў Польскай рэспубліцы. Мяжа была побач, запомніліся расповеды бацькоў пры тое, што шмат хто з суседзяў займаўся кантрабандай. У савецкай Беларусі былі розныя тканіны, а ў нас мяса ды сала, дык несьлі празь мяжу і адзін з адным мяняліся. А бацькі былі не зусім сялянамі, адначасова бацька працаваў настаўнікам у мясцовай школе. Потым сям’я пераехала ў Маладэчна, бацька там працаваў на розных працах.
А як праходзілі мае роды, шчыра кажучы, ня ведаю. У нас у сям’і было шмат дзяцей, я быў чацьвертым, пасьля мяне яшчэ брат нарадзіўся, але малым памёр. А на гэты дзень у жывых нас засталося толькі двое, яшчэ ў мяне ёсьць старэйшая сястра. У Маладэчне жыве.
— 80 гадоў — гэта шмат ці мала? Што Вы адчуваеце? Што ў Вас доўгае жыцьцё, ці як кажуць, усё прамільгнула як адно імгненьне?
— Адчуваю груз гадоў. Нават такое: раней на розных круглых сталах, на канфэрэнцыях у мяне была вельмі хуткая рэакцыя на нейкія рэчы, мог хутка і трапна адказаць на пытаньні, а цяпер ужо ня тое. Што да працягласьці жыцьця, дык сапраўды ёсьць адчуваньне, што ўсё прамільгнула як імгненьне. Але маё жыцьцё склалася збольшага нармальна, адзінае, што вось першая жонка хварэла і памерла ад раку. Тады быў вельмі цяжкі пэрыяд, а так я б сказаў, што ў мяне шчасьлівае жыцьцё. Як па лініі працы, гэтак і па лініі сяброў.
Потым мне ўдалося ўсё аднавіць, пачаць як бы спачатку. Мой малодшы сын, ад новай жонкі Вольгі, зьявіўся на сьвет, калі мне было ўжо 59 гадоў. Жонка маладзейшая за мяне на 17 гадоў, але ў нас няма такой вялікай розьніцы ў мэнталітэце. Першая мая жонка, Тацяна, была мне вельмі блізкая па духу, і другая таксама. Мае жонкі чымсьці вельмі падобныя, мне зь імі пашанцавала. Вольга выкладала ў «наргасе», дзе я быў загадчыкам катэдры, але цяпер таксама ўжо на пэнсіі.
— І як Вашай сям’і жывецца на даходы ад пэнсіі?
Калі мне, як і Станіславу Шушкевічу, не давалі пэнсію, дык я падаў у суд і, нечакана для мяне, у адрозьненьне ад Шушкевіча, суд вырашыў спрэчку на маю карысьць. (...) Як мне было не даваць пэнсію? Толькі таму, што Лукашэнка назваў мяне злачынцам?
— Пакуль больш-менш нармальна. Жонка яшчэ падпрацоўвае. Сын наш закончыў БДУ, ужо два месяцы як працуе. Ну, і ў мяне добрая пэнсія як у дзяржаўнага службоўца. Звычайна я хвалюся, што калі мне, як і Станіславу Шушкевічу, не давалі пэнсію, дык я падаў у суд і, нечакана для мяне, у адрозьненьне ад Шушкевіча, суд вырашыў спрэчку на маю карысьць. І пэнсію вярнулі — не як у былога старшыні Нацбанку, але як у дзяржаўнага чыноўніка. Таму ў мяне пэнсія вышэйшая за сярэднюю. Але як мне было не даваць пэнсію? Толькі таму, што Лукашэнка назваў мяне злачынцам? Але я 5 гадоў кіраваў Нацбанкам, а там праца была аднесеная да дзяржаўнай службы. Плюс яшчэ дэпутацтва. У выніку судзьдзя вырашыла на маю карысьць. Адвакат прадказваў, што апратэстуюць яе рашэньне, толькі пракурор гэтак і не адважыўся апратэставаць. Шушкевіч мяне потым крытыкаваў за тое, што судзіўся, але мяркую і цяпер, што слушна зрабіў, хоць больш-менш можна жыць.
