Кэры: мір паміж Ізраілем і палестынцамі пад пагрозай зрыву

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што дзьве дзяржавы — адзіны шлях да вырашэньня канфлікту паміж Ізраілем і палестынцамі. Выступаючы ў Дзяржаўным дэпартамэнце, ён перасьцярог, што гэтае вырашэньне знаходзіцца пад пагрозай зрыву.

Паводле Кэры, і Палестынская аўтаномія, і Ізраіль адказныя за сытуацыю, якая склалася. Кэры адзначыў, што палітыка Ізраіля ў справе засяленьня палестынскіх тэрыторый не зьяўляецца выйгрышнай. Гаворка можа ісьці толькі пра дзьве дзяржавы, падкрэсьліў дзяржсакратар. Пры гэтым Кэры запэўніў, што цяперашняя адміністрацыя ЗША застаецца «вялікім сябрам Ізраіля».

Раней у сераду абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не дазволіць непаважліва кантактаваць з Ізраілем. Ён заклікаў Ізраіль «датрываць» да яго інаўгурацыі, прызначанай на 20 студзеня 2017 году. Паводле Трампа, ЗША заўсёды былі «выдатным сябрам» для Ізраіля, але сытуацыя зьмянілася пасьля заключэньня ядзернай угоды з Іранам, якую крытыкавалі ў Тэль-Авіве.

23 сьнежня Рада бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю з патрабаваньнем да Ізраіля спыніць пашырэньне габрэйскіх паселішчаў на палестынскіх тэрыторыях. За дакумэнт прагаласавалі 14 краін — членаў Рады, ЗША ўстрымаліся. Вашынгтон упершыню за доўгія гады ня стаў блякаваць антыізраільскі дакумэнт. Прэмʼер-міністар Ізраіля Бэньямін Нетаньяху тады рэзка выказаўся на адрас адміністрацыі ЗША, абвінаваціўшы яе ў таемнай змове з палестынцамі.