Кім застанецца ў гісторыі Абама?

Ці спраўдзіў ён спадзевы, якія ўскладаліся на яго? Слабым, сярэднім ці вялікім лідэрам быў першы чарнаскуры прэзыдэнт Амэрыкі? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Днямі прэзыдэнт ЗША Барак Абама правёў сваю апошнюю ў гэтым годзе прэс-канфэрэнцыю. Гэта нагода паразважаць пра ягоную гістарычную спадчыну.

Па-першае, можна сказаць пра ягоны асабісты імідж і нагадаць пра тыя чаканьні, якія былі ў 2008 годзе. Чаканьні былі неверагодныя, магчыма нават завышаныя, эўфарычныя. Тады Абама перамог як палітык не з Вашынгтону, не з істэблішмэнту, з прагрэсіўнымі падыходамі, і на фоне Джорджа Буша-малодшага выглядаў міратворцам і рэфарматарам.

Забаўна, але цяпер гэтак сама ўспрымаецца Дональд Трамп, які прыйшоў з тымі самымі лёзунгамі, як кандыдат «ад народу», а не ад эліты. «Yes, we can» — «Так, мы можам» — гэта быў лёзунг Абамы, ён успрымаўся — некаторымі — як чалавек, які разбурыць тую «заганную» сыстэму, якая існуе ў Вашынгтоне.

Што мы бачым праз 8 гадоў? Абама і кандыдатка ад дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан як раз дзякуючы Трампу ўспрымаюцца як прадстаўнікі таго самага істэблішмэнту. Гэта важна разумець для таго, каб бачыць, наколькі кансэрватыўныя і ўстойлівыя амэрыканскія палітычныя інстытуты. Многія з кандыдатаў у прэзыдэнты прыходзяць з жаданьнем гэтыя інстытуты зьмяніць, рэфармаваць, але звычайна мала што ў іх атрымліваецца. Калі ў 2008 годзе на фоне гіпатэчнага крызісу, які перарос у банкаўскі і нават эканамічны, у ЗША да ўлады прыйшоў малады прэзыдэнт, першы афраамэрыканец на гэтай пасадзе, то на яго ўскладаліся вельмі вялікія чаканьні, як у краіне, гэтак і ў сьвеце. Магчыма, гэтая эўфарыя ў пэўным сэнсе была нават празьмерная.

Але Абама даў рады гэтаму крызісу. Асноўныя паказьнікі эканомікі ЗША канстатуюць рост ВУП, зьмяншэньне беспрацоўя, і самыя страшныя чаканьні ад таго крызісу, калі многія пісалі, што ён будзе ледзь ня новай Вялікай дэпрэсіяй, далёка адышлі. На думку многіх эканамістаў, наступствы не да канца былі вычарпаныя, але самага страшнага сцэнару дзякуючы Абаму, які радыкальныя захады прыняў па пагашэньні грашыма гэтага крызісу, не было. Першыя дзеяньні ва ўнутранай палітыцы — гэта Obamacare, праграма мэдычнага страхаваньня, і тут меркаваньні ад нэўтральнага да нэгатыўнага. Дзякуючы супраціву рэспубліканскага кангрэсу Абаму не ўдалося зрабіць таго, што ён хацеў, і рэформа сыстэмы мэдычнага страхаваньня спынілася пасярэдзіне.

Барак Абама нават у першы год прэзыдэнцтва стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру за 2009 год. Узнагарода была прысуджаная яму з фармулёўкай «за вялізныя намаганьні па ўмацаваньні міжнароднай дыпляматыі і супрацоўніцтва паміж народамі». Яна была ўручаная яму авансам, але ён сапраўды зрабіўся міратворцам. Ён падпісаў вядомую ядзерную ўгоду з Іранам, вывеў амэрыканскія войскі з Аўганістану і Іраку.