2. Пытаньні Багданкевічу-банкіру: Адкуль Нацыянальны банк бярэ грошы для золата на чорны дзень?
— У 1995 годзе мне давялося браць у Вас інтэрвію, гэта было ў Вашым кабінэце ў Нацбанку. Памятаю, як Вы вельмі крытычна ставіліся да эканамічнай палітыкі Лукашэнкі, як былі супроць увядзеньня ў Беларусі расейскага рубля. Якія Вашыя тагачасныя асьцярогі ў выніку спраўдзіліся, а ў чым Вы памыляліся?
У парушэньне Канстытуцыі Лукашэнка умешваўся ў банкаўскую дзейнасьць, у працу Нацыянальнага банку.
— Ды ні ў чым асабліва і не памыліўся. Бо адразу ж пасьля ягонай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году разам зь іншымі калегамі-рэфарматарамі мы падрыхтавалі яму праграму першачарговых захадаў. Гэта была праграма рынкавых рэформаў, пераходу эканомікі на рынкавыя рэйкі. І ён яе зацьвердзіў! А потым ад яе адмовіўся. Вось гэта было першае расчараваньне і галоўная, уласна кажучы, прычына майго сыходу з Нацбанку. Бо я пісаў яму запіскі, у тым ліку наконт крокаў для рэфармаваньня эканомікі, а ён іх не разглядае, «кладзе пад сукно». І яшчэ была прычына маёй заявы аб адстаўцы: у парушэньне Канстытуцыі ён умешваўся ў банкаўскую дзейнасьць, у працу Нацыянальнага банку. Прыкладам, ён сваім указам аб’яднаў Беларусьбанк і Ашчадны банк, хаця паводле закону для гэтага мусіла быць рашэньне Нацбанку.
Думаў, што мы загнёмся ў эканоміцы раней
— А вось наконт часу, які я аддаваў на тое, колькі беларуская эканоміка пратрымаецца, я сапраўды памыліўся. Думаў, што мы загнёмся ў эканоміцы раней. Але гэтая памылка была зьвязаная з тым, што Беларусь фактычна стала расейскім рэгіёнам, яна фактычна штогод атрымлівала датацыяў парадку да 10 мільярдаў даляраў. Таму і трымалася. Не за кошт таго, што сама зарабіла, а за кошт датацыяў з Расеі. Але як толькі гэтыя датацыі скарачаюцца, мы адразу бяднеем, як цяпер. Велізарныя страты нашых дзяржаўных кампаніяў, як МАЗ, МТЗ, мэталюргічны камбінат у Жлобіне; нават такая драбяза, як мясакамбінат у Барысаве — усе даюць велізарныя страты. Гэтыя прадпрыемствы мусілі раней рэфармаваць, але прыхоўвалі тыя страты, пакрывалі. Толькі гэта пытаньне часу, іх усё роўна прыйдзецца рэфармаваць.
— Перад Новым годам курс беларускага рубля да даляра зьнізіўся, хаця звычайна перад сьвятамі падымаецца. Чаму гэта адбылося і пра што сьведчыць гэтая тэндэнцыя? Зноў раскручваецца інфляцыя?
За 2 гады рублёвыя прыбыткі насельніцтва зьнізіліся недзе на 15-20%, і гэта нечакана паспрыяла стабілізацыі на валютным рынку. Стабілізацыя ёсьць, але яна выкліканая нэгатыўнымі працэсамі ў эканоміцы, тым, што Лукашэнка своечасова не правёў рэформаў.
— Не, пакуль пра гэта я б не сказаў. Беларускі рубель ня падае, наадварот. Маленькія зрухі туды-сюды ёсьць, але гэта ў межах нормы. А бачу збольшага дасягненьнем апошняга году ў палітыцы Нацбанку, яго старшыні Паўла Калавура тое, што нацыянальная валюта стабілізавалася на ўзроўні 2 рублі за даляр, нават крыху меней. Але гэтая стабільнасьць забясьпечаная ня дзякуючы разьвіцьцю эканомікі, а за кошт таго, што насельніцтва дастала свае запасы ў валюце і траціць гэтыя грошы. Гэтак прыкладна 1,8 мільярда даляраў зьявіліся на рынку. То бок фактычна на гэтую суму насельніцтва зьбяднела.
