Гараскоп Свабоды: Пісьменьнік Уладзімер Арлоў піша пра надзеі і прагнозы на 2017 год

Уладзімер Арлоў

Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на наступны год.

Дзяўчына (Дзева, Панна) – Уладзімер Арлоў, пісьменьнік

Мне чацьверты год. Глябальнага пацяпленьня ў Божых праектах і не начавала. Пад палазкамі санак рыпіць зіхотка-блакітны вечаровы сьнег. Мароз шчыпле шчокі, залазіць у штонікі і казыча больш далікатныя месцы. Сумёты паабапал сьцежкі здаюцца такімі самымі высокімі, як тата. Мы ідзём да навагодняй полацкай яліны на плошчы, дзе казачнай дэкарацыяй яшчэ стаіць асьнежаны сабор сьвятога Стэфана.

Вакол яліны скачуць намаляваныя вавёркі, зайчыкі, лісіцы, тупае мядзьведзь, выглядае з-за пня нястрашны воўк…З навагодніх “дзяўчатак” мне найбольш падабаецца вунь тая лісічка, падобная да залаціста-рыжай Волечкі, зь якой мы сьпім на суседніх дзятсадаўскіх ложках. З “хлопчыкаў” зачароўвае загадкавае, незнаёмае з дзіцячых малюнкаў ды вершыкаў і нейкае самотнае (хоць такога слова я ня ведаю) зьвераня з чорнымі палоскамі на лобе, якое сумна і нясьмела глядзіць на лісічку. Гэта барсук, тлумачыць тата. Я ў захапленьні: сьвет пабагацеў на цэлага барсука!

Дома стаіць ялінка з шклянымі серабрыстымі ледзяшамі і пафарбаваным ватным бусьлікам. Мама нясе на стол вялікую зялёную бутэльку шампанскага, тата – меншую пляшку, якую чамусьці называе акавітай. Мая мэта – сустрэць з бацькамі Новы год! Я некалькі разоў гучна абвяшчаю, што ня буду спаць, і празь пяць хвілінаў, ведама ж, засынаю.

Неспасьцігальнае таемства прыходу Новага, 1957 году адбываецца безь мяне. Але навагодняя ноч не прамінае марна. Мне сьняцца лісічка і барсук. Яны ўжо раззнаёміліся, пасябравалі і ўпрыгожваюць ялінку. Магчыма, барсука завуць Вовам.

Ад таго часу вобразы лісіцы і барсука трывала ўваходзяць у маю сьвядомасьць і пачынаюць уплываць на творчы шлях. Яшчэ мацнейшым гэты ўплыў робіцца ў пятай клясе, калі я чытаю ў Артура Конана Дойла пра апусьцелы дом, які ператварыўся ў лагво гэтых самых сакральных зьвяроў, а таму там могуць зьяўляцца дзіўныя пярэваратні і здані.

Прадказваю самому сабе, што не засну да Новага, 2017 году. А ў навагоднюю ноч – пачну новае апавяданьне пра лісіц і барсукоў. І ўрэшце выдам пра іх у новым годзе цэлую кніжку.

Прадказваю, што беларускія Дзевы ў Новым годзе ня будуць цурацца беларускіх кніжак. У прыватнасьці, кніжкі пра лісіц і барсукоў, якая будзе называцца “Танцы над горадам”. А тыя, каму не спадабаецца фаўна маіх сноў, абавязкова прачытаюць кнігу “Айчына”, якая даўно ўжо сьніцца ня толькі мне, лісіцам і барсукам, але і ўсім нацыянальна арыентаваным зьвярам і птушкам айчынных лясоў.

Не прасьпіце!