Але праблема ў тым, што ўсе гэтыя дзеяньні не былі адназначна станоўча ацэненыя ў сьвеце, былі спрэчныя. Яны прывялі да ўтварэньня «Ісламскай дзяржавы», якая зараз зьяўляецца галоўнай пагрозай для сьвету. За апошнія гады на тэрыторыі Эўропы адбываліся шматлікія тэракты, «ІД» кантралюе вялікія тэрыторыі ў Іраку і Сырыі. Падчас выбараў гэта было галоўным з папрокаў на адрас адміністрацыі Абамы ад Дональда Трампа.

Абама прывабны для мэдыяў, ён жывы чалавек.

Супраць угоды з Іранам выступілі Ізраіль і арабскія краіны (і рэспубліканцы ўнутры ЗША). У выніку вываду войскаў з Аўганістану сытуацыя зь бясьпекай у гэтай краіне не зрабілася лепшай. А, напрыклад, адносіны з Расеяй, нягледзячы на спробы перазагрузкі, на дадзены момант апусьціліся на найніжэйшы ўзровень, да стану халоднай вайны.

Але Абама прывабны для мэдыяў, ён жывы чалавек. Ёсьць фатаздымкі са спартоўцамі, прадстаўнікамі шоў-бізнэсу, але антыамэрыканізм у сьвеце ня скончыўся і нават не паменшыўся. У першыя гады Абамы назіралася ягонае зьніжэньне, а цяпер, як паказваюць шматлікія дасьледаваньні, ён па ўсім сьвеце вырас, а ў такіх краінах, як Турэччына, Эгіпэт, Расея, знаходзіцца на гістарычна рэкордным узроўні.

Такім чынам спадчына Абамы, як і кожнай гістарычнай асобы, не выклікае адназначнай ацэнкі.

Дракахруст: Калі казаць зусім коратка, то ў міжнароднай палітыцы ў Абамы не было шмат посьпехаў. Адзін з такіх нешматлікіх яўных посьпехаў — гэта ліквідацыя Усамы Бэн Ладэна. Усё астатняе спрэчна, уключна са зьдзелкай з Іранам, якую ў саміх Злучаных Штатах вельмі шмат хто крытыкуе, у тым ліку новы прэзыдэнт Дональд Трамп.

Замірэньне з Кубай таксама выклікае шэраг пытаньняў, ці варта было так рабіць, ці варта было адкрываць амбасаду, калі правы чалавека на Кубе гэтак жа парушаюцца, як і да таго.

У міжнароднай палітыцы ў Абамы не было шмат посьпехаў.

Сюды можна дадаць і лібійскую вайну. Сам Барак Абама казаў, што гэта была памылка. Так, дыктатара скінулі, але тое, што пачалося там пасьля, вельмі цяжка назваць посьпехам.

Зь іншага боку, дзьве самыя гарачыя тэмы гэтага васьмігодзьдзя — гэта «Ісламская дзяржава» і Расея, расейская палітыка ў дачыненьні да Ўкраіны. Праўда, якраз па гэтых дзьвюх тэмах спадчына Абамы, магчыма, будзе не такой ужо й кепскай, бо ўсё пазнаецца ў параўнаньні.

Менавіта Абама ініцыяваў даволі моцныя санкцыі адносна Расеі, здолеў забясьпечыць адзіны фронт санкцый, які дагэтуль нейкім чынам трывае. Можна параўнаць яго зь ягоным папярэднікам, Джорджам Бушам, які выглядаў куды больш моцным, але падчас вайны Расеі з Грузіяй ЗША ўвогуле ніякіх санкцый не ўводзілі адносна Расеі.

Ну а цяпер Абама сапраўды ня здолеў спыніць Расею, прымусіць яе вярнуцца да status quo, але ціск на яе зрабіў. І што да змаганьня з «Ісламскай дзяржавай» — для мяне невідавочна, што нейкі іншы прэзыдэнт вёў бы гэтую вайну больш эфэктыўна, чым Абама.