Так, курс стабілізаваўся, але прычына дрэнная. І пры гэтым паваліўся імпарт, бо прыбыткі зьнізіліся. У бізнэсмэнаў і ў насельніцтва пакупніцкая здольнасьць рэзка ўпала, а праз гэта і валавы прадукт зьнізіўся: летась на 4%, сёлета амаль на 3%. За 2 гады рублёвыя прыбыткі насельніцтва зьнізіліся недзе на 15-20%, і гэта нечакана паспрыяла стабілізацыі на валютным рынку. Людзі скарысталіся валютнымі запасамі, каб плаціць за жытло, за мяса і хлеб. Так, стабілізацыя ёсьць, але яна выкліканая нэгатыўнымі працэсамі ў эканоміцы, тым, што Лукашэнка своечасова не правёў рэформаў.
Што да цяперашніх невялікіх ваганьняў курсу, пра якія вы кажаце, гэта нармальна, гэта адбываецца таму, што курс вызначаецца не адміністрацыйна, а попытам і прапановай. Плюс Нацбанк праводзіць даволі жорсткую грашова-крэдытную палітыку. Праўда, апошнімі тыднямі ён гэтую палітыку аслабіў. Але тут трэба паглядзець на дакладныя зьвесткі, адназначна цяжка ацаніць.
Пра мільярды з панчох
— Патлумачце як былы галоўны банкір краіны, а як гэта ўдаецца: нібыта эканоміка працуе усё горш, а золатавалютныя рэзэрвы павялічваюцца? Ня трацяць прыбыткі на людзей і купляюць золата на чорны дзень?
— Насамрэч гэта проста. Вось я казаў пра амаль 2 мільярды даляраў, якія насельніцтва дастала з панчох і абмяняла на рублі. Дык частку гэтых грошай скупіў Нацбанк і набыў на іх золата. Але гэта робіцца і каб не дапусьціць залішняга ўмацаваньня рубля. Бо ўмацаваньне рубля гэтаксама дрэннае, як і яго аслабленьне. Бо тады пагаршаецца экспарт, прыбытак у валюце ад экспарту падае. Нацбанк тут слушна робіць: калі даляр становіцца таньнейшы, трэба яго прыкупіць, калі даражэе, можна крыху валюты прадаць, каб не было вялікіх скачкоў.
Калі налета ніякіх рэформаў зноў ня будзе — а пакуль яны не плянуюцца — і Нацбанку дадуць каманду аслабіць манэтарную палітыку, дык гэта можа прывесьці да значнай дэвальвацыі і росту інфляцыі.
Гэта ўсё слушна, але я баюся, што калі налета ніякіх рэформаў зноў ня будзе — а пакуль яны не плянуюцца — і Нацбанку дадуць каманду аслабіць манэтарную палітыку, дык гэта можа прывесьці да значнай дэвальвацыі і росту інфляцыі. На жаль, гэтыя пагрозы, гэтыя рызыкі захоўваюцца. Магчыма, апошнія скачкі ўжо паказваюць, што недзе пачалося аслабленьне курсу Нацбанку. Бо Лукашэнка ж загадаў кроў з носу забясьпечыць сярэдні заробак у 500 даляраў. Дык могуць прымусіць надрукаваць грошы і павялічыць заробак, але гэта будзе пустое павелічэньне.
Пэсымістычны прагноз на 2017
— То бок Ваш прагноз на 2017 год пэсымістычны?
— Так, для эканомікі — пэсымістычны. Але разам з тым я ведаю, што эканоміка разьвіваецца цыклічна, і нават пры дрэнным кіраваньні, калі пачнецца цыкль пад’ёму эканомікі ў Расеі, Казахстане, дык і ў нас ён можа пачацца. Недзе ў канцы 2017 году я чакаю магчымага ажыўленьня ў эканоміцы.
