Турэцкі прэзыдэнт назваў забойцу пасла Расеі прыхільнікам свайго апанэнта Гюлена

Фэтхулах Гюлен

Прэзыдэнт Турэччыны Рэждэп Эрдаган заявіў, што турэцкі паліцыянт, які забіў у Анкары пасла Расеі, уваходзіў у арганізацыю ісламскага прапаведніка Фэтхулаха Гюлена.

«Няма сэнсу хаваць, што ён член сеткі FETÖ,» — заявіў Эрадаган на прэс-канфэрэнцыі 21 сьнежня. FETÖ — гэта скарачэньне ад словаў «Фэтхулахава тэрарыстычная арганізацыя». Так турэцкія улады называюць прыхільнікаў Гюлена.

Сам Гюлен асудзіў забойства расейскага амбасадара Андрэя Карлава, назваўшы яго «агідным актам тэрору».

Амбасадар быў забіты дзевяцьцю стрэламі, калі рабіў прамову на адкрыцьці фотавыставы ў Анкары 19 сьнежня. Нападнік, паліцыянт Мэўлют Алтынташ, пазьней быў застрэлены паліцыяй.

Падчас нападу Алтынташ выкрыкваў «Алепа!» ды ісламскія лёзунгі.

Гюлен вядомы як заснавальнік грамадзка-палітычнага руху «Гізмет», былы імам, пісьменьнік. З 1999 году жыве ў штаце Пэнсыльванія, ЗША. Паводле ангельскага часопісу The Economist, «Гізмет» грунтуецца на ідэях пацыфізму, прапануе сучасны погляд на іслам, а таксама супрацьстаіць экстрэмісцкай плыні — салафізму.

Але турэцкія ўлады лічаць Гюлена тэрарыстам і арганізатарам спробы вайсковага перавароту, які адбыўся ў краіне сёлета ў ноч на 16 ліпеня.