У Варшаве каля будынку Сэйму — масавая акцыя пратэсту

Некалькі тысяч актывістаў і прыхільнікаў «Камітэту абароны дэмакратыі» ў Варшаве не дазвалялі дэпутатам Сэйму ад кіруючай партыі «Закон і справядлівасьць» і прадстаўнікам ўраду пакінуць памяшканьне Сэйму.

Толькі пасьля дзьвюх гадзін ночы палітыкі з дапамогай паліцыі, якая выцесьніла пратэстуючых, змаглі выехаць за межы парлямэнту.

Лідэр партыі Яраслаў Качынскі таксама знаходзіўся ў будынку, яму ўдалося пакінуць месца падзей толькі раніцай 17 сьнежня, калі паліцыя разагнала маніфэстантаў з дапамогай слёзацечнага газу.

Пратэстоўцы засталіся каля будынка Сэйму і кажуць, што ня выпусьцяць дэпутатаў на Калядныя сьвяты.

Паводле словаў актывістаў, гэты пратэст пачаўся спантанна ў адказ на бурлівыя падзеі ў Сэйме.

У пятніцу каля парлямэнту праходзіў пратэст журналістаў недзяржаўных і апазыцыйных СМІ. Яны пратэставалі супраць намеру сьпікера Сэйму абмежаваць доступ журналістаў да тэрыторыі парлямэнту.

Пра сваю салідарнасьць з журналістамі заявіла і апазыцыя. Міхал Шчэрба, дэпутат партыі «Грамадзянская плятформа», выйшаў на парлямэнцкую трыбуну падчас абмеркаваньня пытаньня аб дзяржаўным бюджэце на 2017 год. Палітык разьмясьціў на трыбуне плякат з надпісам «Свободныя мэдыі ў Сэйме». У адказ на гэта сьпікер выключыў дэпутату мікрафон і пазбавіў яго права голасу, пасьля чаго абвясьціў перапынак у пасяджэньні Сэйму.

У перапынку дэпутаты трох апазыцыйных фракцый занялі трыбуну і прэзыдыюм Сэйму, заблякаваўшы тым самым працу парлямэнту. Такая падзея ў польскім Сэйме адбылася ўпершыню за апошнія 10 гадоў.

У той жа час партыя ўлады «Права і справядлівасьць» сабралася ў Калённай залі Сэйму, як паведамлялася, на пасяджэньне фракцыі, і пазьней абвясьціла, што атрымала кворум для правядзеньня пасяджэньняў без апазыцыі. У такім складзе «Права і справядлівасьць» прыняла бюджэт Польшчы на наступны год. Прагаласавалі дэпутаты таксама за закон аб памяншэньні пэнсіі асобам, якія працавалі ў сілавых структурах камуністычнай Польшчы. Апазыцыя заяўляе, што ў залі, дзе праходзіла галасаваньне, кворуму не было.

Апазыцыя працягвае блякаваць трыбуну парлямэнту.

Тым часам «Камітэт абароны дэмакратыі» сьцьвярджае, што ня спыніць сваіх пратэстаў, якія пройдуць у выхадныя ў розных гарадах Польшчы.