Гараскоп Свабоды: Паэт Віталь Рыжкоў піша пра надзеі і прагнозы на 2017 год

Віталь Рыжкоў

Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на наступны год.

Бык (Цялец) – Віталь Рыжкоў, паэт

Зь дзяцінства скептычна ставіўся да гараскопаў. Што хаваць, скепсіс захаваўся дасюль. І ня толькі да гараскопаў — да ўсіх псыхалягічна-эзатэрычных клясыфікацыяў людзей. І пакуль мае знаёмыя вучыліся разьбірацца ў людзях агулам праз тыпалягізацыю і раскладаньне іх па паліцах, мой унутраны гуманізм пакідаў у кожным чалавеку яго самога.

І я не для таго гэта кажу, каб хтосьці, можа быць, сказаў, які я малайчына, а каб прызнацца, што, відаць, так і не навучыўся разьбірацца ані ў людзях агулам, ані ў кімсьці канкрэтным, праз што час ад часу атрымліваю ад жыцьця балючых кухталёў. Таму я ўсё ж узяў ды пачытаў пра асноўныя рысы характару свайго знаку — Быка (Цяльца).

І мне падумалася, што ўся Беларусь нарадзілася пад маім знакам. Ня ведаю, ці заўважылі гэта да мяне, хутчэй за ўсё такое адкрыцьцё ўжо зробленае. Я нават цьмяна прыгадваю, што недзе я пра гэта чуў. Але вось жа глядзіце.

Быкі паводле апісаньня — цярплівыя, спакойныя, у чымсьці пасіўныя. Тут просіцца гэтае гадкае слоўца «памяркоўнасьць», праўда?
Мы ня дужа адкрытыя, хіба з блізкімі. Тут усё відавочна.

Мы трываем, але павольна і ўпэўнена рухаемся да сваёй мэты. Дарэчы, якая ў Беларусі канчатковая мэта? Тут трэба падумаць. Але ключавы момант тут — сам рух. Нават Ігнат Абдзіраловіч у клясычным эсэі «Адвечным шляхам» апісваў, як нацыя ўвесь час кудысьці цячэ і прымае форму таго, ў чым знаходзіцца, зусім як вада.

Нават сам контур Рэспублікі Беларусі нам са школы прапаноўваецца асацыяваць з зубром, быком. Спадзяюся, у яго і ператварыўся мітычны бог неба, грому і маланак, каб выкрасьці Эўропу ды зрабіць яе сваёй жонкай. Ну а чаму б і не?

А яшчэ астролягі пішуць, што Быкі дужа рэдка губляюць раўнавагу, але калі разьюшыць іх — тады ўсё, хавайся ў бульбу. Гнеў і шаленства будуць бязьмежныя, захаваць спакой мы будзем ня ў сілах. Заўважаў і за сабой такое. Што ж зробіцца апошняй кропляй для ўсяе Беларусі?

2017 год Быкам абяцаюць плённым, толькі трэба хутка прымаць рашэньні і працаваць. Што зможам выправіць свае памылкі. Раяць ня ўлазіць у спрэчкі. Кажуць, можна зьмяніць прычоску і стыль адзеньня. Ну, дзякуй, што дазволілі. А вось наконт фінансавага становішча, нягледзячы на руплівую працу, дык пэрспэктывы ня дужа вясёлыя, таму трэба эканоміць, асабліва першыя паўгода. І са стасункамі будзе ня надта добра, кажуць, і са здароўем. Ну, а калі было інакш?

Карацей, рухаемся далей. Трэба і наступны год неяк перажыць ды аднавіць сілы да наступнага высакоснага.