Пракуратура Аўтаномнай Рэспублікі Крым, якая пасьля анэксіі паўвыспы Расеяй перадысьлякаваная ў Кіеў, хоча дапытаць былога прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі ў справе растраты дзяржаўнай маёмасьці ў Крыме.
Як паведамляе пракуратура, 11 верасьня 2015 года ў часе наведваньня дзяржаўнага канцэрну «Нацыянальнае вытворча-аграрнае аб’яднаньне «Масандра» расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і экс-прэм’ерам Італіі Сыльвіё Берлюсконі «грамадзянка Украіны, незаконна прызначаная на пасаду генэральнага дырэктара дзяржаўнага канцэрну, маючы намер на растрату чужой маёмасьці, асабіста адкаркавала для названых асоб адну бутэльку ўнікальнага калекцыйнага віна Херас-де-ла-Франтэра ўраджаю 1775 з калекцыйнага фонду, які ёсьць нацыянальным здабыткам Украіны і складае значную гістарычную, навуковую і практычную каштоўнасьць дзяржавы».
Паводле пракуратуры, падазраваная грамадзянка такім чынам нанесла страты Ўкраіне на суму 2,173 мільярды грыўняў (афіцыйны курс 1 даляр — 26,28 грыўняў). Паводле украінскага заканадаўства ёй пагражае ад 3 до 12 гадоў пазбаўленьня волі.