20 нечаканых фактаў пра Ўладзіславу Луцэвіч

Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч, 1916 г.

25 сьнежня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня Ўладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, стваральніцы ягонага музэю і выдатнага пэдагога свайго часу.

Яна, францужанка з паходжаньня, цудоўна размаўляла на мовах Заля і Багушэвіча, мела выбухова-карнавальны тэмпэрамэнт, ня мела ўласных дзяцей, але многія выхаванцы лічылі яе сваёй маці.

Уладзіслава Луцэвіч у маладосьці



1) Яе раздражняла марудлівасьць беларусаў

Любіла, каб любая справа рабілася вельмі хутка, бяз доўгага валаводжаньня. Калі пасылала каго-небудзь з даручэньнем, то абавязкова казала: «Толькі, калі ласка, хуценька, на адной назе...»

2) Нягледзячы на распаўсюджаную думку, яе маці Эмілія Манэ не была раднёй славутаму імпрэсіяністу Клоду Манэ

Доўгі час лічылася, што Уладзіслава Францаўна паходзіць па матчынай лініі з роду мастака Клода Манэ, але, паводле навуковага сакратара Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы Галіны Варонавай, «маці Ўладзіславы, Эмілія Манэ, прозьвішча займела ад першага мужа. Пасьля разводу яна прыехала з Парыжу на Валожыншчыну, у Вішнева, працаваць гувэрнанткай. Тут выйшла замуж за лясьнічага Франца Станкевіча, ад шлюбу зь якім і нарадзілася Ўладка».

Янка Купала



3) Янка Купала любіў казаць, што, дзякуючы сваёй жонцы, парадніўся з Дуніным-Марцінкевічам

Вікенці Станкевіч (брат Уладзіславы Луцэвіч) склаў радавод і даведаўся, што пляменьнік аўтара «Ідыліі» Баляслаў быў жанаты зь Вінцэнцінай Руткоўскай са шляхецкай наваградзкай сям’і. З гэтай жа сям’і была і бабка Ўладзіславы Тэкля. Купала любіў казаць, што, ажаніўшыся, можа сябе лічыць сваяком Дуніна-Марцінкевіча.

Цётка (Алаіза Пашкевіч)



4) Для сям’і Ўладзіславы яе цяга да беларушчыны была «надуманай непатрэбшчынай»

Псыхалягічна яе выдатна падтрымлівала Цётка: «Цётцы мяне прадставілі як «заядлую беларуску». Яна шчыра абняла мяне, пацалавала і сказала: «Вот малайчына!» Гэта мяне вельмі расчуліла, бо звычайна ня толькі чужыя, але і хатнія сьмяяліся нада мной і дакаралі за беларускасьць як за «надуманую непатрэбшчыну».

Маці Янкі Купалы



5) Сьвякроў пасьмейвалася зь яе мітусьлівасьці

Ва ўспамінах Заіра Азгура: «Цёця Ўладзя ў другім пакоі рыхтавала стол. Яна вельмі мітусілася. А старая маці Янкі Бянігна Іванаўна, сьмеючыся, казала: «Гэта не лапша, не хапай».

Першы рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў



6) Пад кулямі палякаў рабіла разам з Аляксандрам Уласавым марожанае

Паводле пляменьніцы Аляксандра Ўласава Веры Ніжанкоўскай: «Тыповым для Сашы [Аляксандра Ўласава. — В. Дэ Эм.] быў выпадак, пра які гаварыла Ўладзіслава Францаўна Луцэвіч. У дваццатых гадох Менск быў пад абстрэлам. Здаецца, наступалі палякі. Усе нэрваваліся. Пад бамбёжку да Купалаў зьяўляецца дзядзька i кажа: „Цётка Купаліха, у вас ёсьць малако, я прынёс цукар, будзем рабіць марожанае“. Уладзіслава Францаўна кажа: „Дзядзька, вы звар’яцелі? Нас могуць у кожны момант забіць!“. Але Саша гэтак прычапіўся, што нарэшце ўсе ўзяліся за справу, і пакуль круцілі марожанае, прайшлі самыя страшныя моманты, i ўсе былі ўдзячныя дзядзьку».

