Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, вылучаная ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі (АГП), 22 сьнежня наведала ў Гомелі на Давыдаўскім рынку прадпрымальнікаў, гутарыла ў грамадзка-палітычным цэнтры з дэмакратычнымі актывістамі, сустрэлася ў гарвыканкаме з намесьнікам старшыні па эканоміцы.
«Гаварыце сьмела — гэта апазыцыйны дэпутат»
«Я ўваходжу ў сталую камісію эканамічнай палітыкі Палаты прадстаўнікоў і хачу бачыць сытуацыю ў эканоміцы ня толькі з гледзішча сталіцы, але і ў рэгіёнах. Паглядзіце, што атрымліваецца: 98 адсоткаў правераных дзяржаўнымі органамі прадпрыемстваў падпадаюць пад розныя штрафныя санкцыі. У нас што — такія недасьведчаныя фінансісты й бухгальтары або заканадаўства такое, што працаваць без парушэньняў немагчыма? Таму й мушу паслухаць і прадпрымальнікаў, і актывістаў, і чыноўнікаў», — гэтак патлумачыла Канапацкая, ідучы на Давыдаўскі рынак, мэту свайго прыезду ў Гомель.
З дэпутаткай найбольш ахвотна ўступалі ў размовы менавіта прадпрымальнікі-мужчыны. Жанчыны — тыя найбольш абмяжоўваліся агульнымі фразамі: «У нас усё няблага, але зьнізілася пакупніцкая здольнасьць насельніцтва», «Нават з дэпутатам „сьвяціцца“ ня хочам — не фатаграфуйце. Навошта лішнія праблемы».
Прадпрымальнікі-мужчыны даводзілі, што надзённай застаецца адмена ўказу № 222, зьмяншэньне падатковага гнёту і спыненьне хвалі розных праверак і справаздач. Магчыма, падзейнічалі словы старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, які прыехаў з Канапацкай і падахвоціў прадпрымальнікаў: «Гаварыце сьмела — гэта апазыцыйны дэпутат».
«Прыслалі з падатковай інспэкцыі Савецкага раёну патрабаваньне запоўніць яшчэ цэлую табліцу, апроч тых справаздач, якія мы рабілі заўсёды. І пагражаюць рознымі карамі», — кажа прадпрымальнік Аляксей.
«Калі гэта не нарматыўна-прававы дакумэнт, абскарджвайце ў вышэйстаячай інспэкцыі. Нічога не атрымліваецца, тады ў суд на канкрэтнага падпісанта такога патрабаваньня. Бо калі сядзець склаўшы рукі, то паператворчасьць рознага роду чыноўнікаў будзе толькі квітнець», — раіць дэпутатка.
«Канапацкая — ня Дзед Мароз»
У грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай на сустрэчу з Канапацкай прыйшлі больш за паўсотню актывістаў абласнога цэнтру. Мадэратар сустрэчы, намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў падкрэсьліў, што размова мусіць ісьці ў рэчышчы таго, як найлепей выкарыстаць мандат Ганны Канапацкай дзеля удасканаленьня заканадаўства, прасоўваньня эканамічных рэформаў, умацаваньня грамадзянскай супольнасьць: «Мандат Ганны — гэта ня толькі мандат аднаго чалавека, але і ўсёй партыі, усіх дэмакратычных сілаў».
«Ня трэба толькі ставіцца да Ганны, — заклікаў Анатоль Лябедзька, — як да Дзеда Мароза. Вось яна ідзе зь вялікім мехам і раздае пачастункі альбо робіць нейкія цуды. Цудаў ня будзе».
На думку сябра АГП, экс-старшыні Гомельскага гарсавету й гарвыканкаму Сьвятланы Гальдадэ праз Ганну Канапацкую актывісты партыі, экспэрты, удзельнікі Асамблеі народных прадстаўнікоў атрымалі магчымасьць знаёміцца з законапраектамі на стадыі іх падрыхтоўкі з тым, каб уносіць туды неабходныя зьмены і папраўкі. І галоўнае — заблякаваць тыя законапраекты, якія абмяжоўваюць свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй.
«Дажыліся: дзяржава прызывае маладых людзей у войска, а гэтыя гады не ўваходзяць ім ані ў які стаж. Чалавек даглядае састарэлага сваяка, але гэта ня лічыцца заробкам, а толькі дапамогай. І такіх парадоксы на кожным кроку», — заўважае Гальдадэ.
«Чыноўнікі сябе падстрахавалі»
Дэпутат Вярхоўнага савету 13 скліканьня Віктар Хоміч зьвярнуў увагу на тое, што без рэфармаваньня палітычнай сыстэмы у краіне сытуацыя зь месца ня зрушыцца: «Гэта ж цырк: дэпутаты ня маюць права зьмяняць расходныя лічбы ў законе пра дзяржаўны бюджэт. І што атрымліваецца? Пяць гадоў таму расходы на агульнадзяржаўную дзейнасьць у структуры нацыянальнага бюджэту складалі адну пятую частку, сёлета ўжо — 50 адсоткаў. Чыноўнікі сябе падстрахавалі. А як жыць сацыяльна неабароненым грамадзянам? Альбо яшчэ такі прыклад. Паглядзіце, бюджэт на 2016 год сфармаваны з прафіцытам — у эквіваленце 9 мільярдаў даляраў. А тым часам Лукашэнка езьдзіць па сьвеце каб знайсьці 3-мільярдны крэдыт. Куды падзеліся грошы? Пытаньне!»
Гучалі прапановы пра неабходнасьць распрацоўкі антыкрызыснай праграмы, зьменаў у выбарчым заканадаўстве — найперш у справе фармаваньня выбарчых камісіяў, скасаваньня датэрміновага галасаваньня, празрыстасьці падліку галасоў. Сама Ганна Канапацкая выступае за дэкрыміналізацыю ў краіне эканамічных стасункаў, скасаваньне артыкулаў у Крымінальным кодэксе за ілжэпрадпрымальніцтва.
Разварушыць «палітычнае балота»
Было заяўлена, што праз Аб’яднаную грамадзянскую партыю і памочнікаў у Менску мае адкрыцца ўжо у студзені Рэспубліканская грамадзкая прыёмная дэпутата Ганны Канапацкай, каб выбарцы, партыі, рухі, аб’яднаньні маглі ўносіць прапановы дзеля вырашэньня палітычных і эканамічных пытаньняў, у тым ліку й праз заканатворчасьць.
Прагучала на сустрэчы й меркаваньне, чаму вышэйшая беларуская ўлада дапусьціла ў Палату прадстаўнікоў менавіта дзьвюх жанчын — Ганну Канапацкую і Алену Анісім. У зьвязку з трэцяй амбітнай жанчынай, Тацянай Караткевіч, якая выявіла летась свае прэзыдэнцкія амбіцыі, галасы выбарнікаў падчас новай прэзыдэнцкай кампаніі будуць расьцягнуты па лапіках, як коўдра, якую тузаюць з розных бакоў.
Пасьля сустрэчы ў грамадзка-палітычным цэнтры Ганна Канапацкая накіравалася на размову з намесьнікам старшыні Гомельскага гарвыканкаму Сяргеем Андрэевым, адказным у горадзе за сацыяльна-эканамічныя пытаньні. Гарадзкі чыноўнік не схацеў, каб на сустрэчы прысутнічалі ні журналісты, ні прадстаўнікі АГП, якая вылучыла Ганну Канапацкую ў дэпутаты. Пры гэтым гутарка вялася толькі пра становішча прадпрымальніцтва і малога бізнэсу ў паўмільённым абласным цэнтры.