Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў і Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША апублікавалі даклад аб кібератаках падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
Па дадзеных ведамстваў, да нападаў датычныя расейскія спэцслужбы. Згодна з дакумэнтам, хакеры зьдзяйсьнялі напады на абʼекты інфраструктуры, урадавыя і адукацыйныя ўстановы з мэтай крадзяжу дадзеных.
У дакладзе ўзгадваецца ўзлом сэрвэраў неназванай амэрыканскай партыі летам 2015 і вясной 2016-га дзьвума расейскімі хакерскімі групамі.
Падчас перадвыбарнай кампаніі ў штабе Дэмакратычнай партыі неаднаразова заяўлялі, што яе сэрвэры былі ўзламаныя расейскімі хакерамі ў інтарэсах Крамля. 15 сьнежня тэлеканал NBC News са спасылкай на неназваныя крыніцы паведаміў аб «асабістым» ўмяшаньні Пуціна ў выбары ў ЗША. У Расеі гэтыя абвінавачваньні назвалі неабгрунтаванымі.