МАСКОЎСКІ ГЕНЭРАЛ АДГАВОРВАЕ БЕЛАРУСАЎ ГАНАРЫЦЦА АДАМАМ МІЦКЕВІЧАМ
Адстаўны расейскі генэрал-лейтэнант замежнай выведкі Леанід Рашэтнікаў, заява якога пра нібыта стварэньне беларускай мовы ў 1926 годзе рашэньнем ЦК бальшавікоў выклікала міжнародны скандал і званок Лаўрова Мекею, — працягвае зьдзіўляць сваімі ацэнкамі. Гэтым разам ён заявіў, што «ганарыцца Міцкевічам» — гэта «жудасна».
У XVII СТАГОДЗЬДЗІ У МАСКВЕ БЫЛІ ПЕРАКЛАДНІКІ ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Апублікаваны штатны расклад Пасольскага прыказу (так у XVII стагодзьдзі называлася Міністэрства замежных справаў) Маскоўскага царства. Сярод пераліку пазначаны і перакладнік зь беларускай мовы. Пра наяўнасьць перакладнікаў зь беларускай у цяперашнім МЗС РФ нічога не вядома.
ПРАВААБАРОНЦУ ШЧУКІНА ВЫКЛІКАЛІ Ў СУД ЗА АКЦЫЮ, У ЯКОЙ ЁН НЯ ЎДЗЕЛЬНІЧАЎ
Вядомага праваабаронцу, сябра грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Валерыя Шчукіна выклікалі на пасяджэньне ў Маладэчанскі суд за ўдзел у акцыі, якая адбылася 2 сьнежня ля Маладэчанскага райвыканкаму. Аднак у акцыі Шчукін ня ўздельнічаў і знаходзіўся ў той час у іншым месцы.
МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ НЯ ВЕДАЕ, У ЧЫМ КАШТОЎНАСЬЦЬ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАГА СЬЦЯГА
Міністэрства культуры Беларусі зьвярнулася ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі з просьбай правесьці «навуковае дасьледаваньне з мэтай выяўленьня арыгінальных архіўных дакумэнтаў і матэрыялаў», якія адказалі б на пытаньне пра магчымасьць надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці. У кастрычніку актывісты «Маладога фронту» перадалі ў міністэрства 10 тысяч 540 подпісаў, сабраных пад зваротам аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
ЗА ЎШАНАВАНЬНЕ ПАМЯЦІ ПАЎСТАНЦАЎ КАЛІНОЎСКАГА — ШТРАФЫ
Трох актывістаў суд Лідзкага раёну пакараў за ўдзел ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якое адбылося 30 кастрычніка ў Сьвіслачы. Валеры Мінец пакараны штрафам у 105 рублёў, Вітольд Ашурак аштрафаваны на 630 рублёў, Вадзім Лявон — папярэджаны. «Нас судзяць за ўшанаваньне нашых герояў, каб мы забыліся на іх. Я ўжо ня першы раз з гэтым сутыкаюся і думаю, што нічога ў іх не атрымаецца» — заявіў Радыё Свабода Вітольд Ашурак.