Юзэф Пілсудзкі



7) Дзякуючы яе рэжысэрскім стараньням, на вечарыне, прысьвечанай Юзэфу Пілсудзкаму, верш Янкі Купалы стаў самым запамінальным нумарам

Па ўспамінах мастака Яўгена Ціхановіча: «Быў гэткі выпадак, калі цётка Ўладзя ўзяла да сябе Люсю Галубок [дачку Ўладзіслава Галубка. — В. Дэ Эм.] на пару дзён, каб Люся вывучыла вершы Купалы пад яе кіраўніцтвам. Рэпэтыцыі адбываліся ў Доме І зьезду РСДРП, дзе тады й жыла сям’я Купалы. Цётка Ўладзя як былая настаўніца валодала сакрэтамі падыходу да дзяцей — ёй лёгка было працаваць з таленавітай дзяўчынкаю. (...) Вечар быў прысьвечаны Юзафу Пілсудзкаму, які сядзеў у ложы гарадзкога тэатру, абапіраючыся на шаблю. Ён пяшчотна глядзеў на маленькую дзяўчынку і праз свае вялікія вусы ўсьміхаўся. Пэўна, падабалася яму маленькая дзяўчынка, што гэтак добра чытала беларускі прывітальны верш ад Купалы. „Гэты вечар, — казала Люся Галубок, — запомніўся мне болей за ўсё, бо той вусаты дзядзька кінуў кветкі да маіх ног, а потым доўгі час людзі пляскалі ў далоні, стоячы“».

Менскі гарадзкі тэатар. Цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы



8) Натхняла маладых літаратараў на напісаньне п’ес, якія яна і ставіла

З успамінаў Андрэя Александровіча: «У беларускай працоўнай школе, дзе я вучыўся, быў створаны літаратурны гурток, шэфам якога (...) была цёця Ўладзя. Яна забясьпечвала наш гурток мастацкай літаратурай. (...) Аднойчы Уладзіслава Францаўна прапанавала нам прыняць удзел у пастаноўцы дзіцячай п’есы „Пастушкі“, якую, як яна казала, напісаў па яе просьбе малады пісьменьнік Міхась Кудзелька (Чарот). П’есу меркавалася паставіць у дні канікул для школьнікаў гораду. (...) Спэктакль адбыўся ў Менскім гарадзкім тэатры (цяпер тэатар імя Янкі Купалы). Партэр і ярусы былі запоўнены дзецьмі і настаўнікамі. У ложы сядзелі разам з прадстаўнікамі Наркамасьветы Янка Купала і аўтар п’есы Міхась Чарот».

9) У 1930-я гады крытычна выказвалася пра выкарыстаньне ў навучальным працэсе казкі

Паводле навукоўцы Натальлі Старжынскай: «Не пазьбегла агульнай памылкі і Ў.Ф.Луцэвіч, якая таксама выступала з крытыкай тэматыкі і зьместу чарадзейных казак (...). У праграмных дакумэнтах, мэтадычных матэрыялах (...) асуджалася выкарыстаньне ў навучальным працэсе народнай казкі пад маркай таго, што, маўляў, антрапамарфізм, фантастычны зьмест, асабліва чарадзейнай казкі, зусім недаступныя малодшым дзецям і нават шкодныя, паколькі ідуць насуперак матэрыялістычнаму сьветапогляду».

Яўген Мікалаевіч Ціхановіч. Партрэт У.Ф.Луцэвіч. 2004.


10) Ведала нотную грамату і супольна зь Янкам Купалам пісала песьні для дзяцей

Паводле пэдагога Кастуся Пуроўскага: «Часта заходзіла цёця Уладзя, а зь ёю часам і Янка Купала да нас у школу, каб запісаць на ноты мэлёдыю той ці іншай песьні. Трэба было дзівіцца, адкуль яна іх брала, — і мэлёдыі, і словы (...): «Сядзім іншы раз дома зь Янкам (...) і выдумляем: ён словы падбірае, а я ўжо за кампазытара...»

