Улады Турэччыны арыштавалі амаль 1700 прыхільнікаў Гюлена

Супрацоўнікі турэцкіх службаў бясьпекі

У Турэччыне за апошні тыдзень арыштавалі амаль 1700 чалавек паводле абвінавачваньняў у сувязях з апазыцыйным прапаведнікам Фэтхулахам Гюленам, якога ўлады краіны абвінавачваюць у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Сярод іх каля 1100 чалавек чакаюць сьледзтва, астатнія пакуль часова затрыманыя, паведамілі ў турэцкім Міністэрстве ўнутраных справаў.

На мінулым тыдні на адкрыцьці фотавыставы ў Анкары быў забіты амбасадар Расеі ў Турэччыне Андрэй Карлаў. Нападнікам быў былы паліцыянт Мэўлют Алтынташ, звольнены летам гэтага года ў рамках расьсьледаваньня спробы ўзброенага перавароту ў Турэччыне. Прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган заявіў, што за забойствам стаіць арганізацыя, якую ўзначальвае Гюлен. Сам апазыцыянэр гэтыя словы абверг.

Спроба ваеннага перавароту адбылася ў Турэччыне ў ноч на 16 ліпеня. У рамках расьсьледаваньня Анкара затрымала дзесяткі тысяч грамадзян. На думку Анкары, путч арганізаваў Гюлен, які жыве ў ЗША. Турэччына неаднаразова заклікала Вашынгтон выдаць прапаведніка. Сам Гюлен паабяцаў вярнуцца на радзіму, калі яго віна будзе даказаная незалежным судом.