Гараскоп Свабоды: Мастак Алесь Пушкін піша пра надзеі і прагнозы на 2017 год

Алесь Пушкін

Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на наступны год.

Леў – Алесь Пушкін, мастак

Кожны творчы чалавек, як правіла, эгацэнтрычны: любіць не мастацтва ў сабе, а сябе, любімага, у мастацтве... Хоць на словах і ў творах заўсёды падкрэсьлівае менавіта служэньне музам, Радзіме, народу, зямельцы, роднай вёсачцы ці любімай сталіцы Менску... І, дзелячыся ўласнымі творчымі плянамі і пажаданьнямі на будучыню, заўсёды мяркуе: каб вось даў Бог здароўя і гэта, і тое напісаць, сыграць, паставіць, выканаць, прасьпяваць, і такім чынам — паўней і ярчэй гэтую любоў і дабрыню выпукліць, каб ужо ніякіх сумневаў ні ў кога не выклікала ягоная адданасьць і служэньне Ацечаству й народу...

Ня буду й я хавацца за прыгожыя словы, мары і спадзевы, шчыра прызнаюся ў гардыні ды сам сабе пажадаю ў наступным творчым 2017 годзе, каб мае творчыя пляны як пэрформэра ня зьдзейсьніліся, каб пэрформансы мае былі непатрэбныя!!!

Бо рэакцыя мая мастацкая ў форме пэрформансу спыненьня варожага цягніка МОСКВА-КАЛИНИНГРАД, які праходзіць праз нашу станцыю Бобр штодня а 12:30 і да якога, я мяркую, будуць дачэпленыя яшчэ колькі вагонаў зь «вежливыми зелёными человечками» зь ліку замоўленых Міністэрствам абароны Расейскай Фэдэрацыі на 2017 год больш як 4000 вагонаў для супольных зь беларускай арміяй «манэўраў», будзе дужа адмоўна і са сьлязьмі ўспрынятая Марылькай, Міколкам і жоначкай, якія штопятніцы чакаюць тату і мужа з працы па напісаньні алейнымі фарбамі на палатне добрых сівавалосых біблейскіх старцаў, сьвятых барадатых апосталаў, пакаянных грэшнікаў, сьмірэнных і праведных дзявіц і жанок, якія з Любоўю і Верай узіраюцца на Таго, хто нам усім прынёс гэтыя словы: БОГ ЁСЬЦЬ ЛЮБОЎ і ДЫ НЕ ПАЖАДАЙ БЛІЗКАМУ ТАГО, ЧАГО САБЕ НЕ ЖАДАЕШ...