Магілёўскія рыцары і Сьвяты Мікалай дапамагаюць дзецям спазнаць беларускую даўніну

Сустрэча з рыцарскім Сярэднявеччам

«Пранікнуцца духам Сярэднявечча і ўмацаваць разуменьне, што беларусы адзначалі свае сьвяты адметна ад іншых», — магілёўскія рыцары вяртаюць у навагоднія імпрэзы Сьвятога Мікалая і беларускую сьвяточную атрыбутыку.

Клюб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Барысфэн» ладзіць для дзятвы «вандроўкі ў беларускае Сярэднявечча». У тэатральных пастаноўках дзеці выпрабоўваюць сябе ў рыцарскіх забавах, вызваляючы ад «злога рыцара» Сьвятога Мікалая. Савецкія навагоднія пэрсанажы — Дзед Мароз і Сьнягурка — пры гэтым ня згадваюцца.

Гуляючыся ў Сярэднявечча, дзеці спазнаюць гісторыю свайго краю

«Задумваючы свае імпрэзы, — кажа кіраўнік клюбу Павал Станкевіч, — мы імкнуліся, каб у дзятвы склалася ўяўленьне, якім было беларускае Сярэднявечча, як тады жылі людзі і зь якой атрыбутыкай і пэрсанажамі адзначалі Раство».

Выпрабаваньне рыцарствам

«Усе гэта адбываецца ў нас у гульнявай форме. Кожнае дзіця ўдзельнічае ў сьвяткаваньні, і нікому сумна не бывае, — адзначае Павал, раскладаючы рыцарскі рыштунак і падарункі. — Нашымі імпрэзамі мы папулярызуем беларускую культурную спадчыну. Дзеці пранікаюцца духам Сярэднявечча, і ў іх умацоўваецца разуменьне таго, што беларусы адзначалі свае сьвяты адметна ад іншых і што ў іх было сваё разуменьне сьвету».

Для дзяцей Сьвяты Мікалай — пэрсанаж невядомы, працягвае Павал, па звычцы яны называюць яго Дзедам Марозам.

«Даводзіцца тактоўна тлумачыць, што ў нас у навагодніх сьвятах галоўны пэрсанаж Сьвяты Мікалай, а ня Дзед Мароз», — адзначае суразмоўца.

Павал Станкевіч

У «беларускае Сярэднявечча» у адну з аграсядзібаў дзяцей прывозяць групамі. Напярэдадні каталіцкага Нараджэньня Хрыстовага да рыцараў наведаліся шасьціклясьнікі. Узброеныя ахоўнікі сустрэлі дзятву ля ўваходнай брамы ў «замак». На імпрэзе рыцары былі зоркамі. Зь імі фатаграфаваліся, дужаліся, прымяралі рыштунак...

«Дзеці нязмушана, гуляючыся ў сярэднявечча, спазнаюць гісторыю свайго краю, і гэта дужа важна. Такая форма арганізацыі сьвята больш, як нам здаецца, плённая, чым скаканьне пад ялінкай», — заўважае арганізатарка рыцарскай навагодняй забавы экскурсаводка Тацяна Скрыцкая.

Авалодаць лукам могуць і паненкі

«Дзецям падабаецца, — кажа яна. — Паглядзіце, як яны захопленая адкрытым для сябе новым сьветам беларускага Сярэднявечча. Усе стаміліся ад стандартных навагодніх праграмаў зь Дзедам Марозам і Сьнягуркаю. Беларускія ж сьвяты цяпер становяцца запатрабаваныя. На іх ёсьць попыт. Мы такім чынам аднаўляем сваю ідэнтычнасьць, хоць аднаўляць, прызнаюся, заўжды няпроста».

Аднаўляем дух рыцарства зь Сьвятым Мікалаем

Тым часам дзятва, «уварваўшыся» на тэрыторыю «замка», выпрабоўвала сябе ў рыцарскім рамястве. Дзеці стралялі з лука, кідалі дзіды, біліся на мячах, «скакалі» на кані, запрэжаным у сані...

На конных санях чым ня сьвята?

«Крута», — нацягваючы цеціву лука, дзеліцца ўражаньнямі хлопец. — А што, напраўду такія раней былі лукі, як гэтыя?«

«Рыцарская справа вабіць. Яна ў крыві мужчыны. Іншым разам просіцца вонкі», — падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад рамяства, якім захоплены, рыцар Кірыл.

«Мне ня цяжка працаваць зь дзіцячай аўдыторыяй. У мяне тэатральная адукацыя. Прызнаюся, што такія імпрэзы, як мы ладзім, нязвыклыя, — прызнаецца ён. — Але і ў Сярэднявеччы рыцары таксама адзначалі сьвяты. І мы той дух спрабуем аднавіць зь Сьвятым Мікалаем».

Двубой на мячах — таксама няблага

У самім «замку» дзеці вызвалялі Сьвятога Мікалая ад злога рыцара з дапамогаю прыдворнай дамы і каляднага эльфа. Сьвяткавалі перамогу дыскатэкай і радаваліся перавыхаваньню злыдня, які паквапіўся на Новы год...

«Я пагаджуся, такое сьвята нязвыклае і для нас таксама, — працягвае гутарку „злы“ рыцар Дзьмітры. — У нас жа „Падарожжа ў сярэднявечча“, і трэба, каб яно падабалася дзецям. Мяне спачатку перамагаюць, а потым, перавыхаваўшы, вызваляюць. Дзеці ж павінны верыць, што дабро перамагае зло».

Рыцарская імпрэза расейскамоўная. Яе арганізатары прызнаюцца, што, на жаль, вымушаныя пакуль праводзіць яе на расейскай мове.

Тацяна Скрыцкая

«Безумоўна, хацелася б рабіць цалкам беларускамоўныя праграмы, але варта ўлічваць тую акалічнасьць, што нашы дзеці расейскамоўныя, і тут важна не перагнуць, — тлумачыць Тацяна Скрыцкая. — Пакрысе ўсё больш і больш будзем дадаваць у свае імпрэзы беларускай мовы і беларускіх пэрсанажаў. Пакуль мы толькі пачалі новую для сябе працу. Будзем яе ўдасканальваць».

Дапамогі ня маем, але, калі не перашкаджаюць, і за гэта дзякуем

«Вітаю, дзядуля Мароз, — выходзячы з „замка“ пасьля перамогі над злым рыцарам выгукваюць дзеці і тут жа выпраўляюцца: — А, Сьвяты Мікалай».

Пасекчы бульбу мячом дапаможа Сьвяты Мікалай

«Вядома ж, лепей быць Сьвятым Мікалаем, чым Дзедам Марозам, — кажа Ян, у якога на імпрэзе была адпаведная роля. — За Сьвятым Мікалаем доўгая эўрапейская традыцыя. І мы з ім некалі адзначалі Раство».

Рыцарскаму клюбу «Барысфэн» 18 гадоў. Дзесяць гадоў таму ён атрымаў званьне «Народны калектыў Беларусі». Павал Станкевіч ня ўтойвае, што асаблівых бонусаў за гэтае званьне клюб ня мае, тым ня меней адзначае, што «як няма перашкодаў, дык і за гэта ўдзячныя».

У двубоі перавыхоўваюцца злыя рыцары

«На сваю дзейнасьць мы зарабляем самі, — кажа кіраўнік клюбу. — Правядзеньне такіх імпрэзаў, як сёньняшняя, — наш заработак. Робім сувэніры, прадаём, і гэта таксама нас падтрымлівае. Фінансавай дапамогі ні ад дзяржавы, ні ад камэрцыйных арганізацыяў мы ня маем».