Праверка доўжылася 13 гадзінаў. Цяпер аўтобус накіроўваецца ў Менск. З аўтобуса зьнялі трох хлопцаў. Ніхто нічога пасажырам не патлумачыў. Пра гэта паведаміў Свабодзе Алесь Міхалевіч.
«Пачалося з таго, што сабака знайшоў рэчыва, падобнае на наркотык. Таму ўсё і пачалося. Мусілі адправіцца на Менск а 4-й гадзіне раніцы. Кажуць, што ў аўтобусе знайшлі схаваныя наркотыкі і цяпер міліцыянты высьвятляюць, каму яны маглі належаць. Правяралі пальцы ва ўсіх пасажыраў на тое, ці ёсьць сьляды наркотыку. Усяго больш за 50 пасажыраў», — сказаў раней па тэлефоне Алесь Міхалевіч карэспандэнту Свабоды.
Пасьля разгону мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турме КДБ. Быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе, змог зьехаць у Чэхію, дзе атрымаў статус палітуцекача. Праз Інтэрпол улады Беларусі абвясьцілі Алеся Міхалевіча ў міжнародны вышук, з-за чаго яго некалькі разоў затрымлівалі ў эўрапейскіх краінах, але ў Беларусь не выдавалі. Больш за год таму Алесь Міхалевіч сам вярнуўся ў Беларусь. Тут палітыку паведамілі, што крымінальная справа супроць яго прыпыненая, але не закрытая.