Навумчык: Калі прыйшло паведамленьне пра прызначэньне новага кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай, адзін мой калега сказаў, што вось зьявіўся ў Беларусі нарэшце чалавек № 2. Я гэтаму запярэчыў, што зусім не абавязкова Качанава будзе такім чалавекам, хоць канешне ў найноўшай гісторыі Беларусі яна самая высокапастаўленая жанчына.
Хто займае другую пазыцыю ў краіне паводле ўплыву — істотна і ў аўтарытарных, і ў дэмакратычных дзяржавах. Прыгадайма, як Амэрыка сёлета абмяркоўвала, каго ж кандыдаты ў прэзыдэнты намінуюць на пасаду віцэ-прэзыдэнта, і вось цяпер вельмі вялікая цікавасьць да асобы будучага віцэ-прэзыдэнта Пэнса, бо ў выпадку імпічмэнту Трампу менавіта ён будзе выконваць абавязкі прэзыдэнта, як у свой час Форд замяніў Ніксана. Што ўжо казаць пра краіны аўтарытарныя.
У пэрыяд «раньняга Лукашэнкі» кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта сапраўды быў другой паводле ўплыву асобай — менавіта Леанід Сініцын падбіраў кандыдатуры і прэм’ера, і міністраў, быў ён і архітэктарам сумнавядомага рэфэрэндуму-95. Але зь цягам часу вага гэтай пасады зьмянілася , і цяпер яна залежыць ад таго, каго на яе прызначылі. Качанава, я ўпэўнены, ня будзе мець таго ўплыву, які мелі, напрыклад, Мясьніковіч альбо Макей.
Увогуле, тое, што вакол гэтага прызначэньня адбылося, мне нагадала савецкія часы мінімум зь дзвюх прычынаў.
У часы СССР амэрыканскія і заходнеэўрапейскія крэмлінолягі (а працавалі цэлыя інстытуты, дзясяткі, сотні чалавек з навуковымі ступенямі) аналізавалі, хто ж у Савецкім Саюзе пасьля Леаніда Брэжнева зьяўляецца пэрсонай нумар два. Аналіз грунтаваўся на вывучэньні, хто за кім стаіць на трыбуне маўзалея, хто і як сядае ў прэзыдыюм, у якой пасьлядоўнасьці падпісваюцца нэкралёгі. І давалі пальму першынства альбо Кірыленку, альбо Чарненку, альбо Суславу. Тым часам як насамрэч з кастрычніка 1964-га да моманту сваёй сьмерці ў студзені 1982-га другой асобай у савецкім Саюзе быў сакратар ЦК Міхаіл Андрэевіч Суслаў і ніхто іншы. Пры тым, што і Кірыленка меў вялікі ўплыў, і Чарненка таксама, як вельмі блізкі да Брэжнева чалавек і загадчык Асобага аддзелу ЦК, а потым сакратар і член Палітбюро. Гэтак жа сама памыліліся і беларускія аналітыкі, калі рабілі прагнозы наконт верагоднага прызначэньня ў адміністрацыю Сідорскага.
Другое: заходнія крэмлінолягі цудоўна разумелі, што зусім не канстытуцыйна вызначаны парадак пасадаў абумоўліваў рэальную значнасьць пэрсонаў, што зусім не абавязкова старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету быў другой асобай, а старшыня Савету міністраў — трэцяй. Яны разумелі, што існавалі нейкія іншыя крытэрыі, асноўны зь іх — блізкасьць да Брэжнева. Прыгадваецца гістарычны анэкдот: Павал І, расейскі цар, на пытаньне аднаго замежнага дыплямата, хто найбольш уплывовы чалавек у імпэрыі пасьля яго, адказаў: «У імпэрыі ёсьць, акрамя мяне, толькі адзін уплывовы чалавек — гэта той, з кім я ў пэўны момант размаўляю і толькі да таго моманту, пакуль я зь ім размаўляю». Тое самае тычыцца і цяперашняй Беларусі. Паводле Канстытуцыі, другой асобай зьяўляецца прэм’ер-міністар, ён замяшчае прэзыдэнта ў выпадку ягонай сьмерці альбо немагчымасьці выкананьня абавязкаў. Але ўсе цудоўна разумеюць, што гэта фігура, якая можа быць прызначаная, у тым ліку і з удзелам гэтай самай «другой пэрсоны».
Другая пэрсона зь вялікай доляй верагоднасьці, асабліва ў аўтакратычных рэжымах, робіцца наступнікам, хоць для аналізу яна важная ня толькі і ня столькі гэтым, колькі сваім цяперашнім уплывам і сваімі прыярытэтамі.
Пра Качанаву я сказаў вышэй. Але існуе яшчэ дзьве асобы, якія могуць прэтэндаваць паводле свайго ўплыву на ролю «другога нумара».