— Нядаўна бачыў тэкст лекцыі Германа Грэфа, старшыні праўленьня расейскага Ашчаднага банку, дзе ён прадказвае кардынальныя зьмены ў банкаўскай сфэры, рэвалюцыю ў кіраваньні банкамі, іх працы з кліентамі. А як цяпер выглядае беларуская банкаўская сыстэма? Адстае ад усясьветных трэндаў ці збольшага адпавядае?
— Сказаў бы гэтак: у тэхналёгіі нешта робіцца, але ёсьць праблемы глябальныя. Адна з праблемаў — гэта рост часткі сумнеўнага пагашэньня крэдытаў. Прыладам, МТЗ, МАЗ, Жлобінскі мэталюргічны атрымалі крэдыты, велізарныя сумы, выпусьцілі на іх прадукцыю, але прадаць яе вышэй за сабекошт ня могуць. Таму ня могуць і крэдыты аддаць. Дык вось частка такіх крэдытаў за год стала ўдвая большай, а гэта можа прывесьці да абвалу. Тады ўсё можа «паляцець». Таму я паўтараю: стабільны курс — гэта добра, але пры ўмове, што разумная фінансавая палітыка захаваецца. Рызыка застаецца вялікая, сумнеўных крэдытаў вельмі шмат, яшчэ Пётар Пятровіч (Пракаповіч. — А.Г.) іх навыдаваў. З тых часоў на складах ляжыць шмат непрададзенай прадукцыі. Можа ўрэшце гэтыя трактары, аўтамабілі і станкі прададуць, але тыя грошы абясцэняцца, выручка не пакрые рэальныя страты. Вось у чым праблема!
Яшчэ ў нас ёсьць праблема з гэтым «Банкам разьвіцьця», якім кіруе Сяргей Румас. Бо ён як бы выведзены з банкаўскай сыстэмы, з-пад кантролю Нацбанку, а там даюць некаторым дзяржаўным кампаніям крэдыты па стаўках, ніжэйшых за ўзровень інфляцыі, гэтыя крэдыты абясцэньваюцца. Гэта вельмі дрэнная палітыка.
Звычайна з захапленьнем кажу пра сёньняшнюю палітыку Нацбанку, у шмат якіх пазыцыях ён дзейнічае вельмі пісьменна, дакладна, але ёсьць пазыцыі, дзе значна недапрацоўваюць. Напрыклад, частка крэдытаў даецца не на рынкавай аснове, пад нізкі працэнт, ідзе адвал кошту грашовай масы, а гэта пагаршае сытуацыю ў эканоміцы.
— Нядаўна некалькі спэцыялістаў валютнай управы Нацбанку арыштавалі. Празь некалькі дзён раптам зьнялі кіраўніка Беларусбанку. Што адбываецца: гэта лякальная карупцыя ці сыстэмныя перакосы?
— Хутчэй за ўсё лякальныя праблемы. Вядома, я зусім ня ведаю, што там было ў валютнай управе Нацбанку, але казаць глябальна, дык махляры ёсьць жа ва ўсіх сыстэмах, у банкаўскай таксама яны сустракаюцца. І на Захадзе яны ёсьць, і на Ўсходзе. А пра Беларусбанк памятаю, што там да таго зьнялі намесьніка, начальніка ўправы. Можа з гэтым зьвязаная і адстаўка старшыні? Але ніякая пэўнай інфармацыі ня маю, цяжка камэнтаваць.
— А Вам дастаткова інфармацыі пра банкаўскую сыстэму? Гэта так і трэба, што ўкладнікі даведваюцца аб праблемных рэчах ужо пасьля таго, як зьнялі кіраўніка?
