Залежныя і сузалежныя

Праваслаўны цэнтар рэабілітацыі ад алькагольнай і наркалягічнай залежнасьці «Анастасіс-Сасноўка»

Некалькі гадоў таму ў Беларусі пачалі дзейнічаць хрысьціянскія (праваслаўныя ды пратэстанцкія) рэабілітацыйныя цэнтры для наркаманаў і алькаголікаў. Большую частку пацыентаў у іх складаюць людзі з крымінальным мінулым...

У аснове працы рэабілітацыйных цэнтраў ляжыць 12-крокавая праграма ў пераадоленьні чалавекам хімічнай, біялягічнай ды псыхалягічнай залежнасьці. Сутнасьць праграмы, якая ў мінулым стагодзьдзі нарадзілася ў ЗША, а цяпер пасьпяхова дзейнічае ў многіх краінах сьвету, усьведамленьне залежным чалавекам, што ён хворы і што яго жыцьцё выйшла з-пад уласнага кантролю. Шлях да выздараўленьня — гэта штодзённая праца душы, зварот да Бога (як яго ўяўляе кожны індывідуальна), таксама самааналіз, самапазнаньне, самавызначэньне... Поўны курс праграмы вучыць чалавека ня ставіць залежнасьць на вяршыню ўсяго свайго жыцьця, а мець духоўныя і маральныя каштоўнасьці і прынцыпы.


Сёньня — аб праваслаўным цэнтры рэабілітацыі ад алькагольнай і наркалягічнай залежнасьці «Анастасіс-Сасноўка», што непадалёк ад Жыровіц. Зыходзячы з пажаданьняў рэабілітантаў, на фота, якія зробленыя ў цэнтры, няма твараў людзей.


«Калі б я магла адседзець за сына, я б замест яго пайшла ў турму»

...Антаніна прыехала сюды зь невялікага гарадку на Гарадзеншчыне. Залежныя ў яе сям’і сын-наркаман ды муж-алькаголік. 38-гадовага сына жанчына зьбіралася прывезьці ў Сасноўку гэтым летам. Ён тады толькі вызваліўся з-за кратаў пасьля сваёй 9-й адседкі. Акрамя ўжываньня наркотыкаў, тут хуліганка, крадзяжы, рабункі. Але з рэабілітацыяй маці не пасьпела. Хлопец ізноў трапіў за краты і цяпер чакае прысуду на «Валадарцы» за тое, што скраў грошы ў маці. Антаніна прыгадвае, як змагалася за сваё «дзіця» — шчыра размаўляла па душах, пераконвала, пагражала, плакала, малілася... А сын, калі станавіўся цьвярозым, хлусіў, што абавязкова выправіцца, ды вымагаў або краў у маці ўсё заробленае ёю. Калі Антаніна перастала хаваць грошы ў хаце і перайшла на картку, сын знайшоў магчымасьць скрасьці і адтуль...Застаўшыся зусім бяз сродкаў, жанчына ня вытрымала і сама напісала ў міліцыю заяву на сына. Цяпер вось шкадуе аб гэтым. Папярэднія пасадкі хлопца ад наркотыкаў не адвадзілі. У рэдкія пэрыяды, калі сын не калоўся, ня піў і ня біў, ён быў вельмі добрым. «Усе ў нашым гарадку п’юць ды колюцца, — дзялілася яна, — але толькі майго столькі разоў садзяць. Няўжо нельга замест турмы на нейкую рэабілітацыю накіраваць — не забойца ж ён».

Цяпер вось у сьнежні Антаніна зьбіралася накіраваць на рэабілітацыю мужа-алькаголіка. Дастаў. Хоць, паводле яе, таксама, як сын, ён вельмі добры чалавек, калі ня п’е і ня б’е. Муж, аднак, ехаць у цэнтар адмовіўся, бо хворым сябе ня лічыць. Тады жанчына папрасілася прыехаць у Сасноўку сама. Параіцца, што ёй рабіць.

