Адразу скажам — у сучасных шырокамаштабных дасьледаваньнях, у якіх брала ўдзел вялікая колькасьць людзей, паказана, што алькаголь увогуле можна не ўжываць і гэта ніякім чынам не паўплывае на працягласьць жыцьця ў бок скарачэньня. Тым ня менш, калі ўжываньне алькаголю мае жорстка абмежаваныя ўмовы, ён можа садзейнічаць у комплексе з дыетай і фізычнай актыўнасьцю прадухіленьню сардэчна-судзінных захворваньняў і дэмэнцыі (або значнаму зьніжэньню памяці).
Лічыцца, што бясьпечнай дозай ужываньня алькаголю зьяўляецца адзін drink — гэта невялікі келіх добрага, якаснага чырвонага віна. Дапушчальна піць яго пяць разоў на тыдзень, прычым абавязкова павінен быць перапынак у два дні. У чырвоным віне знаходзяцца карысныя рэчывы, якія як цярпены, якія маюць станоўчы ўплыў на стан судзінаў.
Увогуле, ужываньне чырвонага віна ўваходзіць у комплекс так званай міжземнаморскай дыеты, якая, акрамя віна, складаецца зь вялікай колькасьці садавіны і гародніны, зеляніны, арэхаў, расьліннага алею. Такая дыета зьяўляецца самым эфэктыўным сродкам (калі мова ідзе пра харчаваньне) прадухіляць хваробы сэрца і судзінаў. Цяпер навукоўцы схіляюцца да таго, што алькаголь хутчэй ня мае самастойнага значэньня ў гэтым, а прадухіляе хваробы ўвесь комплекс міжземнаморскай дыеты.
У клінічнай практыцы часта даводзіцца сустракацца з пацыентамі, якія маюць розныя ступені атлусьценьня. Самай каштоўнай парадай, якая прыводзіць (калі яе пільна датрымліваць) да нармалізацыі вагі — міжземнаморская дыета. Як кажуць сучасныя дыетолягі — каб схуднець — трэба не галадаць, а наадварот есьці, але ня ўсё запар, а добрыя рэчы, якія складаюць міжземнаморскую дыету. А алькаголь ў вельмі невялікіх аб’ёмах добрага якаснага віна не пашкодзіць.
Напрыканцы прыгадаем словы знакамітага кардыёляга, акадэміка Яўгена Чазава, які, выпівае штодзень невялікі кілішак каньяку: «Я выпіваю адзін кілішак, і ніякая сіла не прымусіць мяне працягваць, але, на жаль, многіх ніякая сіла ня можа прымусіць на гэтым спыніцца».
Карысная парада: ужываючы алькаголь, памятайце, што чым менш яго, тым лепш. Карыснае значэньне мае ня сам алькаголь, але сыстэма харчаваньня, якая будуецца вакол яго, напрыклад, міжземнаморская дыета, што дапускае невялікую, вельмі абмежаваную колькасьць чырвонага якаснага віна. Рабіце акцэнт не на алькаголь, а на іншыя карысныя прадукты міжземнаморскай дыеты — зеляніну, садавіну, арэхі, аліўкавы алей.