— Што да Нацыянальнага банку, дык ён зрабіў вялікі крок у справе празрыстасьці, інфармаванасьці. На сайце ў іх шмат цікавых зьвестак, але недахоп глыбіннай інфармацыі ўсё ж адчуваецца. Прыкладам, нядаўна даведаўся, што Жлобінскі мэталюргічны камбінат мусіць пагасіць крэдыт амаль у мільярд даляраў, а гэта больш за кошт гэтага заводу. Але ўзьнікае інтарэс: адкуль узяўся гэты крэдыт, у тым ліку што гэта за аўдыты, што за кантроль, калі такія рэчы адбываюцца. І гэта не адзіны прыклад. Мне даводзілася пісаць, што валавы прадукт расьце на 5%, а даўгі на 30-40%. Значыць, у нашай банкаўскай сыстэме справы ідуць вельмі дрэнна, трэба разьбірацца ў прычынах. Шукаць адказы, чаму павялічваюцца рызыкі.
3. Пытаньні Багданкевічу-палітыку: Як ён не баіцца называць дзікунствам заявы Лукашэнкі?
— Вы застаяцеся ганаровым старшынём АГП. А не шкадуеце, што ўвогуле ўвязаліся ў палітыку? Магчыма, больш бы пратрымаліся на пасадзе старшыні Нацбанку, сталі б потым банкірам-прыватнікам?
Як толькі прыйшоў на пасаду старшыні Нацбанку, дык адразу пачаў адмяняць усю гэтую сакрэтнасьць. Ну што гэта за сакрэт, колькі выдадзена крэдытаў? Глупства.
— Не. Не шкадую, што ня стаў банкірам-камэрсантам. Увогуле я не далучаю сябе ані да гаспадарнікаў, ані да банкіраў. Я належу да групы інтэлігентаў, бо і адмысловай літаратуры і мастацкай я ў сваім жыцьці праглынуў вельмі шмат. Па-другое, я пайшоў у палітыку таму, што ўбачыў: тое, што трэба рабіць, у краіне ня робіцца. Я заўсёды быў прыхільнікам дэмакратыі, свабоды інфармацыі, транспарэнтнасьці дзяржаўнага жыцьця, галоснага абмеркаваньня ўсіх праблем. Памятаю, як толькі прыйшоў на пасаду старшыні Нацбанку, дык адразу пачаў адмяняць усю гэтую сакрэтнасьць. Ну што гэта за сакрэт, колькі выдадзена крэдытаў? Глупства. Але ўсё было засакрэчана: колькі золата ў дзяржаўным запасе, колькі валюты. Усё.
Пра білет сябра АГП нумар 1
— А як атрымалася, што Вы з банку пайшлі на пасаду старшыні АГП?
— Калі я ўжо рыхтаваўся сыходзіць з Нацбанку ды ісьці ў палітыку, да мяне прыйшлі Аляксандар Дабравольскі і Васіль Шлындзікаў, кіраўнікі Дэмакратычнай і Грамадзянскай партыяў, і прапанавалі ўзначаліць новую партыю, аб’яднаную, з гэтых дзьвюх партыяў. Такую і назву ёй прыдумалі — Аб’яднаная грамадзянская партыя. Пагадзіўся, і таму ў мяне цяпер у АГП білет нумар 1. Амаль 5 год на гэтай партыйнай пасадзе адпрацаваў, а потым перадаў пасаду Анатолю Лябедзьку.
— Ці ёсьць дасягненьні, якімі Вы ганарыцеся як былы дэпутат і палітык?
— Я ганаруся тым, што ва ўмовах амаль поўнай адсутнасьці дэмакратыі, калі галасы толькі крышачку лічылі, у 1995 годзе наша партыя прайшла ў Вярхоўны Савет і мы стварылі ў ім фракцыю «Грамадзянскае дзеяньне». Ад 17 да 22 чалавек там было ў розныя часы. Я там быў старшынём. Другое, што, ствараючы партыю, хацелася, каб гэта не была нейкая сэкта, а такая партыя, якая працавала б на прынцыпах свабоды. І мне ўдалося прыцягнуць туды шэраг вядомых асобаў. Вось Павал Казлоўскі, былы міністар абароны. Калі б ня я, ён бы не пайшоў у нашу партыю. Яшчэ шмат навукоўцаў, дасьведчаных людзей. Мы аб’ядналіся і нешта рабілі і праз фракцыю, і праз партыю.
