Увечары 30 сьнежня самалёт Лас-Пальмас — Варшава сеў у аэрапорце Прагі: паведамляецца, што грамадзянін Польшчы, пагражаў падарваць самаробную бомбу.
Пра гэта піша TUT.by са спасылкай на чэскія СМІ.
«У аэрапорце імя Вацлава Гаўла ў Празе ў сувязі з пагрозай выбуху на борце зьдзейсьніў вымушаную пасадку самалёт Boeing 737-800 польскай авіякампаніі Air Enter, што накіроўваўся з Лас-Пальмас у Варшаву», — гаворыцца ў паведамленьні.
Па словах кіраўніка МУС Мілана Хованэца, які тэрмінова прыбыў у аэрапорт, усе 160 пасажыраў былі эвакуяваныя з самалёта. Лайнэр цяпер аглядаюць на наяўнасьць выбуховых прыладаў. Паліцыя пачала расьсьледаваньне інцыдэнту.
Паведамляецца, што падазраваны, грамадзянін Польшчы, пагражаў падарваць самаробную бомбу. У паліцыі ўдакладнілі, што ён затрыманы.