Чавускі суд прызнаў кабету вінаватай у дробным хуліганстве і аштрафаваў на 400 рублёў. Пэнсіянэрка сьцьвярджае, што яе віна толькі ў тым, што бараніла ад «беспадстаўнага затрыманьня» аднавяскоўца. У няволі кабета трымала двое сутак галадоўку, пратэстуючы супраць арышту.
Заламаў руку, упёрся нагой у маю сьпіну і начапіў кайданкі
Інцыдэнт зь міліцыянтам адбыўся ля адной з гарбавіцкіх сядзібаў ранкам 24 сьнежня. Паводле Марыі Кульманавай, яна заступілася за знаёмца, якога ўчастковы настойліва запрашаў у службовую машыну пагутарыць. Кабета цьвердзіць: у Гарбавічах такія «запрашэньні» звычайна сканчаюцца затрыманьнем.
«Пільнуюць у вёсцы людзей з алькагольнай залежнасьцю, і як каго ўбачаць нападпітку, тут жа забіраюць і вязуць „на суткі“. Вядома ж, міліцыя знаходзіць сьведак, якія пацьвярджаюць, што затрыманыя былі п’янымі і паводзілі сябе задзірліва. Заступіцца за іх няма каму, ды й, баючыся міліцыі, яны згаджаюцца з усім, у чым іх вінавацяць», — апавядала кабета.
Хлопца, за якога яна заступілася, завуць Аляксандар. Суразмоўца запэўнівае, што ён спрабуе пазбавіцца ад сваёй залежнасьці, але пакуль у яго не выходзіць.
«Аляксандар пытаўся ўчастковага, за што яго забіраюць. А яму міліцыянт адказваў: „Садзіся ў машыну, пагутарым“. Я таксама прасіла назваць прычыну. Слова за слова — і міліцыянт пачаў мяне штурхаць, я павалілася ў сьнег, — расказала сваю вэрсію здарэньня Марыя Кульманава. — Я ня ўтойваю, што, паляцеўшы, агрызнуся. Ужыла моцны эпітэт і сказала, што ён мне за гэта адкажа. Калі я паднялася, ён мне заламаў руку, і калі я зноў упала, ўпёрся нагой у маю сьпіну і начапіў кайданкі. Заявіў, што я паеду разам з Аляксандрам у Чавусы. Аляксандру ж сказаў, што ён паедзе ў райцэнтар празь мяне».
Кабета сьцьвярджае: пакуль участковы вёз яе ў Чавусы, яна была ў кайданках. На руцэ жанчыны застаўся характэрны знак.
Паводле Кульманавай, у пратаколе пазначана, што супраць яе выкарыстоўваліся кайданкі. У ім запісана, што яна не падпарадкавалася патрабаваньням міліцыянта, хапала яго за форменную вопратку — гэта і стала падставай для выкарыстаньня спэцсродкаў. Копію пратаколу жанчыне на рукі ня выдалі.
Брыдзілася бруднага ложка і адсутнасьці бялізны
Кабету праверылі на наяўнасьць у яе арганізьме алькаголю. Працэдура яго ня выявіла.
Пэнсіянэрка часткова прызнае сваю віну, аднак настойвае, што кінулася бараніць чалавека, бо яго беспадстаўна хацелі забраць у міліцыю. Яна заўважыла: на Аляксандра пазьней склалі пратакол за адсутнасьць у яго сьвятлоадбівальнага элемэнту і ноччу адпусьцілі дамоў. Да Гарбавічаў ён дабіраўся пешшу 18 кілямэтраў.
У міліцыі пэнсіянэрцы стала кепска. Незадоўга да інцыдэнту з участковым кабета скончыла курс лячэньня ад прыступаў стэнакардыі. Зь яе слоў, калі яна «спаўзла» з крэсла, міліцыянты выклікалі «хуткую дапамогу».