На мове псыхолягаў такія, як Антаніна, бацькі завуцца сузалежнымі. Як і залежнасьць, сузалежнасьць зьяўляецца хваробай, і так сама, як залежны, сузалежны не прызнае наркамана ці алькаголіка хворым чалавекам. А тым больш не прызнае хворым сябе. Ён лічыць зусім нармальным тое, што падпарадкоўвае сваё жыцьцё хоць і ня дозе, але свайму добраму і няшчаснаму «дзіцяці». Сузалежны адначасна і ахвяра, і перасьледнік, і кантралёр. Такія асобы ня схільная аналізаваць, у сваім горы яны бачыць вінаватымі ўсіх, акрамя сябе: суседзяў, школу, міліцыю, дзяржаву, прэзыдэнта, Захад ды Усход...

Віталь Пашкевіч


Дырэктару цэнтру ў Сасноўцы Віталю Пашкевічу, некалі цяжкахвораму на алькагалізм, падобныя праблемы добра знаёмыя. Да Антаніны ў «Анастасіс» на тыдзень-другі прыяжджалі яшчэ некалькі бацькоў. Як і з залежнымі, праца з сузалежнымі вядзецца ў групах. Лічыцца, што чалавек ў бядзе павінен уголас падзяліцца набалелым з тымі, хто перажыў падобныя праблемы.

Віталь Пашкевіч: «Ведаеце, часам у чалавека настае проста непераносны стан, і мы бяром яго. Тут гэтая жанчына прабыла з тыдзень. За гэты час яна паспрабавала асэнсаваць як паводзіны сваіх мужчын, так і ўласныя. Калі ў адной групе апынаюцца залежныя і сузалежныя, то зь імі цікава працаваць. Напрыклад, я на сваіх занятках пасадзіў побач яе і нейкага рэабілітантаў і прапанаваў ёй казаць усё, што б яна магла сказаць свайму сыну, а яму тое, што ён сказаў бы ў адказ сваёй маці. І потым далей разам з удзельнікамі групы абмяркоўвалі самыя розныя моманты дыялёгу, хто што ўбачыў. Скажу вам, што нярэдка самі маці ствараюць глебу для такіх неадказных паводзінаў свайго дарослага сына. Проста некалі не была разрэзаная так званая эмацыйная пупавіна. У выніку мама ўвесь час падстаўляе свае рукі — яна ўсяляк выгароджвае „дзіця“, аплачвае ягоныя штрафы, нярэдка ад такіх жанчын можна пачуць: „Калі б я магла адседзець за сына, я б замест яго пайшла ў турму“. Найчасьцей такія „дзеці“ страчваюць сям’ю, працу і становяцца алькаголікамі ці наркаманамі...»

«З былымі крымінальнікамі працаваць часам прасьцей»

Традыцыйна многія з рэабілітантаў цэнтру маюць крымінальнае мінулае. Былых асуджаных ў «Анастасіс-Сасноўку» ў тым ліку накіроўвае міліцыя, зь якой цэнтар цяпер супрацоўнічаеце. З тымі, хто быў за кратамі, цяжэй ці лягчэй працаваць? Увогуле, ці ёсьць жорсткае турэмнае пакараньне эфэктыўны мэтадам барацьбы з тымі ж наркотыкамі?

Віталь Пашкевіч кажа, што дэкрэт «Аб неадкладных захадах супрацьдзеяньня незаконнаму абарачэньню наркотыкаў» ад сьнежня 2014 выклікае спрэчнае ўражаньне. Так, ёсьць злачынствы, за якія даюць тэрміны пазбаўленьня волі. Тое, што наркаманаў вылучылі ў асобныя атрады — гэта хутчэй ўнутраная праблема. Істотна, што наркаманія ва ўсім сьвеце прызнана хваробай, а хвораму патрэбна сапраўдная кваліфікаваная дапамога. Наўрад ці яна ў тым, што чалавека, які ўжывае, могуць затрымаць і даць яму ня першую, а другую, трэцюю частку артыкулу 328 ды «закрыць» гадоў на дванаццаць. Зь іншага боку, на думку спадара дырэктара, тыя, хто робіць на гэтым бізнэс, ад якога гінуць людзі, у тым ліку дзеці, заслугоўваюць вышэйшай меры... Але пакараньне — гэта ня справа цэнтру. Яго задача — прымаць людзей, занядбаных грамадзтвам.

