Прызнаньне зьмяшчаецца ў апублікаваным у аўторак інтэрвію, якое дала газэце New York Times выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Расейскага антыдопінгавага агенцтва Анна Анцэліёвіч. Разам з тым, як піша газэта, Анцэліёвіч рашуча адхіляе здагадкі, што ў гэтую гісторыю быў уцягнуты прэзыдэнт Пуцін ці людзі зь ягонага найбліжэйшага акружэньня.
Анцэліёвіч пацьвердзіла інфармацыю, якая цыркулюе на Захадзе з мая мінулага году, у прыватнасьці, што былы дырэктар маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі Грыгорый Родчанкаў, які пражывае цяпер у ЗША, даваў спартоўцам допінгавыя сумесі, а таксама зьнішчаў станоўчыя пробы на допінг расейскіх алімпійцаў у Сочы. Яна пацьвердзіла, што супрацоўнікі ФСБ у Сочы выкрадалі ёмістасьці з станоўчымі пробамі расейскіх алімпійцаў і падмянялі іх чыстымі, і што былы намесьнік міністра спорту Юры Нагорных загадваў утойваць факты ўжываньня вядучымі спартоўцамі забароненых рэчываў. Усё гэта Расея раней рашуча адпрэчвала.
Кіраўнік камісіі, прызначанай Усясьветным антыдопінгавым агенцтвам (ВАДА), Рычард Макларэн лічыць, што Расея за кошт прызнальных паказаньняў спрабуе аднавіць стасункі з ВАДА. Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва патрабуе ад Масквы пагадзіцца з высновамі нядаўняга расьсьледаваньня. Толькі пасьля гэтага Расейскай антыдопінгавай службе будзе зноў дазволена праводзіць допінг-тэсты, а Міністэрству спорту — ладзіць у краіне міжнародныя спаборніцтвы.
Як заявіў у інтэрвію New York Times высокапастаўлены расейскі спартыўны чыноўнік Віталій Смірноў, расейскія спартоўцы не маглі канкураваць з заходнімі, не зьвяртаючыся да допінгу, бо ВАДА, якая дазваляла алімпійцам з краінаў Захаду прымаць анабалічныя стэроіды з мэдыцынскіх паказаньняў, не дазволіла б расейцам адкрыта ўжываць падобныя прэпараты.