Пітэр Памяранцаў пра сьвет, дзе факты ня маюць значэньня

Пітэр Памяранцаў

Кібэратакі, перамога на выбарах кандыдатаў, чый козыр – эмацыйна насычаная рыторыка, і ўсепранікненьне мовы нянавісьці даюць падставу як паліттэхнолягам, так і пісьменьнікам казаць пра неабходнасьць прыстасавацца да новай рэальнасьці – міру пост-праўды (post-truth).

Аб асноўных выкліках для рэчаіснасьці, якую апісвае гэты тэрмін, прызнаны словам года Оксфардзкім слоўнікам ангельскай мовы, распавядае брытанскі журналіст і спэцыяліст у пытаньнях мэдыяў у сучаснай Расеі Пітэр Памяранцаў. Радыё Свабода пабывала на публічнай дыскусіі зь ім у праскай бібліятэцы імя Вацлава Гаўла.

Кніга Пітэра Памяранцава «Праўдзівага нічога, магчымае ўсё» завяршаецца наступным чынам: фрагмэнты рэальнасьці, якую яму даводзілася бачыць на пачатку 2000-х у Расеі, працуючы там тэлевізійным прадзюсэрам, ён цяпер назірае і на Захадзе.

«Палітыкі заўсёды хлусілі. Газэты таксама не вылучаліся праўдзівасьцю. Нічога незвычайнага ў гэтым няма, – разважае ён. – Але калі я жыў у Расеі, мне здавалася дзіўным, што ні палітыкі, ні людзі, якія слухалі гэтую хлусьню, не пераймаліся з гэтай нагоды. Таму, калі Пуцін кажа ўсяму сьвету, што ў Крыме няма расейскіх вайскоўцаў, але ўсе ведаюць, што яны там ёсьць, ён, груба кажучы, сьцьвярджае, што факты больш ня маюць значэньня, маўляў, вы таксама хлусіце, усе хлусяць».

Добра знаёмая будучыня

Тое, што факты для шырокай грамадзкасьці страчваюць сваю значнасьць, пацьвердзілі, паводле яго, посьпех кампаній у падтрымку Brexit і перамога Дональда Трампа. Сёньня лідэры краінаў усё часьцей для падтрыманьня свайго рэйтынгу ў эпоху пост-палітыкі зьвяртаюцца да замяшчэньня фактаў настальгіяй, фантазіямі, фобіямі, каб адцягнуць насельніцтва ад думкі пра заўтрашні дзень. І гэта дзейнічае, лічыць публіцыст, бо Расея страціла ідэю адносна сваёй будучыні яшчэ ў канцы 90-х, а заходнія вэктары – «глябалізацыя і эўраінтэграцыя паводле змоўчаньня» – вычарпалі сябе ў 2008 годзе. Таксама пры адсутнасьці лепшага бачаньня свайго разьвіцьця краіны, як і ў часы Халоднай вайны, мысьляць дваістымі катэгорыямі, падзяляючы сьвет на «яны» і «мы», не задумваючыся, што пагроза, магчыма, ня ў тым, што Расея замахваецца на Захад, а ў тым, што Пуцін і Трамп стануць хаўрусьнікамі, каб паквапіцца на сусьветны парадак, запэўнівае мэдыяэкспэрт.

«А насамрэч сьвет цяпер, як у Камасутры: тут усе адны ў адных заблыталіся. І калі і ёсьць нейкая дваістасьць, то гэта паміж лібэральнымі інтэрнацыяналістамі, кім бы яны ні былі, і гэтай дзіўнай сумесьсю нацыяналістаў, анарха-капіталістаў і лібэртарыянцаў, якія нейкім дзіўным чынам мяшаюцца з нацыяналізмам», – перакананы Пітэр Памяранцаў.

Ваша каціная магутнасьць

Зрэшты, публіцыст заклапочаны ня столькі тым, што факты страчваюць каштоўнасьць, як тым, што людзі ўжо ня здольныя размаўляць адны з аднымі, не ператварыўшы размову ў грубую спрэчку. Ён прапануе задумацца, чаму коцікі такія папулярныя ў Facebook. Тэма, адзначае журналіст, сурʼёзная, бо прадстаўнікі групоўкі «Ісламская дзяржава» таксама пашыраюць малюнкі з пухнатымі і паласатымі.

У кантэксьце гэтага Пітэр Памяранцаў успамінае дасьледаваньні аднаго зь вядучых экспэртаў інфармацыйных тэхналёгій Ўолтара Кватрачоке, які вывучае наратывы сацыяльных мэдыяў. Той сьцьвярджае, што эмоцыі людзей, калі яны ў сацсетках, заўсёды зьмяняюцца са станоўчых на адмоўныя, незалежна ад таго, хто перад экранам – скептык-журналіст, навуковец або прыхільнік кансьпіралёгіі. Яго тэорыя сьцьвярджае: сацыяльныя мэдыі працуюць як наркотык для нарцысічнай сутнасьці кожнага чалавека, ты ідзеш туды ў пошуках прызнаньня і ўхвалы, каб падсілкаваць сваё эга, спусьціць пару, але бескарысна, таму што нарцысізм нястрымны. Ведамі пра гэта пасьпяхова карыстаюцца, каб прытупіць пільнасьць.

«Я гляджу на сваю Facebook-старонку. Там заўсёды пачынаецца з таго, што кантактуюць два чалавекі. Пад канец усе сварацца. Гэта як расейская званая вячэра. І гэта можа і сапраўды так, таму што многія мае сябры – расейцы, і яны пʼюць, седзячы ў Facebook, але тут крыху іншае, – кажа публіцыст. – Ты робісься ўсё больш раздражнёным, а кацяня дае магчымасьць табе на імгненьне адчуць сябе магутным, ты бачыш нешта маленькае, што можна прылашчыць. Гэта як доза морфію для нарцысізму: о, я такі магутны, такі моцны!»

Пітэр Памяранцаў лічыць, што ў журналістаў няма іншага выйсьця, акрамя як прыняць лёгіку новай тэхналёгіі і, так бы мовіць, вынайсьці журналістыку зноў: замест таго, каб толькі зьвяртацца да аўдыторыі, зразумець, што яна адчувае. Гэта значыць, гаворка ідзе аб засваеньні інструмэнтаў, якія ўжо сёньня пасьпяхова выкарыстоўваюць для правядзеньня палітычных кампаній папулісты. Хоць бы для таго, каб іх своечасова нэўтралізаваць.


***

Кніга Пітэра Памяранцава «Праўдзівага нічога, магчымае ўсё» (арыгінальная назва Nothing Is True and Everything Is Possible: The Surreal Heart of the New Russia) атрымала прэмію імя Майкла Андачы, якую штогод прысуджае брытанскі Каралеўскі літаратурны саюз за мастацкія і дакумэнтальныя творы, якія найлепшым чынам раскрываюць дух пэўнай краіны або рэгіёну.