Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту (FIS) адхіліла шасьцёх членаў зборнай Расеі па лыжных гонках ад удзелу ў спаборніцтвах. Акрамя гэтага, фінал Кубка сьвету, які павінен быў прайсьці ў Цюмені ў сакавіку 2017 году, будзе перанесены ў іншую краіну. Аб гэтым паведамляецца на сайце фэдэрацыі.
Такое рашэньне зьвязана з расьсьледаваньнем сыстэмы ўтойваньня станоўчых допінг-пробаў расійскіх спартоўцаў падчас Алімпіяды ў Сочы ў 2014 годзе. Пра гэта паведамлялася ў дакладзе кіраўніка незалежнай камісіі Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва Рычарда Макларэна, які быў апублікаваны 9 сьнежня.
У ім сьцьвярджаецца, што больш за тысячу расейскіх спартоўцаў у 30 відах спорту прымалі допінг або былі ўцягнутыя ў маніпуляцыі з допінг-пробамі. Так, у 96 паўторна прааналізаваных пробах выяўленыя факты іх падмены.
Цяпер допінг-пробы 28 расейскіх атлетаў, якія пазначаны ў дакладзе, будуць адпраўленыя на паўторны аналіз.
Міжнародны алімпійскі камітэт мае намер пераправерыць усе пробы расейскіх спартоўцаў, якія выступалі ў Сочы, у Лёндане і ў Ванкувэры.
Першая частка дакладу Макларэна аб парушэньнях антыдопінгавых правілаў на зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 году ў Сочы была апублікаваная ў ліпені. Паводле інфармацыі незалежнай камісіі, сыстэма выкарыстаньня допінгу ў расейскім спорце мела дзяржаўную падтрымку.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызнаў наяўнасьць праблем допінгу ў расейскім спорце, але катэгарычна адхіліў існаваньне дзяржаўнай сыстэмы падтрымкі допінгу. Пра гэта Пуцін заявіў у пятніцу на штогадовай вялікай прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, адказваючы на пытаньне выданьня «Савецкі спорт».
Пры гэтым ён дадаў, што справа пра допінг у расейскім спорце знаходзіцца на кантролі Сьледчага камітэту Расеі, але для вырашэньня пытаньня неабходнае супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва. Сама дзейнасьць WADA павінна быць празрыстай. Спорт неабходна ачысьціць ад палітыкі, заявіў прэзыдэнт Расеі.