Гісторыя з працаўладкаваньнем Алеся Масюка пачалася яшчэ ў кастрычніку, калі ён быў звольнены з Слонімскага раённага цэнтру дзіцяча-юнацкага турызму, дзе адпрацаваў восем гадоў і ня меў ніводнага нараканьня.
Сёлета ў складзе дэлегацыі беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў яго запрасілі ў Нарвэгію. Масюк напісаў заяву на пяцідзённы адпачынак за свой кошт, але начальства яго не адпусьціла. Актывіст паехаў без дазволу, а калі вярнуўся, то яго звольнілі за прагулы.
Тады за Масюка спрабавалі заступіцца вучні, у якіх ён вёў гурток, да дырэктаркі прыходзілі бацькі, але гэта ніякім чынам не паўплывала на начальства. Масюк праз раённы Цэнтар занятасьці пачаў шукаць іншую працу. Яго накіравалі ў Слонімскі раённы экалягічны цэнтар дзяцей і моладзі, дзе была вольная пасада пэдагога дадатковай адукацыі.
— Дырэктар цэнтру азнаёмілася з пададзенымі мною дакумэнтамі, у тым ліку з запісам у працоўнай кніжцы аб тым, што з папярэдняга працоўнага месца я быў звольнены «за прагул». Яна пагадзілася прыняць мяне на працу, аднак гэтае пытаньне неабходна было ўзгадніць з вышэйшым кіраўніцтвам.
Вышэйшае кіраўніцтва — аддзел адукацыі Слонімскага райвыканкаму. Пасьля «ўзгадненьня» ў працаўладкаваньні Масюку было адмоўлена. Падставай для адмовы стала тое, што Масюк быў звольнены з папярэдняга месца працы «за прагул».
Масюк на гэтым не спыніўся, узяў чарговае накіраваньне з цэнтру занятасьці, але калі дайшло зноў да «ўзгадненьня», яму адмовілі ў працаўладкаваньні. Ва ўпраўленьні працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Слонімскага райвыканкаму ён браў яшчэ 9 накіраваньняў на працу ў розныя ўстановы, і ва ўсіх выпадках яму было адмоўлена пасьля «ўзгадненьня» з аддзелам адукацыі Слонімскага райвыканкаму.
Свабода пацікавілася ў загадчыцы аддзела адукацыі Тэрэзы Юшкевіч, зь якой прычыны Алесю Масюку адмаўляюць у працаўладкаваньні. Спадарыня Юшкевіч патлумачыла, што Масюк парушыў калектыўную дамову і быў за гэта звольнены.
— А цяпер ён зьвяртаўся ў некалькі ўстаноў і гатовы быў ісьці працаваць сацыяльным пэдагогам, але ж яму адмовілі, паколькі ў яго няма адпаведнай кваліфікацыі. Ён таксама, напрыклад, зьвяртаўся і ў экалягічны цэнтар, але там у кіраўніка было права выбару і ён ўзяў іншага пэдагога на працу. Безумоўна, у цэнтры занятасьці будуць шукаць яму месца працы, але ўсе кіраўнікі бачаць цяпер, за што ён быў звольнены.
Па дапамогу ў працаўладкаваньні Масюк зьвяртаўся да старшыні райвыканкаму, хадзіў на прыём да намесьніцы старшыні аблвыканкаму, двойчы зьвяртаўся ў пракуратуру раёну з просьбай праверыць законнасьць адмовы яму ў працаўладкаваньні. Атрымаў адказ з Наваградзкага міжраённага аддзелу Гарадзенскага абласнога ўпраўленьня дэпартаменту дзяржаўнай інспэкцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і ад пракурора.
— З адказаў вынікае, што вырашыць спрэчную сытуацыю можна толькі ў судзе. Таму я і вырашыў падаць у суд, бо не працую ужо два месяцы, а ў мяне сям’я, двое дзетак, і я мушу яе ўтрымліваць.
Масюк не пагаджаецца з тым, як зь ім абышліся, і лічыць адмову ў працаўладкаваньні неабгрунтаванай і незаконнай.
— На ранейшым месцы працы, дзе я працаваў пэдагогам дадатковай адукацыі, я ўчыніў дысцыплінарную правіннасьць, і наймальнік у дачыненьні да мяне прымяніў крайнюю меру спагнаньня, нягледзячы на амаль 8-гадовую бездакорную працу. Але я ўжо за гэта панёс пакараньне.
Больш за тое, Масюк перакананы, што за падобным стаўленьнем да яго крыецца палітычны матыў з боку ўладаў.
— Тут адназначна крыецца палітычны матыў, бо сваіх палітычных поглядаў я ніколі ня ўтойваў. Каб я не балятаваўся ў дэпутаты як апазыцыйны кандыдат, то ніхто б мяне і не чапаў.
У Алеся Масюка на ўтрыманьні дзьве непаўналетнія дачкі. У 2008 годзе Свабода пісала пра тое, як Алесь Масюк зьвяртаўся ў пракуратуру раёну са скаргай, што яго з палітычных матываў 8 гадоў нідзе ня бралі на працу. Тады ён скончыў унівэрсытэт і ў жніўні 2008 году пісьмова зьвярнуўся да начальніцы ўпраўленьня адукацыі райвыканкаму. У заяве прасіў разгледзець усе магчымыя варыянты працаўладкаваньня. Яму адмовілі.
Тады ў верасьні ён сам пайшоў па школах, і высьветлілася: вольныя гадзіны ёсьць, можна весьці гурткі, займацца арганізатарскай працай. Але калі дырэктары даведваліся, што ён займаецца палітычнай дзейнасьцю, адразу адмаўлялі. І толькі пасьля заявы ў пракуратуру яго ўсё ж узялі ў Цэнтар дзіцяча-юнацкага турызму.
Цяпер Масюк зьвяртаецца ў суд і просіць прызнаць незаконнай адмову ДУА «Слонімскі раённы экалягічны цэнтар дзяцей і моладзі» заключыць зь ім працоўную дамову па накіраваньні ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Слонімскага райвыканкаму.