У Гомелі Забіяка адабраў у рамесьніка газэту «Новы час»

Аляксандар Процка. Архіўнае фота.

Дырэктар гомельскага адкрытага акцыянэрнага таварыства «Кірмаш» Уладзіслаў Забіяка адабраў у Гомелі на рынку «Давыдаўскі» у рамесьніка Процкі стос газэтаў «Новы час».

«Як рамесьнік я прадаю на гэтым рынку калядныя ялінкі, — кажа рамесьнік і вядомы ў горадзе грамадзкі распаўсюднік незалежных выданьняў Аляксанадар Процка. — 18 сьнежня па абедзе я раздаваў „Новы час“ мінакам. І тут нечакана зьявіўся Ўладзіслаў Забіяка і стаў прад’яўляць прэтэнзіі, што на рынку, які яму падпарадкаваны, нельга раздаваць газэты. Я адказваю: „Раздаю газэты там, дзе ёсьць людзі“. Урэшце Забіяка выхапіў у мяне стос газэтаў — асобнікаў каля дваццаці — і забраў з сабою. Я нават ня ведаю што, рабіць. Думаю напісаць спачатку скаргу ў кнігу заўвагаў, а калі Забіяка газэты ня верне, зьвярнуся з заявай у міліцыю».

У адміністрацыі рынку «Давыдаўскі» адказваюць, што дырэктара на рынку няма. Яму трэба тэлефанаваць у прыёмную ў панядзелак, калі пачнецца новы працоўны тыдзень. Уладзіслаў Забіяка ня толькі дырэктар акцыянэрнага таварыства «Кірмаш», але і дэпутат гарадзкога савету па Менскай выбарчай акрузе № 22.