Казларог (Казярог) – Сяргей Тарасаў, археоляг
Мы, Казярогі, як і ўсё папярэдняе жыцьцё, мецьмем рагамі ўпірацца. Справа кожнага — куды. Аднаго барана паводле Крапівы вадзіць будуць, як і раней, «у чарадзе». Другі, як горды-горны, сваімі парнымі капытамі зачэпіцца за кожны найменшы каменьчык, абы тое было на высокай гары. Там яго і не ўпалюеш, ды адтуль і бачыцца вялікае на адлегласьці.
Казярога ўпаляваць неверагодна цяжка. Але калі пераможца паспрабуе насаладзіцца віном зь ягонага натруджанага рога, то тут Казярог яму адпомсьціць. Наймацнейшыя і найпрыгажэйшыя рогі муфлёна (найлепшага з Казярогаў) — сьмяртэльная пастка для забойцы! Калі ня ведаеш, як піць, падкручваючы рог, то захлынесься на трэцім каўтку!
Кітайскі, а калі быць навукова дакладным, мангольскі Певень па-сапраўднаму прыйдзе яшчэ ня хутка. Аднак тое, што мы пачалі гады лічыць жывёламі, — пераканаўчае сьведчаньне нашага жыцьця на скотніку. Каб адчуць сябе быдлам, дастаткова і 12 асобінаў рознага віду. Фарбуй іх, дадавай прыродных стыхіяў, лічы па двая-трая ў 60-гадовых цыклях, усё адно застанесься на скотніку.
Але ніколі і ніводнага разу аніводны Казярог не губляў сваіх рагоў. У адрозьненьне ад ласёў. Мы — бычынай пароды. Цягнем-цягнем ярмо... а за любую дзеўку — з наскоку і ў рожкі. Калі Казярог і гіне, то толькі ад струсу мазгоў, якімі праз рожкі б’ецца ў варожую сьцяну. Нават калі і не перамог з наскоку, сьцяна ўжо ніколі ня будзе па-ранейшаму трывалаю. Цягам часу абрынецца.
Хай гэтыя фанабэрыстыя фарбаваныя Пеўні сваімі трыма бульвоннымі пальцамі на лапах раскідваюць у птушніках гной, жадаючы спадабацца абыякаваму курынаму гарэму. Тыя дурніцы ня ведаюць, што варта ім заквахтаць два дні, як на трэці яны ўжо будуць у супе.
А цягам часу прыйдзе і пеўневы лёс, калі падсадзяць маладога з вострымі шпорамі амбіцыйнага крыкуна з зашкальнымі гармонамі да ўлады і дзевак. І тады старэчая тушка, правараная гадзінамі ў катле, але жорсткая сваімі цягліцамі, будзе з лаянкаю калупацца паміж зубоў як старых, так і новых гаспадароў.
Казярогі! Любы год для нас — год яднаньня. Сярод іншага быдла нашая моц — у супрацы. Мы ніколі не жылі па адным. У нас заўсёды былі фарэйтары, вартаўнікі, маткі, адказныя за дзяцей. Дарэчы, дáмы, як у зуброў, таксама бываюць правадырамі. Варта прыслухоўвацца!
Хай манголы з кітайцамі, «прасьці Госпадзі!», у птушніку жывуць. Наш Казярогавы астралягічны прагноз — праца і праца. Працуйма, выдавайма кнігі, вучым моладзь, дзелімся ведамі і досьведам, спакойна (што характэрна для нас) пераконваем і спрачаемся па неабходнасьці.
Казярогі! Шукайце Ільвоў, Блізьнятаў, ня грэбуйце Скарпіёнамі (спатрэбяцца), не забывайце, што за намі сьледам паміж зор ляцяць Вадалівы (натоляць і па вадзе навучаць хадзіць), падвозьце на сьпінах Стральцоў (гэтыя могуць трапна і на скаку пацэліць), і, вядома, не абмінайце Дзеваў (куды ж мы бязь іх?)!