«Мне зрабілі кардыяграму. Дыягнаставалі высокі ціск, пад 200. Далі лекі, каб яго зьбіць. Павезьлі ў бальніцу ў суправаджэньні ўчастковага. У лякарні стан стабілізавалі. На маю заяву, што ў мяне дужа баліць галава, асаблівай увагі не зьвярнулі. Завезьлі зноў у міліцыю і пасьля складаньня пратаколу пасадзілі ў камэру», — прыгадвала Марыя Кульманава.
Першыя суткі няволі, казала кабета, яна спачатку брыдзілася бруднага ложка і адсутнасьці бялізны. Уначы ёй зноў пагоршала. Тады яна ўсё ж прылегла на ложку, і толькі раніцай наважылася прасіць міліцыянтаў аб дапамозе.
«Ад восьмай раніцы я прасіла выклікаць „хуткую“. Ноччу я не хацела злаваць міліцыянтаў і трывала як магла, — казала суразмоўца. — Мяне ніхто ня чуў. Пачулі мае просьбы толькі а 14 гадзіне. Прыехала „хуткая дапамога“, і мне далі лекі, каб я супакоілася. Зноў зьбілі ціск. Міліцыянты апраўдваліся, што ня чулі, як я іх прасіла. Бліжэй да вечара я супакоілася. Чытала малітвы».
З маёй галадоўкі міліцыянты пасьмейваліся
«Мне трэба было туды трапіць, каб убачыць, у якіх умовах утрымліваюць людзей», — працягвала пэнсіянэрка.
«Тыя ўмовы нельга назваць людзкімі. У камэры стаяла вядро, якое невядома калі выносілі і мылі. Пасьцель чорная. Бяруць грошы за адседку, але бялізны не выдаюць. Тыя, хто ня раз быў у тых камэрах, казалі: калі якая праверка, тады бялізну і даюць. Нявольнікі баяцца міліцыянтаў і слова супраць ня скажуць. Сьвятло ў камэры гарэла пастаянна. Я злавіла сябе на думцы, што выпівох так часта саджаюць, каб яны сваімі грашыла ўтрымлівалі гэты ізалятар», — адзначала пэнсіянэрка.
У няволі Марыя Кульманава двое сутак трымала галадоўку. З намераў пратэставаць супраць, як яна кажа, незаконнага затрыманьня, міліцыянты пасьмейваліся.
«Я ж ня ведала, як заяўляюць пра галадоўку, таму проста сказала міліцыянтам. Іхнай ежы ня брала. З маіх слоў пра галадоўку міліцыянты проста пахіхікалі. Пазьней, калі зьбіраліся весьці на суд, то прынесьлі паперку і папрасілі расьпісацца. Сказалі: „Вы расьпішыцеся, а потым мы патлумачым, за што ставілі подпіс“. Я пачытала, а гэта за ежу. Дык адмовілася, нагадаўшы ім пра галадоўку».
З матэрыяламі справы, як кажа суразмоўца, яна азнаёмілася ў судзе. Разбор справы судом, паводле Кульманавай, шмат часу не заняў. Супраць яе сьведчыў участковы і яшчэ адзін міліцыянт, які падчас інцыдэнту знаходзіўся ў службовай машыне.
«Упершыню ў сваім жыцьця я сутыкнулася з хамствам міліцыі. Раней у мяне былі кантакты зь ёю, але ніхто сябе так не паводзіў. Я дапускаю, што рэакцыя ўчастковага была выкліканая тым, што я кажу людзям, каб яны бараніліся ад беззаконьня. Яшчэ злавалі міліцыянтаў мае пагрозы, што пра іх паводзіны я раскажу незалежным СМІ. На вёсках прыніжаюць людзей. На іх палюе міліцыя, і яны ня ведаюць, як абараніцца ад гэтага перасьледу. Са мной таксама паступілі незаконна. Я не давала падстаў, каб мяне, пажылога чалавека, штурхаў па ўзросьце сын», — вывела Марыя Кульманава.
Засьпець на месцы ўчастковага, каб пагутарыць зь ім пра інцыдэнт з Кульманавай, не ўдалося. У раённым судзе праз тэлефон адмовіліся гаварыць аб правапарушэньні пэнсіянэркі.