Юркойцеў суд. Людзі на балоце

Алесь Юркойць

Пакуль у працэсе ашмянскіх мытнікаў тыя, што на волі, спраўляюць Каляды і Новы год, а тыя, хто заявіў, што хабару ня браў, трацяць сваё жыцьцё ў турме, я разважаю пра прыроду мытных працэсаў на постсавецкай прасторы.

Пачатак ТУТ

Як не згадаць, што мытнік у Беларусі – гэта такая расьліна, якая навуковай мовай называецца Pedicularis palustris, мытнік балотны. Шматгадовая травяністая паўпаразытарная расьліна. Нэгатыўная канатацыя адразу прыводзіць на памяць выпадкі, калі на мяжы нехта ў пагонах корпаецца ў тваіх асабістых рэчах. Ёсьць і пазытыўная канатацыя. Мытнік спыняе кроў, карысны пры ліхаманцы і ўкусах зьмей. «Многія прадстаўнікі беларускай моладзі хацелі б прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню роднай краіне, стаць яе абаронцамі. Сярод прафэсій, што авеяныя героікай і рамантыкай, вылучаецца мытная служба».

Алесь Юркойць ніколі не казаў ні пра героіку, ні пра рамантыку на мытні. Для яго гэта была ў пэўным сэнсе вымушаная служба, бо знайсьці працу з прыстойным заробкам на раёне ня проста. Зьбіраўся даслужыць свае 20 гадоў і сыходзіць куды ў іншае месца. Зусім крыху яму заставалася. Не далі.

Затое расказваў ён пра бюракратыю на мытні, за зьмену трэба было запаўняць ажно восем журналаў, зьдзіўляўся гэтай непатрэбшчыне. А там, дзе бюракратыя, там і ўзьнікае карупцыя.

Карупцыйныя справы – звычайная практыка для постсавецкіх мытняў. Як кажуць расейскія экспэрты, «Мытня – гэта перасячэньне інтарэсаў некалькіх сілавых структур і адзін з пунктаў патэнцыйных канфліктаў па лініі ФСБ, МУС і ФМС». Скажам, гучная справа «Трох кітоў», якая пачалася ў Расеі ў 2000 годзе, закранула акрамя мытні «практычна ўсе сілавыя структуры і суды». Суд тут выступае не самастойнай уладай і дбае не пра трыюмф справядлівасьці, ён – адзін з інтарасантаў. Безумоўнае правіла постсавецкага суду: лепш пасадзіць невінаватага, чым праміргаць вінаватага. Пры гэтым доказная база асабліва і не разглядаецца. Дзейнічае татальная прэзумпцыя вінаватасьці. Навошта гэта і чаму так, я ня ведаю. Але так ёсьць.

Гучныя працэсы адбыліся ня толькі ў Расеі ці Казахстане, шмат іх было і ў Беларусі і ўсе яны мелі мутную гісторыю і жорсткія прысуды.

Адбыўся падобны працэс і ў Літве – над мытнікамі пункту Меднікі – гэта там, дзе з нашага боку – Каменны Лог, на якім і пабралі ашмянскіх інспэктараў. На літоўскім баку ў 2012 годзе арыштавалі 29 мытнікаў. Праўда, займаўся гэтым сам Мытны дэпартамэнт і хабары былі ў дзесяць разоў меншыя, чым інкрымінуецца нашым – 7-15 даляраў з фуры і ў руку, а ня так, як прыпісваюць нашым – праз свайго ж начальніка, якому даваў фірмач. Літоўскія палітыкі ўхвальна называлі той працэс здольнасьцю мытні да самаачышчэньня. На ўсіх пунктах пропуску павесілі афішкі «Стоп карупцыя!» з нумарам тэлефона.

Цікава, што ўсе літоўскія мытнікі, прызнаныя судамі вінаватымі ў хабарніцтве, атрымалі штрафы, восем дасудовых расьсьледаваньняў было спынена, адзін мытнік цалкам апраўданы судом.