Пакоі рэабілітантаў

Кухня


Пашкевіч: «Што тычыцца тых хлопцаў, якія ўжо адседзелі за кратамі, то зь імі часам прасьцей, чым з тымі, хто пакуль ня мае судзімасьцяў, хто толькі пачаў ужываць розныя рэчывы. Былым асуджаным, якія ідуць да нас, знаёмае такое пачуцьцё, як душэўны боль. Некалькі гадоў таму быў у нас Ігар, рэцыдывіст, з 47 гадоў жыцьця — 25 за кратамі. Садзіўся-выходзіў-садзіўся-выходзіў. Гэта быў чалавек з разбуранай псыхікай, ягоны слоўнікавы запас пераважна складаўся з мату ды фені. Восем месяцаў, якія ён прабыў у нас, былі суцэльным вынасам мазгоў. У нас не было ніякай надзеі на тое, што ён застанецца цьвярозым. Але вось ужо тры гады як ён у рэмісіі. Менавіта зь Ігара ў нашым лягеры пачалося адмаўленьне ад мату. З удзелам гэтага чалавека ў праграме рэабілітацыі мы шмат што перагледзелі. Бо часам вельмі радуесься посьпехам у рэабілітацыі нейкага куды больш пасьпяховага хлопца, а ён выходзіць з цэнтру і дні праз тры зноў пачынае ўжываць. У прынцыпе, кожны чалавек праходзіць выпрабаваньні. У кагосьці рак, у кагосьці дыябет... Алькагалізм або наркаманія ня самыя горшыя хваробы... Яны даюць магчымасьць разьвівацца. І тут, па-першае, трэба прыняць сваю залежнасьць, па-другое, перагледзець сваё жыцьцё і, па-трэцяе, рухацца, разьвівацца, бо калі ты ня будзеш працаваць над сабой, ты будзеш ізноў ужываць. Самае цяжкае — вытрымаць, калі трапляеш пасьля рэабілітацыі ў соцыюм. Людзі пакідаюць цэнтар, яны вымушаныя шукаць жытло, калі няма дзе жыць; уладкоўвацца на працу... А гэтага яны ніколі не рабілі. Чарговае цяжкае выпрабаваньне, якое трэба прайсьці ўжо самому...»

Акрамя былых ЗК, вашыя рэабілітанты — гэта хто?

Пашкевіч: Самы розны кантынгент. Сярод тых, хто зьвяртаўся да нас з алькагольнымі праблемамі, былі сьвятары, палкоўнікі, людзі самых розных прафэсіяў... Вядома, на ананімных умовах. Гэта дарослыя людзі. Моладзь, якая трапляе апошнім часам, пераважна «спайсавая».


«Калі да нас заяжджаюць наркаманы макавыя ці гераінавыя, на душы неяк спакойней»


Пашкевіч: «Вось прыехаў да нас 20-гадовы хлопец, — працягвае дырэктар цэнтру, — прыгожы, вучыўся псыхалёгіі ва ўнівэрсытэце, але падсеў на сучасныя сумесі. Ад гэтых „спайсавых“ залежных ня ведаеш чаго чакаць. Тут магчымыя самыя розныя нечаканыя эмацыйныя ды фізычныя праявы. Другі момант — абсалютна разбураная памяць. Пасылаеш яго ў нашу гаспадарку, на тэрыторыі лягеру, усё тлумачыш, што трэба. Ён: „Так, зразумеў“. Празь некаторы час вяртаецца: „Памятаю куды ісьці, а што трэба там рабіць — ня памятаю...“

Шчыра, калі да нас заяжджаюць „старыя“ наркаманы — гераінавыя ці макавыя (опіюмныя), на душы становіцца неяк спакойна.