Што дасягненьняў мала, дык гэта праўда, іх сапраўды мала. Звычайна на гэта я кажу: які народ, такая і апазыцыя. Які народ, такая і ўлада. Было б больш грамадзянскасьці ў нашых людзей, дык і ў АГП было б больш перамог.
А што дасягненьняў мала, дык гэта праўда, іх сапраўды мала. Звычайна на гэта я кажу: які народ, такая і апазыцыя. Які народ, такая і ўлада. Вось на апошніх выбарах надумалі дапамагчы Анатолю Лябедзьку сабраць подпісы, жонка ўзялася абысьці наш пад’езд. Усе ведаюць мяне, усе кланяюцца, з жонкай таксама ўсе вітаюцца. Ну ўсе дэмакраты. А як паставіць подпісы — які страх у людзей, проста падпісаць паперу баяцца. Гэта дзіва, які ў нас народ! Вось такі ў нас дом па вуліцы Адоеўскага. Некалькі подпісаў сабралі, але ж вельмі паказальна, што людзі сталі гэтак усяго баяцца! Чаго яны баяцца? Я вось не баюся публічна крытыкаваць, даваць ацэнку самому Лукашэнку, а ім страх подпіс паставіць. Вядома, было б больш грамадзянскасьці ў нашых людзей, дык і ў Грамадзянскай партыі было б больш перамог. А то на кухні любяць пагаварыць: «Вы, апазыцыя, чаго ж вы?.. Калі ж вы ўжо?.. Чаму ня тое і тое?..» Можа калі б мы з Нарвэгіі завезьлі апазыцыю, было б інакш, але апазыцыя ў нас такая, як наш народ, таму і маем, што маем.
Пра «дзікунствы» Лукашэнкі
— А сапраўды, чаму гэта Вы не баіцеся крытычна выказвацца пра Лукашэнку? Вось нядаўна, калі ён запатрабаваў ад чыноўнікаў зноў зрабіць 500 даляраў сярэдняга заробку і прапанаваў ім «красьці», каб гэтага дасягнуць, Вы абурыліся і назвалі гэта «дзікунствам». А што Вас гэтак зьдзівіла?
— Ведаеце, я выказваў тое, што думаю, яшчэ пры былой уладзе. У мяне зь юнацтва ёсьць сябар, які часта зьдзіўляўся: «Як ты можаш гэтак на пленумах райкаму выступаць — жорстка, крытычна?» Кажу яму, што вось гэтак казаў заўсёды, і не пасадзілі, а нават змог дасягнуць у сваёй справе вяршыні, стаць старшынём Нацбанку, доктарам навук. А іншы падлізваўся, дык яго нікуды і ня вылучылі.
Гэтыя словы Лукашэнкі — маўляў, «крадзіце», але забясьпечце яму 500 даляраў сярэдняга заробку — ну як такое можа казаць кіраўнік дзяржавы?!
Проста калі ты сам паводзіш сябе сумленна, калі крытыкуеш аргумэнтавана, дык баяцца няма чаго. І вось цяпер гэтыя словы Лукашэнкі — маўляў, «крадзіце», але забясьпечце яму 500 даляраў сярэдняга заробку — ну як такое можа казаць кіраўнік дзяржавы?!
Прычым я б яго падтрымаў, калі б ён сказаў, што мы мяняем мадэль, бо яна састарэлая і дрэнная, мы мяняем урад, які давёў краіну да краху, мы распрацоўваем новую праграму, на нейкі пэрыяд зьніжаем падаткі, каб ажывіць эканоміку. У нас нізкая рэнтабэльнасьць — дык мы ўсталёўваем залежнасьць заробку дырэктара ад узроўню рэнтабэльнасьці і прыбытковасьці, адмаўляемся ад валу, спыняем практыку, пры якой чыноўнік з ураду важнейшы за дырэктара заводу. Ёсьць дырэктар заводу, а ён прызначае намесьніка міністра адказваць за гэты завод. Што гэта?! Дык памяняй дырэктара, калі ён дрэнна кіруе.