Гэта Ўладзімер Макей, цяперашні міністар замежных спраў. Менавіта яму належыць заслуга калі не нармалізацыі, дык істотнага паляпшэньня адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам. Мы ўсе ня вельмі любім прызнавацца ў сваіх памылках, але я мушу прызнаць, што ў свой час памыляўся, калі казаў, што з прыходам Макея ў Адміністрацыю прэзыдэнта, увогуле на першыя ролі ў дзяржаве, будуць заціснутыя гайкі. Я рабіў такія высновы на падставе яго біяграфіі, бо ён прыйшоў з Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, ён кадравы афіцэр КДБ, і тут, здавалася б, ніякіх нечаканасьцяў быць не магло — як сьпяваў Высоцкі, «кроме мордобития, никаких чудес». Ну і сапраўды, спачатку гайкі калі не закручваліся, дык і не раскручваліся. Але на пасадзе кіраўніка Міністэрства замежных спраў, як мы ўбачылі, ён зрабіў пэўныя ініцыятывы, якія ранейшыя ягоныя папярэднікі не рабілі. Гэта, найперш, пацяпленьне адносінаў з Захадам, якое некаторыя аналітыкі разглядаюць як свайго кшталту бутафорскае прыкрыцьцё, прыгожую «карцінку» для Вашынгтону і Брусэлю. Можна, канешне, даваць і такую ацэнку. Але з другога боку, цяжка спрачацца з высновай, што ў выпадку пагрозы анэксіі Беларусі Расеяй, больш шчыльныя кантакты Беларусі (нават зь яе цяперашнім кіраўніцтвам) з Захадам і ЗША зьмяншаюць магчымасьці Крамля.
Але для мяне індыкатарам зрабілася, як ні дзіўна, зусім ня нейкі палітычны крок, а праведзеная вясной гэтага году ў сьценах Міністэрства замежных справаў выстава, прысьвечаная Васілю Быкаву. Ізноў жа, можна расцэньваць гэтую выставу як спробу прадэманстраваць замежным дыпляматам, якія былі запрошаныя на адкрыцьцё, што Беларусь мяняецца, рушыць у нібыта дэмакратычным накірунку. Але крыху ведаючы прыярытэты заходніх палітыкаў, я абсалютна ўпэўнены, што беларускія нацыянальныя каштоўнасьці, беларуская літаратура і беларуская мова — зусім не зьяўляюцца гэтымі прыярытэтамі для іх. Правы чалавека, свабодныя выбары, адсутнасьць палітвязьняў — вось іх прыярытэты. Макей мог абысьціся і бяз гэтай выставы, тым ня менш яна была праведзеная і нават там былі фотаздымкі Быкава разам са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. З Пазьняком здымкаў, праўда, не было, але, як казалі, выстава рабілася літаратурным музэем, і МЗС паставіў тое, што прадставіў музэй.
Гэта індыкатар, які сьведчыць пра пэўны лібэралізм Уладзімера Макея, ва ўсялякім разе, калі меркаваць па гэтых кроках.
Яшчэ адна асоба, якая можа разглядацца у якасьці другой паводле ўплыву — гэта старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, які выконвае функцыі памочніка па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Менавіта яму падпарадкоўваецца служба бясьпекі, сілавыя структуры, і на гэтым можна было б паставіць кропку, бо ў дзяржавах аўтарытарных гэтыя структуры вызначаюць калі ня ўсё, дык шмат што.
А ўвогуле, паўтараю, мы ў гэтым сэнсе вярнуліся ў савецкія часы, нават не ў пачатак 90-х гадоў, калі Кебіч хоць і вырашаў, хто будзе займаць пасады ва ўрадзе і нават у Вярхоўным Савеце, але дэпутаты мелі рычагі ўплыву і маглі заблякаваць нейкае прызначэньне (і, здаралася, блякавалі). Цяпер Палата прадстаўнікоў і Нацыянальны сход ня маюць увогуле абсалютна ніякага ўплыву, і апошні чыноўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі вырашае болей, чым кіраўнік нейкай «палатачнай» камісіі.
Сапраўды, аналітыкам толькі і застаецца глядзець, хто як сядзіць, справа ці зьлева. І чакаць, пакуль яны напішуць мэмуары, у будучыні.
Грузьдзіловіч: Я згадаў знаёмага сьледчага, у якога я спытаўся, як вы расьсьледуеце забойствы, які ў вас асноўны мэтад. Ён кажа: вельмі просты — складаецца сьпіс падазроных, а потым мэтадам выключэньня прыбіраюцца тыя, хто ня мог гэтага зрабіць. Тады пойдзем па гэтым мэтадзе.