Вось нядаўна заехалі да нас двое. Цікавыя хлопцы. Пасьля зоны. Адзін увогуле рэцыдывіст. Мой падыход які? Вось звоніць чалавек пасьля адседкі. Скажам, зь Менску. Хоча прыехаць да нас. Калі ласка. Ён кажа: „Грошай на дарогу няма“. — „Нас гэта не хвалюе“. Дык чалавек накіраваўся на звалку ў Гатава, каб назьбіраць каштоўных мэталяў ды набыць на іх квіток. І ў прынцыпе, гэта і ёсьць матывацыя асобы нешта мяняць у сваім жыцьці... Чалавек атрымлівае дах над галавой, ложак, ежу, цяпло. Пачынаецца рэабілітацыя, якую зусім ня лёгка прайсьці. У нашым лягеры пэўныя правілы. Вы бачыце плот, аднак выходзіць за яго нельга. Але ж выйсьці элемэнтарна — ніхто нікога не трымае. Калі ж выйшаў — да пабачэньня, ты вольны. Наступныя ўмовы — мат, тэлефоны, інтэрнэт, радыё, тэлебачаньне забароненыя. Нават уласныя кнігі, якія ты сюды прывёз. Чалавек прыехаў вырашыць праблемы».

Рэабілітацыя ў хрысьціянскіх цэнтрах кшталту «Анастасісу», дзе цягам найменей трох месяцаў жывуць, сталуюцца, атрымліваюць рознага кшталту дапамогу алькаголікі ды нарказалежныя існуе на ахвяраваньні арганізацыяў, прыватных спонсараў ды ўнёскі саміх рэабілітантаў і іх сямейнікаў. Гэта на кожную асобу недзе даляраў 300 за месяц, у пераліку на беларускія грошы. Тыя, хто вызваляецца з-за кратаў, ня маючы ані спонсараў, ані заможных сваякоў, аднак праяўляе дастатковую матывацыю на папраўку, ня плацяць нічога.

Пашкевіч: «Вось часта пытаюцца: ці ёсьць у вас бясплатная рэабілітацыя? Такога нідзе няма. Так, мы можам узяць чалавека, у якога няма сродкаў. Аднак у любым выпадку за яго мусіць нехта плаціць. Наш праект — гэта, як той казаў, тры ў адным. Грамадзкая арганізацыя, Жыровіцкі манастыр, мясцовыя выканаўчыя ўлады. Выканкам выдзеліў будынак, Жыровіцкі манастыр дапамагае тым, што часам плаціць за сьвятло, цяпло, часам — прадукты. Гэта недзе 50 на 50... У нас ёсьць нейкія сацыяльныя грошы... Мы можам працаваць. Напрыклад, гэты будынак цэнтру, ён адбудаваны на месцы разбуранага дзіцячага інтэрнату амаль з нуля. У 2017-м маем у плянах запусьціць восем сацыяльных майстэрняў. Усё, што тут у нас ёсьць — гаспадарка, памяшканьні з жытлом — усё гэта створана ўласнымі рукамі і ўсё гэта трэба падтрымліваць, а таксама трэба карміць ды ўтрымліваць людзей, якія тут жывуць; выдаваць заработную плату супрацоўнікам, плаціць падаткі.

Вось запушчаны нарэшце сумесны праект з МУС па рэабілітацыі былых асуджаных. Прыбыў чалавек, які лічыцца рэцыдывістам. Падчас размоў зь ім даведваесься пра ягоны лёс. Выходзіць з турмы, пакуль трымаецца і ня п’е — усё нармальна. Як толькі вып’е — нічога ня памятае, прыходзіць у сябе, а на руках — кайданкі. Пасьля турмы пашпарт яму выдалі, а рэгістрацыі няма. Хто дасьць яму прапіску? Пакуль бяром так. Я сказаў партнэрам з МУС, што можа быць уведзены ліміт на такіх людзей. Запоўніць імі цэнтар мы можам, але тады паўстане пытаньне фінансаваньня. Калі ня вырашаць праблемы, усё, што мы стварылі і маем, можа элемэнтарна разваліцца, як картачны дамок».


«Турэмны тэрмін не палохае, палохае адсутнасьць дозы»

У рэабілітацыйным цэнтры «Анастасіс-Сасноўка» шмат праваслаўных абразоў. У тым ліку сьвятому пакутніку Баніфацыю, які заступаўся за алькаголікаў. Праграма «12 крокаў» тут інтэграваная ў сыстэму праваслаўнага сьветапогляду. Хоць сярод рэабілітантаў далёка ня ўсе належаць да гэтай канфэсіі. Многія робяць уласны шлях да веры як яны яе разумеюць... Штодзённая тэрапэўтычная праца ў групе пачынаецца з малітвы, а затым, пасьля абеду, ідзе аналіз пачуцьцяў, эмацыйных станаў.

