У Брытаніі ва ўзросьце 87 гадоў памёр Джэк Каган, адзін з апошніх вядомых удзельнікаў габрэйскага партызанскага атраду Тувіі Бельскага, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі ў часы Другой сусьветнай вайны. Пра сьмерць Кагана паведаміла брытанскае габрэйскае выданьне Jewish News.
Каган нарадзіўся ў 1929 годзе і гадаваўся ў Наваградку. Падчас нацысцкай акупацыі, у 1943 хлопчык здолеў уцячы з Наваградзкага гета і далучыўся да партызанскага атраду Бельскага, які базаваўся ў Налібоцкай пушчы.
Гісторыя братоў Бельскіх і гэтага атраду паслужыла матэрыялам для сцэнару галівудзкага фільму «Defiance» (што можна перакласьці як «Супраціў» альбо «Выклік»). Галоўную ролю камандзіра атраду, Тувіі Бельскага, у фільме граў Дэніэл Крэйг, вядомы па ролі Джэймса Бонда.
Пасьля вайны Джэк Каган эміграваў у Брытанію, дзе ажаніўся і меў трох сыноў. У 2016 годзе ён трапіў у ганаровы Навагодні сьпіс каралевы Брытаніі і атрымаў мэдаль Брытанскай імпэрыі (British Empire Medal).
Чытайце таксама:
ВЫЖЫЦЬ: ЗА ГІСТОРЫЯЙ СВАЯКОЎ ТРАМПА — БЕЛАРУСЬ, ЯКУЮ ПАКІНУЛІ ГАБРЭІ