СМІ: У Сырыю разам з Ту-154, што ўпаў у мора, меўся вылецець другі самалёт

Архіўнае фота

У Сырыю на авіябазу «Хмэймім» разам з Ту-154, які пацярпеў крушэньне, меўся вылецець яшчэ адзін самалёт. Пра гэта са спасылкай на крыніцы паведамляе «Інтэрфакс».

Паводле дадзеных агенцтва, з дапамогай другога авіялайнера плянавалася даставіць у «Хмэймім» рэквізыт для выступу ансамблю песні і танцу імя Аляксандрава, падарункі расейскім вайскоўцам і мэдыкаменты. Ці вылецеў гэты самалёт у Сырыю, не вядома.

Самалёт Ту-154 Міністэрства абароны Расеі пацярпеў крушэньне сёньня раніцай падчас набору вышыні. На яго борце былі 92 чалавекі, большасць зь іх — удзельнікі ансамблю імя Аляксандрава, а таксама кіраўнік фонду «Справядлівая дапамога» Лізавета Глінка, вядомая як Доктар Ліза, і дзевяць журналістаў.

У раёне крушэння лайнэра ў Чорным моры працягваюцца пошукавыя працы. Ратавальнікі знайшлі целы 12 загінулых. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў 26 снежня агульнанацыянальным днём жалобы па ахвярах авіякатастрофы.