Вось калі б гэтак, калі б ён разумную праграму прапанаваў, я б тады падтрымаў Аляксандра Рыгоравіча ў тым, што можна дасягнуць і 500, і 1000 даляраў заробку. Мы не дурнейшыя за палякаў, якія ўжо маюць больш за 1000 даляраў сярэдняга заробку. Ва ўсякім разе, я не лічу сябе ці Лукашэнку дурнейшым за палякаў.
Мусім стварыць цывілізаваную дзяржаву з дэмакратычнымі стандартамі
— На Вашу думку, ці для Беларусі страчаная магчымасьць ісьці ў Эўразьвяз, як цяпер робіць Украіна?
— Мяркую, на гэты момант няма такой рэальнай магчымасьці. На бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Але нам трэба тут у сябе рабіць Эўропу, гэта магчыма. Тут стварыць вяршэнства закону і права, свабоду мэдыя, канкурэнцыю палітычную, эканамічную — ды розную. Рэфармаваць судовую сыстэму, зьмяніць закон аб пракуратуры і гэтак далей. Мы мусім стварыць цывілізаваную дзяржаву з высокімі дэмакратычнымі стандартамі. Гэта для нас галоўнае.
Неабходна захаваць сувэрэнітэт. Я дзеля гэтага калісьці пагадненьне аб рублёвай зоне не падпісваў. Не дзеля таго, каб эўра ўвесьці, а каб захаваць сувэрэнітэт, узьняць эканоміку, ня быць нахлебнікам у Расеі.
І захаваць сувэрэнітэт. Я дзеля гэтага калісьці пагадненьне аб рублёвай зоне не падпісваў. Не дзеля таго, каб эўра ўвесьці, а каб захаваць сувэрэнітэт, узьняць эканоміку, ня быць нахлебнікам у Расеі, а гандляваць з Расеяй, з Украінай, з Прыбалтыкай, Польшчай. Вось наш шлях — быць такой Швэцыяй. У нас насельніцтва прыкладна аднолькава — каля 10 мільёнаў. Не, можна паспрабаваць быць і Швайцарыяй, але гэта больш складана.
У кожным разе неабавязкова кланяцца альбо Маскве, альбо Брусэлю, а спрабаваць наладзіць дачыненьні з усімі. Калісьці я казаў, што не адмаўляўся б і ад «халявы» з Расеі. Калі яна згодная прадаваць нам таньней нафту і газ — вельмі добра, калі ласка. Але праз гэта нельга прывязваць сваю эканоміку толькі да Расеі, бо сёньня гэта авантурысцкая краіна — я пра пуцінскую Расею. Яны ж нас пацягнуць за сабой туды, уніз. Таму трэба мець сувязі з усім цывілізаваным сьветам. І найперш з Эўропай, бо мы насамрэч эўрапейцы.
4. Пытаньні Багданкевічу — беларусу з польскімі каранямі: Ці будзе кіраваць Коля?
— Даўно чуў такую вэрсію, што Вы «схаваны» паляк. Дык гэта праўда?
— Тут унучка зьвярнулася ў архіў па дакумэнты, каб падаваць на карту паляка. Дык ёй далі дакумэнт, што я этнічны паляк, бо нарадзіўся ў Польшчы. Хаця я насамрэч нарадзіўся, вырас і адбыўся як чалавек у роднай Беларусі і лічу сябе беларусам. А гэта яны па лініі дзядулі знайшлі польскія карані. Так, мой бацька скончыў Варшаўскую агранамічную школу да рэвалюцыі, ён быў гаспадаром на хутары, спрабаваў зрабіць там добрую гаспадарку, але нешта ў яго ня вельмі атрымалася. Можа таму нас і ня выслалі потым, як іншых, хто быў багацейшы. А так 20 гектараў было, але карысьці ад іх было мала. Зямлю тую дзед набыў у княгіні нейкай, забыў яе прозьвішча, а мой бацька яшчэ гувэрнэрам у той княгіні быў. Расказваў, што яна дала яму права біць яе непаслухмянага сынка, якога навучаў, лінаркай па далонях. Такое вось было. Потым княгіня разарылася, зьехала, яны ўзялі крэдыт у банку, купілі ў яе зямлі, а там савецкая улада прыйшла і ўсё адабрала.