Якуб Колас



11) Любіла кампанію Якуба Коласа, у той час як ён ставіўся да яе таварыства стрымана

Уладзіслава Луцэвіч пісала: «...у пачатку 1912 году (...) прыехаў у Вільню Якуб Колас. Усе хацелі яго пабачыць. (...) Мы слухалі жывое слова паэта. Гэта сустрэча надоўга засталася ў нашай памяці». Якуб Колас, адпачываючы на курорце, жаліўся жонцы: «Купаліха злуецца на пагоду, на маркоту есентукскага жыцьця. Часамі яна мне расказвае аб падзеях свайго жыцьця, зьвязанага зь Вільняю. (...) У размовы не ўступаю (...). Пані Уладзіслава (...) лечыцца ад нэрваў, а больш у яе ніякіх хвароб няма (...) Але чаму ж ёй не палячыцца. (...) Асталося мне тут яшчэ тры нядзелі. Чакаю іх, як збавеньня». Па ўспамінах Максіма Лужаніна: «Канстанцін Міхайлавіч размаўляе з удавою паэта, дырэктарам Купалаўскага музэя Ўладзіславай Францаўнай. Віцэ-прэзыдэнцкі кабінэт. (...): «Нешта абмінаеце мой дом, Купаліха...» — «Дый я вас ня бачу ў сябе, дзядзька Колас».

Уладзімір Дубоўка



12) Пацьвельвала Ўладзімера Дубоўку, каб той пакрытыкаваў вершы Янкі Купалы

Дубоўка ўспамінаў: «Іван Дамінікавіч заўсёды даручаў мне пачытаць уголас свае новыя, ненадрукаваныя творы. (...) Уладзіслава Францаўна жартавала пры гэтым: «Слухайце, Уладзік! Чаму вы яго не пакрытыкуеце, каб яму пасьля ня спалася ноч усю?»


13) Янка Купала іранізаваў зь яе легендарнай шчодрасьці

Сябра сям’і Аляксандра Шкляева прыгадвала: "Зайшла гутарка пра шырокую натуру цёці Ўладзі, якая гатова заўсёды ўсім усё зрабіць, дапамагчы, і тут Янка Купала сказаў: «То праўда, Уладка вельмі шчодрая, толькі з маёй кішэні. Цёця Ўладзя (...) запярэчыла: «Памыляесься, Янка, не з тваёй кішэні, а з нашай».


14) Не хацела, каб у сталінскія часы ігралі камэдыю Купалы «Прымакі»

Паводле артыста Паўла Малчанава: «Яна прапанавала зусім адмовіцца ад пастаноўкі „Прымакоў“, каб часам гэта не зрабіла дрэннай паслугі Янку: „Ведаеце, Янка пісаў „Прымакі“, калі быў малады, ну любіў пажартаваць. А цяпер, можа, будзе няёмка... Не, ён сьмешны, вясёлы гэты жарт, але, можа, лепей ня трэба...“»

Павел Малчанаў



15) У яе быў сардэчны прыступ праз Бэндэ

Па ўспамінах Міколы Аўрамчыка: «Аднойчы на Купалаўскіх чытаньнях у перапоўненай актавай залі галоўнага корпуса пэдагагічнага інстытуту адбылося прыкрае здарэньне. Міхась Ларчанка выступаў з дакладам, а мы сядзелі ў прэзыдыюме, калі раптам адчыніліся найбліжэйшыя да сцэны дзьверы і ў залю ўвайшоў незнаёмы чалавек. „Бэндэ!..“ — спалохана прамовіла Уладзіслава Францаўна, і ёй зрабілася кепска. У яе быў сардэчны прыступ. У зале абвясьцілі кароткі перапынак. Уладзіславу Францаўну павезьлі дадому...»

16) Не называла высокіх начальнікаў па імёнах — толькі «таварышамі»

Паводле Міколы Аўрамчыка: «Сваю безабароннасьць перад новым ладам яна, як бранявым шчытом, закрывала словам „таварыш“, зь якім звычайна зьвярталася да ўсіх, замест таго, каб называць іх па імю і імю па бацьку».