Заля групавой тэрапіі

Абразы

Тацяна і Ільля — кансультанты цэнтру, якія вядуць працу ў групах. Тацяна ў Сасноўцы трэці год. Прайшла рэабілітацыю тут, у «Анастасісе» цэнтры, а потым сацыялізацыю. Акрамя груп адказвае за натуральную гаспадарку цэнтру.. Ільля ў Сасноўцы амаль год. Гэта ўжо другая рэабілітацыя менавіта ў гэтым цэнтры. Раней былі іншыя. Пасьля сканчэньня праграмаў доўга бяз дозы не вытрымліваў. Ільля ды Тацяна належаць да так званых «старых» наркаманаў, «макавых», якіх яшчэ клічуць «чарнушнікамі». Як і Ільля, Тацяна таксама раней спрабавала завязаць з залежнасьцю. Аднойчы пратрымалася дзесяць гадоў. Вярнулася да дозы таму, што зьнікла цікавасьць да жыцьця...Так бывае ў наркаманаў, таму пра іх і ня кажуць «былыя». І Тацяна, і Ільля ў мінулым судзімыя. Тацьцяна мела ўмоўнае пакараньне. За плячыма Ільлі — тры адседкі. Тацяна ў мінулым — мэдычная сястра з 20-гадовым стажам; Ільля, які значную частку свайго 36-гадовага жыцьця правёў за кратамі, прафэсійнай адукацыі ня мае. Цяпер абое разам завочна вывучаюць гештальт-тэрапію, якую зьбіраюцца выкарыстоўваць у сваёй далейшай працы.


Ільля пакуль жыве ў цэнтры. Тацяна, прайшоўшы праграму, сацыялізавалася і здымае жытло ў пасёлку. Кажа, што мясцовыя жыхары ня надта імкнуцца браць да сябе на кватэру людзей з цэнтру, часам нават ставяцца да іх з асьцярогай.

Напрыклад, ёсьць суседка «зь цікавым мінулым, якая можа выпіць і потым прыходзіць у цэнтар, скандаліць і абзываць усіх нас пі...расамі».

Тацьцяна зь мясцовымі імкнецца сябраваць. Удзельнічае ў сумесных пастаноўках мастацкай самадзейнасьці.

Наша размова адбываецца ў абедзенны час. Ільля ўспамінае, як ўпершыню паспытаў наркотыкаў. Тады яму было гадоў 16-17. Ён выпіваў, але калоцца баяўся. Пакуль у іх двор з малалеткі не прыйшоў адзін хлопец і не сказаў: «Які ты пацан, калі не паспрабаваў гэтага бычынага кайфу!» Ільля паспрабаваў, і гэта яму спадабалася адразу. Потым ужываў самы розную наркату, за выключэньнем спайсаў. Іх, як ён кажа, «ненавідзіць». Паспрабаваў аднойчы. Пасьля першай жа зацяжкі вырубіўся на дзьве гадзіны. Увогуле, «старыя» наркаманы з пагардай ставяцца да «спайсавых». Гэта людзі са страчаным розумам.

Да гэтай апошняй рэабілітацыі шчыльна ў сыстэме Ільля прабыў 15 гадоў. У якія толькі цэнтры, клінікі яго паміж адседкамі ні накіроўвалі на лячэньне родныя!

Ільля: «Уладкоўвалі мяне ў шпіталь у наркалёгію, лячылі таблеткамі. У шпіталі адпачну, прывяду сябе ў норму. Адпаведна, за гэты час скіну дозу. Потым на волі зноў пачынаю павялічваць. Калі грошай пачынае не хапаць — зноў у шпіталь дзён на дзесяць. І вось так цягам пятнаццаці гадоў... Калі мама накіравала мяне ў пратэстанцкі рэабілітацыйны цэнтар „Здаровая моладзь“ ў Піцеры (такія сёньня ёсьць і ў Беларусі), я кідаць наркотыкі не зьбіраўся. Проста хацеў яе супакоіць, вярнуць назад ёйны давер да мяне і потым рознай хлусьнёй выцягваць зь яе грошы.. Пра шэсьць месяцаў рэабілітацыі я вярнуўся дадому і пачаў гэта рабіць. Да таго часу, пакуль яна зноў не перастала верыць мне... Мяне ніколькі не палохала, што атрымаю чарговы турэмны тэрмін, мяне палохала толькі тое, што не атрымаю чарговай дозы».

