Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не дазволіць непаважліва ставіцца да Ізраілю. У сваім твітэры Трамп заклікаў Ізраіль «датрываць» да яго інаўгурацыі, прызначанай на 20 студзеня 2017 году.
Паводле словаў Трампа, ЗША заўсёды былі «выдатным сябрам» для Ізраілю, але сытуацыя зьмянілася пасьля заключэньня ядзернай угоды з Іранам, якую крытыкавалі ў Тэль-Авіве. Сёлета 16 студзеня былі адменены санкцыі, якія ўводзіліся ў апошнія гады ў сувязі з падазрэньнямі ў імкненьні Тэгерана распрацаваць ядзерную зброю.
23 сьнежня Рада бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю з патрабаваньнем да Ізраілю спыніць пашырэньне габрэйскіх паселішчаў на палестынскіх тэрыторыях. За дакумэнт прагаласавалі 14 з 15 краінаў-чальцоў Рады, ЗША ўстрымаліся. Такім чынам Вашынгтон ўпершыню за доўгія гады ня стаў блякаваць антыізраільскі дакумэнт. Кіраўнік Ізраілю Біньямін Нэтаньягу рэзка выказаўся ў адрас адміністрацыі ЗША, абвінаваціўшы яе ў таемнай змове з палестынцамі.