Пэрсанальны аўтамабіль Янкі Купалы «Шэўрале»



17) Адной з самых дарагіх памятак пра Янку Купалу лічыла ягоны «шэўрале»

Паводле Віктара Корбута і Аляксандра Стадуба, пасьля сьмерці паэта «машыну пакінулі за ўдавой песьняра. Калі яна вярнулася ў Менск і ўзначаліла музэй Купалы, то да 1950 году аўтамабіль дазваляла выкарыстоўваць як службовы транспарт усім супрацоўнікам мэмарыяльнага дому. А затым наказала захоўваць гэтую машыну, як самую дарагую рэч. Але ў музэі не знайшлося памяшканьня. „Шэўрале“ адправілі ў Вязынку, а з 1978 году аўто прапісалася ў Ляўках».

Музэй Янкі Купалы



18) У сваім музэі любіла рабіць сама ўсю работу, нават мужчынскую

Паводле Івана Мележа: «Купаліха. (...) разьвязала пакунак з экспанатамі, узяла партрэт і сама палезла, тоўстая, непаседлівая, на табурэт — прыбіваць. „Паглядзіце, дзяўчаткі, ці добра так будзе? Ды дайце мне малаток“. Зьлезла. Не спадабалася, паднялася ў другі раз, перабіла». Сяргей Грахоўскі адзначаў, што і музэй фактычна будавала яна сама: «...Я не памыліўся і не перабольшыў, сказаўшы „будавала“. Так, будавала. Яна спрачалася з архітэктарамі і будаўнікамі, „выбівала“ патрэбныя матэрыялы... Яна была прарабам і суровым кантралёрам па якасьці і натхняла будаўнікоў як найлепш...»

Мікола Аўрамчык



19) Яе і Канстанцыю Буйлу ледзь не затаптаў калгасны бугай

Па ўспамінах Міколы Аўрамчыка: «Праз вуліцу, насупраць хаты, у якой нарадзіўся Янка Купала, тады быў калгасны двор, на якім утрымліваўся на прывязі магутны бугай. Аднойчы, калі мы праходзілі міма, ён, як ашалелы, сарваўся з ланцуга і кінуўся на нас. Калі б не трывалая агароджа, невядома, чым бы скончыўся наш шпацыр. «Гэта ты вінавата, — пажартавала Ўладзіслава Францаўна. — Мажная такая, ідзеш, ажно зямля дрыжыць пад нагамі!»

Ігнат Буйніцкі



20) У юнацтве марыла стаць зоркай апэрэты

Марыла пра артыстычную кар’еру. Мела выдатны голас, цудоўна танцавала. Была адной з найлепшых танцорак і сьпявачак у тэатры Ігната Буйніцкага. Яе партнэрам быў Часлаў Родзевіч, зь якім, паводле чутак, у яе мог быць раман.

——————————————————-

Літаратура:

Азгур Заір Ісакавіч. Незабыўнае. Мн., 1962

Выбраныя творы. Цётка. Мн., 2001

Колас Я. Збор твораў. У 20 т. Т. 18. Лісты (1908-1942). Мн., 2012

Колас Я. Збор твораў. У 20 т. Т. 19. Лісты (1943-1953). Мн., 2012

Купала і Колас, вы нас гадавалі. Кніга другая. 1939-2009. Мн., 2011

Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Мн., 1984

Мікуліч Б. Аповесьць для сябе. Мн., 1993

Старжынская Натальля. Заснавальнік дашкольнай лінгвадыдактыкі ў Беларусі

Фаіна Ваданосава, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага

літаратурнага музэя Янкі Купалы. Няспыннае жыцьцёвае гарэньне

да 120-годдзя Ўладзіславы Луцэвіч. Роднае слова 2011/12

Янка Купала. «Мне сьняцца сны аб Беларусі...»: успаміны, эсэ, артыкулы, дакумэнты. Мн. 2012

http://www.sb.by/kultura/article/kvetka-lileya.html

http://www.sb.by/kultura/article/ryadom-s-klassikom.html

http://nn.by/?c=ar&i=95122