Падчас адседак ў Ільлі праблемаў з наркатой не было. Сьвіньня заўсёды знойдзе гразь, кажа ён. Калі маеш грошы, заўсёды будзеш мець дозу. Турма ад наркотыкаў ніколі не вылечыць. Нават вымушаныя ўстрыманьні пераносяцца лягчэй, калі ведаеш, што пасьля вызваленьня ў першы дзень атрымаеш тое, што табе трэба.

«Калі сустракаць мяне ля калёніі на адной машыне прыехала сям’я, а на другой сябры з наркотыкамі, я сеў у машыну да сяброў».

Забыць у турме пра наркотыкі немагчыма. «Спайсавыя» хлопчыкі, якія траплялі ў цэнтар, расказвалі, як за кратамі, дзе ўвесь час толькі і размаўлялі пра гэта, яны толькі ад адных гэтых размоў атрымлівалі сапраўдны «прыход». Мозг робіць нечаканыя рэчы, кажуць наркаманы. У першыя месяцы адмовы ў цябе можа настаць так званая «сухая ломка», або ты можаш сьніць тое, як колесься, і пачынаеш адчуваць кайф або не пачынаеш. Прачынаесься потны і ня ведаеш, што лепш.

«Калі вы ўсё гэта цяпер расказваеце, у вас не ўзьнікае жаданьня?» — пытаюся ў маіх суразмоўцаў.

Кажуць, што не.

Ільля: «Першыя два месяцы, у самым пачатку гэтай рэабілітацыі, у мяне было вялікае жаданьне зьбегчы адсюль. Але празь месяц, калі я прайшоў праграму, мне параілі яшчэ пахадзіць на групы. Для гэтага я знайшоў спонсара — нарказалежнага, які ўжо шэсьць гадоў у адмове. Ён падтрымаў мяне фінансава. І да таго дзяліўся ўласным досьведам, як яму ўдалося пераадолець гэтую цягу. Прыгадваю, як баяўся ліпеня — у гэты час расьце мак, а я ж „чарнушнік“. Мой спонсар дапамог мне яго перажыць. Але сам зьдзівіўся, што спакойна перанёс гэты пэрыяд. Дзякуючы размовам са спансорам я спакойна хадзіў і глядзеў на гэты мак. У мяне няма жаданьня ўжываць. Жаданьне зьяўляецца, калі ты нічога ня робіш. А тут — быццам знайшоў сябе іншага».

Тут будзе сацыяльная майстэрня

Ільля кажа, што ў яго аднавіліся стасункі з маці. Ён вельмі ўдзячны, што яна яго падтрымлівае. Кожны дзень размаўляе па тэлефоне з 13-гадовай дачкой. Яна ўжо наведвала яго тут, у Сасноўцы, і неўзабаве зьбіраецца прыехаць зноў. З жонкай усё куды больш складана. Яна мае праблемы з алькаголем. Лічыць, што ягоная першая рэабілітацыя не ўдалася таму, што паспрабаваў выцягнуць яе зь вельмі жорсткага запою. Але ж у выніку сарваўся сам. Ці баіцца таго, што дачка засталася з маці?

«Бойся ня бойся, а што тут можна зрабіць?» — адказвае ён...

У Тацяны з родных — мама. Яна таксама прыяжджала да дачкі ў Сасноўку.

... Лічыцца, што найбольш складаныя этапы ў пераадоленьня наркатычнай залежнасьці — першы, трэці, шосты і дзявяты месяцы. Рэмісія настае як правіла пасьля трох гадоў устрыманьня. Калі зь дзесяці рэабілітантаў падобных цэнтраў за гэты пэрыяд выздараўліваюць трое-чацьвёра — гэта ўжо вельмі добры паказчык.

Працяг будзе