Ізраіль выказаў афіцыйны пратэст 10 краінам, якія падтрымалі рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН аб спыненьні пашырэньня гарбэйскіх паселішчаў на палестынскіх тэрыторыях.
У МЗС Ізраілю ў Ерусаліме былі ў нядзелю выкліканыя амбасадары Вялікабрытаніі, Кітаю, Расеі, Францыі, Эгіпту, Японіі, Уругваю, Гішпаніі, Украіны і Новай Зэляндыі
Прэм’ер-міністар Бэньямін Нэтаньягу асабліва рэзка выказаўся на адрас адміністрацыі ЗША, абвінаваціўшы яе ў таемнай змове з палестынцамі. Выступаючы 25 сьнежня на пасяджэньні кабінэту, Нэтаньягу падкрэсьліў, што ўрады яго краіны і Амэрыкі дзесяцігодзьдзямі займалі супрацьлеглыя пазыцыі ў пытаньні аб пашырэньні паселішчаў, але заўсёды лічылі, што гэтая праблема не павінна вырашацца ў Радзе Бясьпекі ААН.
Вашынгтон ўсе абвінавачаньні абвяргае.
23 сьнежня ЗША ўстрымаліся пры прыняцьці Радай Бясьпекі ААН рэзалюцыі аб неадкладным спыненьні пашырэньня габрэйскіх паселішчаў, тым часам як у раней неаднаразова ўжывалі права вэта ў выпадках спробаў зрабіць на Ізраіль міжнародны дыпляматычны ціск.