Былы мытнік Аляксандар, які адседзеў за групавую справу на Берасьцейскай мытні, камэнтуе ў інтэрвію Белгазэце цяперашні працэс ашмянскіх мытнікаў. Ягоныя думкі цалкам сугучныя з маімі:

«У маім разуменьні ўсё гэта паўтараецца менавіта таму, што нічога не зьмянілася за 15 гадоў ні ў мытні, ні ў судзе. Мытня зь лёгкасьцю «зьлівае» сваіх супрацоўнікаў, да канца не разабраўшыся, хто вінаваты, а хто не. Задумайцеся! 51 супрацоўнік пад судом толькі ў адной крымінальнай справе! Гэта людзі, якія адвучыліся, неаднаразова прайшлі атэстацыю, маюць воінскія званьні, велізарны досьвед працы. І ўсе яны карупцыянэры? Я не магу ў гэта паверыць! Калі гэта праўда, то некаторыя вышэйшыя начальнікі павінны былі ад такой ганьбы застрэліцца! Але ўсе жывыя. Чаму ні ў адной краіне сьвету няма такіх масавых пасадак у мытні, як у нас? Якую мытную справу ні вазьмі – дык цэлы пост абвінавачаных! Чаму толькі ў Беларусі ўжо 15 гадоў мэтанакіравана ствараецца нэгатыўны вобраз мытніка-хабарніка? Адказ неяк сам сабой напрошваецца: таму што ўсе людзі ў нас прадажныя і беспрынцыповыя. Але гэта ж ня так!»

Рэальнасьць цяперашняй справы ашмянскіх мытнікаў Аляксандар зьвязвае з уцягнутасьцю суду ў абвінаваўчы працэс. Задача – не пакараць вінаватых і вызваліць невінаватых, а пакараць усіх:

«Беларускі суд – гэта каток, які едзе толькі ў адзін бок. Едзе ён павольна, але ні на сэкунду не спыняецца, перамолваючы людзкія жыцьці і лёсы. Нават калі потым і зьяўляюцца доказы невінаватасьці, вельмі рэдка судовы каток дае зваротны ход, паколькі апраўдаць кагосьці – значыць прызнаць сваю памылку і прафнепрыдатнасьць. Упэўнены, што прысуд у гэтай справе ў чарнавым варыянце ўжо напісаны, тэрміны вызначаць у канцы слуханьняў, зыходзячы з паказаньняў абвінавачаных. Хто павініцца – атрымае менш, хто не – атрымае верхнюю мяжу, прычым абсалютна ўсё роўна, вінаваты ён ці не. Нягледзячы на адсутнасьць шкоды, кожны з абвінавачаных атрымае яшчэ і грамадзянскі пазоў на велізарную суму і ўсё астатняе жыцьцё будзе рабом з таўром «хабарніка». З-за пастаянных наездаў судовых выканаўцаў будуць распадацца сем'і, пакутаваць дзеці. Хацелася б верыць, што гэтага не адбудзецца, але рэальнасьць даказвае адваротнае».

Уцягнутасьць суду ў абвінаваўчы працэс для Алеся Юркойця нясе падвойную пагрозу, бо ён сам уцягнуты ў гэтую справу «па лініі КДБ». І каб узнавіць справядлівасьць у дачыненьні да яго, патрэбнае ўмяшаньне нейкай трэцяй сілы, вышняй улады, бо на адэкватнасьць суду спадзявацца не выпадае.

Пэсымістычны прагноз умацоўваецца тым, што суд не бярэ пад увагу асобу абвінавачанага, а галоўнае – практычна не займаецца даказваньнем віны, бо нічога пераканаўчага ў дачыненьні да Юркойця мы так і не пачулі. А гэта значыць, што суд – як яшчэ адна бюракратычная машына – сам зьяўляецца часткай карупцыйнай схемы, распрацаванай у КДБ. Суду важна паказаць, што была арганізаваная злачынная група, у якую татальна ўваходзілі ўсе. Што да канкрэтных асобаў, дык «калектыўная адказнасьць» нібыта робіць і іх вінаватымі, ня важна, што яны хабару ня бралі.

Хацелася б, вядома, памыляцца, і верыць, што пэрсанальная віна кожнага, калі яна ёсьць, будзе даказаная, а калі няма – невінаватыя выйдуць на волю. Але пакуль як ёсьць, так ёсьць.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.