Шалі - Максім Клімковіч, драматург
Ёсьць цудоўная старая показка. Злавілі немцы двух партызанаў. Паставілі іх да сьцяны. Покуль расстрэльная каманда шыхтуецца, адзін партызан пытаецца ў свайго баявога таварыша:
— Пятро, а які сёньня дзень?
— Панядзелак, — зьнізвае сьмертнік плячыма. — А што?
— Някепска для нас з табой тыдзень пачынаецца.
Вось і я, як ураўнаважаны прадказальнік з-пад знаку Шаляў, заклікаю беларусаў не паміраць раней за расстрэл, бо такія настроі ў грамадзтве ўжо адчуваюцца. Маўляў, вось толькі яшчэ Каляды адсьвяткуем, а там і Расея нас акупуе, і эканоміка лясьнецца, і чарговы рэфэрэндум абвесьцяць.
Аптымістамі трэба быць. Новы год усё ж такі наперадзе, значыцца, усё для беларусаў толькі пачынаецца. І новая трасца, і новая інфляцыя, і новыя хваробы. Вось толькі кіраваць краінай будзе той самы — ранейшы. Тут і на зоркі глядзець ня варта. Нават калі прымудрымся неяк яго замяніць на самага адзінага ў дэмакратычнай вышыванцы, ад гэтага ані пальмы ў нас ня вырастуць, ані цёплага мора ня зьявіцца, і нават халоднага, а жыць усё адно давядзецца па сродках.
Нобэлеўская прэмія нікому зь беларусаў налета ня сьвеціць і нават ня грэе — выбралі свой ліміт са Сьвятланай Алексіевіч гадоў на дзесяць наперад.
Затое ёсьць і аптымістычны прагноз на прэмію міжнароднага ўзроўню. Спадарыню Ніну Багінскую нарэшце ўключаць у «Кнігу рэкордаў Гінэса». Абсалютна дакладна, што ў такім выпадку першым з узнагародай яе павіншуе судовы выканаўца. А потым наведаецца падатковы інспэктар, каб абкласьці падаткам суму сплочаных штрафаў, якія, як падазраю, паводле нашай дзяржаўнай лёгікі лічацца прыбыткам.
Для тых, хто ў літаратурнай тэме, даю стоадсоткавай верагоднасьці прагноз, што другое месца прэміі імя Ежы Гедройця, калі яе не забяруць назад палякі, зноў дастанецца Альгерду Бахарэвічу, як і прывязаная да яго паездка на Готлянд. Так што неўзабаве давядзецца яму пісаць аўтабіяграфічны раман кшталту «Рабінзона Круза» пра жыцьцё на высьпе ў моры.
Нічога добрага прадказваць ня буду. Здарыцца дык здарыцца. Магу толькі даць параду — не рыхтавацца да «чорных дзён». Бо як толькі пачынаеш да іх рыхтавацца, яны адразу і настаюць.