Вы, Віталь, пачалі з параўнаньня Абамы з Бушам. Не выключаю, што магчыма праз пару гадоў, а можа і праз чатыры, калі скончыцца першая кадэнцыя Трампа, тады мы зможам ацаніць Барака Абаму.

Цыганкоў: Варта прыгадаць, наколькі крытычна і нават іранічна ўспрымаўся аналітыкамі і палітолягамі Рональд Рэйган. Але пазьней, калі было ўсьвядомлена, што ён дамогся сусьветнага панаваньня Амэрыкі ў сьвеце, развалу СССР, ён пачаў успрымацца як пераможца і адзін з найлепшых амэрыканскіх прэзыдэнтаў у гісторыі. Такога пры яго жыцьці ніякім чынам не было.

Карбалевіч: Калі казаць пра спадчыну Абамы ўнутры краіны, то яна і нядрэнная. Усё ж ЗША першымі з разьвітых краінаў выйшлі з эканамічнага крызісу, апошнія гады там назіраецца эканамічны рост. Гэта асабліва заўважна, калі параўноўваць Злучаныя Штаты з Эўропай. Ёсьць пэўныя дасягненьні ў сфэры аховы здароўя.

Больш складана казаць пра замежнапалітычную спадчыну. Вонкава выглядае, што тут хутчэй больш мінусаў, чым плюсаў. Найперш, трэба адзначыць, што як часта бывае, у амэрыканскага грамадзтва і сусьветнай супольнасьці былі завышаныя чаканьні. Памятаеце, была такая «абамаманія». Нават Лукашэнка паспрабаваў далучыцца да яе, кажучы, што Абама — гэта амаль як Лукашэнка ў 1994 годзе. Па-другое, варта прыняць пад увагу ўвесь унутраны і вонкавы кантэкст ягонага кіраваньня.

Абама прыйшоў да улады на тле незадавальненьня амэрыканскага грамадзтва актыўнай замежнай палітыкай рэспубліканскай адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага. Актыўная палітыка пад сьцягам дэмакратызацыі сьвету лягла занадта вялікім цяжарам на краіну. І Абама абвясьціў курс на абмежаваньне такой актыўнасьці, на разьвязваньне тых канфліктных вузлоў, якія спарадзіла адміністрацыя Буша. Гэта вылілася ў вывад амэрыканскіх войскаў з Іраку і Аўганістану, у «перазагрузку» ў адносінах з Расеяй, што азначала зьмяншэньне ўплыву на постсавецкую прастору. За гэта Абама нават авансам атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. У якасьці дасягненьня сваёй замежнай палітыкі Абама называе нармалізацыю адносін з Іранам і Кубай.

Пры адміністрацыі Буша Пуцін асьцярогся б далучаць Крым.

Але хутка выявілася, што зыход ЗША, пэўны ізаляцыянізм прывёў не да вырашэньня канфліктных праблемаў, як меркавалася, а да іх рэзкага абвастрэньня. Зьмяншэньне вайсковай прысутнасьці ЗША на Блізкім Усходзе прывяло да зьяўленьня там «Ісламскай дзяржавы». Ухіленьне ад актыўнасьці на постсавецкай прасторы прывяло да ўкраінскага крызісу.

Выкажу гіпотэзу, якую няма чым пацьвердзіць, але падаецца, што пры адміністрацыі Буша Пуцін асьцярогся б далучаць Крым. Лёгіка падзеяў вымусіла Абаму рэагаваць і на «ІД», і на ўкраінскі крызіс. Але рабіў ён гэта неяк асьцярожна, слаба, баючыся справакаваць большы канфлікт. І гэта было ўспрынята ў саміх ЗША і сьвеце як слабасьць. Маўляў, краіна, якая прэтэндуе на статус звышдзяржавы, так сябе не паводзіць.

Але я згодны, што трэба, каб прайшоў пэўны час, каб мы ацанілі ўсе плюсы і мінусы кіраваньня Абамы.