Віктар Лукашэнка: ён вельмі магчымы кандыдат на гэтую другую ролю, але ўсё ж тое, што яму падпарадкоўваюцца сілавыя ведамствы — перабольшаньне. Ён іх як бы курыруе — гэта розныя рэчы. Ён пастаўлены бацькам для таго, каб назіраць за гэтым усім і дакладаць яму аб нейкіх пытаньнях, раіць пасады, кадравыя рашэньні і г. д. Ён дарадца над дарадцамі.
Навумчык: Добра, я здымаю сваё слова «падпарадкоўваецца» — хай будзе «курыруе». Але і гэтага дастаткова, бо, як казаў адзін гістарычны пэрсанаж, «кадры вырашаюць усё».
Грузьдзіловіч: Натальля Качанава — сапраўды вельмі ўплывовая цяпер асоба. Што такое Адміністрацыя прэзыдэнта? Гэта орган, які падбірае людзей на розныя пасады. Вось менавіта дзеля таго, што дрэнна стала гэта працаваць апошнім часам, і быў зьняты Косінец. Дык цяпер Качанава будзе вырашаць, каго куды паставіць, і на нейкі пэўны пэрыяд яна становіцца другім чалавекам — калі ідуць пэртурбацыі ў кадрах, а яны ўжо пачаліся. Але потым, калі ўсё стабілізуецца, яе роля паменшыцца і на другога чалавека яна прэтэндаваць ня будзе.
Уладзімер Макей — таксама вельмі значная ўплывовая асоба. Пасьля таго, як ён кіраваў Адміністрацыяй прэзыдэнта, вельмі эфэктыўна, удала з пункту гледжаньня палітыкі Лукашэнкі, ён і ў МЗС цяпер удала і эфэктыўна кіруе, і паводле згадваньня яго ў мэдыях, дзяржаўных і недзяржаўных, ён у лідэрах, сапраўды другі чалавек.
Але я хацеў бы падкрэсьліць, што гэта людзі другога эшалёну, першы застаецца за Лукашэнкам.
Калі мы згадаем нядаўні досьвед Узбэкістану, дзе нядаўна памёр прэзыдэнт Карымаў і вызначаліся, хто будзе новым прэзыдэнтам, перамог Мірзіёеў, якога паставіла Масква. То бок другім чалавекам у Беларусі будзе той, каго паставіць Масква. Што гэта будзе за чалавек, сёньня цяжка прадказаць, але я думаю, што пэўныя людзі Масквой выбраныя, і Макей наўрад ці ў гэтым сьпісе. Якраз таму, што ён займае выразную праэўрапейскую пазыцыю.
Цыганкоў: У сытуацыі з Лукашэнкам, на жаль, нам нічым не дапаможа ведаць, хто сядзіць побач зь ім. Бо звычайна бліжэй да Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца нейкая маладая дзяўчына, на ўсіх канцэртах і на прыёмах. Наўрад ці можна меркаваць, што маладыя дзяўчаты, якія знаходзяцца каля Аляксандра Лукашэнкі, будуць вырашаць лёс Беларусі.
Паводле Канстытуцыі, другая асоба пасьля Лукашэнкі — прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў. І тут ёсьць асаблівасьць, што Андрэй Кабякоў нарадзіўся не ў Беларусі, а гэта значыць у выпадку нармальных прэзыдэнцкіх выбараў ён проста ня можа быць зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты.
Гэта ўжо іншая справа, ці ўлічваў гэта Аляксандар Лукашэнка, калі прызначаў яго. Бо дагэтуль усе прэм’ер-міністры былі этнічныя беларусы. Але гучалі такія меркаваньні, што Лукашэнка быў занепакоены аўтарытэтам Сідорскага і яго магчымым патэнцыялам, сувязямі сярод намэнклятуры, і выбраў Кабякова. У яго яго ёсьць патэнцыял і сувязі, але няма ніякай легальнай магчымасьці стаць наступнікам Аляксандра Лукашэнкі.
Натальля Качанава ў другі эшалён людзей каля прэзыдэнта не ўваходзіць, паколькі яе функцыя дастаткова вузкая — выконваць усе распараджэньні. Яна чалавек новы, зь ніадкуль, «з гразі ў князі», па-беларуску «горшы пан калі з мужыкоў пан», таму менавіта яна, прыйшоўшы з правінцыі, ня мае вялікай каманды, намэнклятурных сувязяў і не ўяўляе ніякай пагрозы і нават вялікай вагі, а проста будзе мэтанакіравана і самааддана выконваць загады. Асабліва першы час свайго знаходжаньня на пасадзе, не клапоцячыся пра свой палітычны інтарэс. Менавіта гэтым, мне здаецца, і кіраваўся Аляксандар Лукашэнка, калі прызначаў яе кіраўніком Адміністрацыі.