Акцыю супраць прымусовай працы дзяцей актывісты «Альтэрнатывы» правялі 2 сьнежня ў сувязі са сьмерцю школьніцы на калгасным полі ў верасьні гэтага году.
«Мы маем маральнае права выходзіць на падобныя акцыі. Гэта як акцыя памяці, можна лічыць так. І такія дзеяньні санкцыянаваныя нашым сумленьнем, таму я не лічу сябе вінаватым у парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях», — камэнтуе Алег Корбан.
26 сьнежня меліся судзіць і праваабаронцу Валера Шчукіна, які ўдзелу ў згаданай акцыі ня браў, але атрымаў позву. Справа ў тым, што праваахоўнікі ідэнтыфікавалі як Шчукіна аднаго з удзельнікаў акцыі ўсяго толькі на падставе наяўнасьці ў пратэстоўца барады.
«Суд увогуле не павінен быў брацца за гэтую справу. Там не было аніводнага сьведкі. Выступалі Бажэлка ды Ахметаў, старэйшы лейтэнант і капітан, якія нічога ня бачылі і нічога ня ведаюць», — сказаў Валер Шчукін.
З прычыны недаказанасьці справу супраць Валера Шчукіна спынілі ў залі суду.