— Ці ёсьць у Вас хобі? Можа пра што шкадуеце, чым гэтак і не заняліся ў жыцьці?
— Ды якія хобі цяпер? Калісьці ў юнацтве ў мяне было хобі — гэта чытаньне. Перачытаў вялікую колькасьць кніг, у тым ліку ў арыгінале польскія кнігі чытаў, таго ж Генрыка Сянкевіча і шэраг іншых пісьменьнікаў. Гэта адзін час было хобі. А агульнае хобі ад нараджэньня, відаць, гэта любоў да працы. Сказаў бы, што проста не магу без працы. На лецішчы дагэтуль нешта майструю. Сельскую гаспадарку там, калі шчыра, закінуў, а ў гаражы ці ў лазьні ёсьць што яшчэ зрабіць, і гэтым займаюся. Дома складаней, сьпіна стала балець, рухацца цяжка, а на лецішчы ўсё ж нешта раблю.
А, вось яшчэ адно зьявілася хобі — адказваць на пытаньні журналістаў. Яны мяне любяць, не даюць адпачыць. Ужо нічога і не пішу, а толькі адказваю на пытаньні. Некаторыя мне звоняць і кажуць: а вось у вашым артыкуле... Ды не артыкул гэта, а мой адказ на пытаньні праз тэлефон — папраўляю.
Пра мары ў 80 год
— Пра што Вы марыце, што яшчэ плянуеце?
— Мару, каб мой праўнук вырас у добрага грамадзяніна. Сьцяпан яго завуць. Каб малодшы сын Павал магістратуру закончыў, каб у яго на працы ўсё адбылося добра. Ён адзіны з маіх сыноў, які дакладна ідзе маімі сьлядамі. Скончыў спэцыяльнасьць «фінансы і крэдыт», працуе ў банку. Нядаўна ўзялі яго ў «Белгазпрамбанк», быў там на практыцы, і яго там пакінулі. Прычым я вельмі задаволены, што гэта без майго ўдзелу атрымалася. Мог бы і сам яго куды ўладкаваць, з гэтым не праблема, але атрымалася, што ён сам. Там вялікі аддзел, яго ўзялі. Праўда, на месца, якое вызваліла жанчына, бо пайшла ў дэкрэт. Але жанчын там шмат. Кажу яму, старайся, каб яшчэ сыходзілі ў дэкрэт... (Сьмяецца. — А.Г.) З гэтым, кажа, усё добра.
— Паслухайце, Станіслаў Антонавіч, вось Вы крытыкуеце Лукашэнку, а самі, як ён, зьмену сабе рыхтуеце. Ён Колю рыхтуе, вы — Паўла. Дарэчы, а як думаеце, сапраўды, як кажуць людзі, пасьля Аляксандра будзе Мікалай?
— Спачатку пра майго малодшага сына. Не, ён у мяне не такі. Ва ўнівэрсытэце вучыўся на платным, праўда, у магістратуру ўжо ўзялі на бясплатнае. Стараецца. Яшчэ ў мяне ёсьць унучка, Надзея, дык яна з залатым мэдалём закончыла школу, вучыцца ў ЭГУ на бясплатным, бо у яе бал 9,5. Свабодна гаворыць па-ангельску. Яшчэ ёсьць унук, мой поўны цёзка, Станіслаў Антонавіч, ён — як я, яму трэба лепш вучыцца. А што да Колі, ня думаю, што яму давядзецца кіраваць краінай. Пакуль відаць, што юнаку ў пэўным сэнсе складана вучыцца, але хто ведае, можа ён нейкі асаблівы. Толькі ў кожным разе ня думаю, што гэта працягнецца і наступныя 20 гадоў. Я спадзяюся на лепшае.