За ўдзел у чытаньнях ля помніка Багдановічу будуць судзіць

  • БелаПАН

Каля помніка Максіму Багдановічу чыталі яго творы

Як найменей чатырох сяброў руху «За Свабоду», у тым ліку старшыню арганізацыі Юрыя Губарэвіча, будуць судзіць за ўдзел у літаратурных чытаньнях, прысьвечаных 125-годдзю зь дня нараджэньня Максіма Багдановіча, якія прайшлі каля помніка паэту ў Менску ўвечары 9 сьнежня.

Усіх актывістаў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні, паведамляе прэсавая служба арганізацыі. Губарэвіча дадаткова абвінавачваюць у арганізацыі гэтага мерапрыемства.

На думку міліцыі, парушэньне закону выявілася ў «сумеснай масавай прысутнасьці» грамадзянаў каля помніку Багдановічу. Аднаго з актывістаў, Аляксея Саевіча, таксама абвінавачваюць у тым, што ён трымаў бел-чырвона-белы сьцяг і чытаў вершы.

«Абсурдная лёгіка ўладаў. Калі афіцыйнае мерапрыемства, то туды можна заганяць студэнтаў, вайскоўцаў, якія на іх сумуюць. А калі людзі праявілі ўласную ініцыятыву, за гэта яны трапляюць пад рэпрэсіі. Усе што не дазволена, усё забаронена», — адзначыў Губарэвіч.