2016: Эпітафія

Дэйвід Боўі ў 1975

Сёлета адышлі з нашага сьвету некалькі музыкантаў, якія пакінулі вельмі выразны сьлед у гісторыі поп- і рок музыкі. Давайце ў падсумаваньне году ў «Музыкалцы» прыгадаем гэтыя імёны.

10 студзеня прайграў змаганьне з ракам Дэйвід Боўі (нар. 1947), брытанскі сьпявак, кампазытар і актор. Боўі дэбютаваў у другой палове 1960-х, у эпоху «The Beatles» і «The Rolling Stones». Адна зь ягоных песьняў з таго пэрыяду — «Space Oddity» (1969) — трывала ўвайшла ў скарбонку найлепшых дасягненьняў рок-музыкі. У першай палове 1970-х Боўі быў бадай самым галоўным прадстаўніком гэтак званага глэм-року, які ў музычных адносінах быў даволі разнастайны, але беспамылкова распазнаваўся па яскравых тэатральных строях, вычурным макіяжы і «андрагінных» выглядзе і паводзінах музыкаў. (Як застаўку да гэтага тэксту я скарыстаў фота Дэйвіда Боўі з 1975 году, калі ён выступаў на сцэне ў вобразе «змарнелага белага герцага» — the thin white duke). Музычная кар’ера Боўі трывала пяць дзесяцігодзьдзяў, і ўвесь гэты час ён быў «на топе» — як хамэлеон, зьмяняў свой сцэнічны вобраз і музычны стыль, каб здабываць штораз навейшыя пакаленьні прыхільнікаў. Пры жыцьці Боўі прадаліся каля 140 мільёнаў ягоных музычных дыскаў.

David Bowie — Space Oddity

21 красавіка памёр Прынс (нар. 1958), амэрыканскі сьпявак і кампазытар, мультыінструмэнталіст і музычны прадусар. Лекары выявілі перадазіроўку фэнтатылу, магутнага леку для абязбольваньня. Прынс выдаў каля сарака студыйных альбомаў з даволі разнастайнай музыкай, якая адлюстроўвала яго эклектычныя музычныя зацікаўленьні: поп, фанк, рытм-н-блюз, рок. Прызнаюся адкрыта: музычная кар’ера Прынса «прайшла міма мяне». Ён быў для мяне «занадта амэрыканскі», каб зачапіць вуха на даўжэй. Як музычную ілюстрацыю я выбраў кампазыцыю «Purple Rain» з аднайменнага альбому Прынса з 1984 году, які паслужыў як саўндтрэк для аднайменнага фільму. Альбом у Амэрыцы аказаўся незвычайна папулярным — прадалося больш за 20 мільёнаў асобнікаў.

Prince — Purple Rain

7 лістапада памёр Леанард Коэн (нар. 1934), канадзкі сьпявак і кампазытар, паэт і празаік. Кажуць, Коэн стаў сьпяваць свае тэксты пад гітару, калі зразумеў, што не даб’ецца такога посьпеху, якога яму хацелася, як пісьменьнік. І добра зрабіў. Бо сёньня Леанард Коэн — несумненны клясык аўтарскай песьні сусьветнага маштабу, як, скажам, Жак Брэль або Боб Дылан. Тут прыгадваем ягоную песьню «Dance Me to the End of Love» з 1985 году, падкладзеную пад сцэну зь вядомага фільму «Пах жанчыны» з 1992 году.

Leonard Cohen — Dance Me to the End of Love

7 сьнежня памёр Грэг Лэйк (нар. 1947), адзін з маіх найбольш улюбёных рок-вакалістаў, выканаўца незабыўнай песьні «Эпітафія» з 1969 году. Пасьля запісу клясычнага альбому «In the Court of the Crimson King» з гуртом «King Crimson», Грэг Лэйк далучыўся да клавішніка Кіта Эмэрсана і бубнача Карла Палмэра, стварыўшы такім чынам адзін з найлепшых гуртоў сымфанічнага року 1970-х — «Emerson, Lake & Palmer». Адзін з найлепшых запісаў гурту на раньнім этапе сваёй дзейнасьці — бравурная рок-апрацоўка «Карцінак з выставы», сюіты п’есаў для фартэпіяна расейскага кампазытара Мадэста Мусаргскага. Жывы альбом «Pictures at an Exhibition» з 1971-га году — гэта сёньня клясыка прагрэсіўнага року. Як ілюстрацыя — фрагмэнт аднаго з канцэртаў «Emerson, Lake & Palmer», на якім яны прэзэнтавалі «Карцінкі з выставы».

Greg Lake — Pictures at an Exhibition

25 сьнежня памёр брытанскі сьпявак Джордж Майкл (нар. 1963), адзін з камэрцыйна найбольш пасьпяховых поп-музыкаў сучаснасьці. Сусьветную вядомасьць здабыў сабе ў незвычайна папулярным дуэце «Wham» з Эндру Рыджлі. У 1987 годзе Майкл вырашыў пераехаць у ЗША і пачаць сольную кар’еру, якая аказалася яшчэ больш пасьпяховай. Як музычную ілюстрацыю прапаную песеньку «Careless Whisper» з 1984 году — музычную пэрліну, якая была запісаная фармальна як песьня «Wham», але сёньня асацыюецца амаль выключна з Джорджам Майклам.

George Michael — Careless Whisper


26 сьнежня ў катастрофе расейскага самалёта Ту-154 над Чорным морам каля Сочы загінулі 64 удзельнікі Ансамблю імя Аляксандрава (амаль увесь хор ды частка музыкантаў і балету).

Так склалася ў маім жыцьці, што кружэлка з запісам хору Аляксандрава была першым музычным дыскам, які зьявіўся ў нашай хаце на падляскім хутары. У 1970 годзе нам нарэшце давялі электрычнасьць, і бацька адразу пасьля гэтай калясальнай цывілізацыйнай перамены купіў у Бельску радыё з грамафонам (радыёлу), а разам зь ім і кружэлку, каб выпрабаваць той грамафон. Кружэлка аказалася невялікай анталёгіяй песьняў савецкага кампазытара Васілія Салаўёва-Сядога ў выкананьні Ансамблю імя Аляксандрава: «Подмосковные вечера», «Соловьи», «Вечер на рейде», «Солдаты в путь!», «Споёмте, друзья, ведь завтра в поход» і яшчэ некалькі іншых. Пра што сьпявалі — я ў сваім 12-гадовым узросьце ня надта цяміў, бо ў тэкстах было шмат незразумелых словаў, і нават мае бацькі, якія хадзілі ў савецкую школу ў 1940-41 гг., ня ведалі, як мне іх растлумачыць. Але само выкананьне было кляснае — калі ўжо ў гэтым стагодзьдзі я стаў мэляманам опэры, я раптам зразумеў, што ў салістаў хору імя Аляксандрава, якіх я слухаў на пачатку 1970-х, былі опэрныя галасы.

Хор Аляксандрава — Вечер на рейде