Вынікі году: «Парашэнка мог стаць украінскім Джорджам Вашынгтонам» — украінцы пра страчаныя шанцы Эўрамайдану

Maidan. Image for SM-video

Пра нараджэньне, кароткае жыцьцё і павольную сьмерць Эўрамайдану ва Ўкраіне піша карэспандэнт Свабоды Крыстафэр Мілер.

Нават з Калькуты 17-гадовы ўкраінец Святаслаў Юраш кожную вольную хвіліну паміж лекцыямі, не адрываючыся, сачыў за тым, як амаль мільён яго суайчыньнікаў выйшаў на вуліцы Кіева. Ён вырашыў далучыцца да пратэстаў, якія неўзабаве перарасьлі ў паўстаньне.

30 лістапада 2013 году сотні дэманстрантаў у Кіеве — пераважна студэнты — былі зьбітыя паліцыянтамі. Рамантычна настроены Юраш зразумеў, што ня можа заставацца ў баку. Ён прыляцеў на радзіму і панёсься на плошчу Незалежнасьці, ці проста Майдан. Неўзабаве ён заснаваў прэсавы цэнтар Эўрамайдану, дзякуючы якому галасы з барыкадаў загучалі на шасьці мовах на самых розных плятформах.

Калі на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году перамог Віктар Януковіч, Юраш страціў усякія надзеі на перамены і зьехаў з Украіны. На Майдане яны ажылі зноў. Разам зь іншымі пратэстоўцамі Юраш выступаў за ўмацаваньне сувязяў з Захадам і большую празрыстасьць улады. У тыя дні, адбіваючыся ад паліцыі, ён адчуваў, што краіна нарэшце ўступіла на слушны, на яго думку, шлях: стаць квітнеючай дэмакратыяй і рухацца ў Эўропу далей ад задушлівых абдымкаў Расеі.

Аднак праз тры гады яны зноў у роспачы.

Хоць Януковіч і ўцёк у Расею, украінскія рэвалюцыянэры расчараваныя адсутнасьцю прагрэсу і скардзяцца на тое, што краіна цяпер блізкая да таго, каб зьмяніць эўрапейскі вэктар, зададзены рэвалюцыяй.

Летась пайшоў у адстаўку ўрад, сфармаваны пасьля Эўрамайдану. Сышлі з палітычнай сцэны рэфарматары зь ліку міністраў і іншых палітыкаў. На зьмену ім прыйшлі ў асноўным прадстаўнікі «старой гвардыі» — у тым ліку людзі з абоймы прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, — якія, на думку крытыкаў, адрадзілі старыя мутныя практыкі.

«Палітыкі, якія прыйшлі да ўлады пасьля Майдану, не апраўдалі нашых спадзяваньняў на тое, што Ўкраіну пабудуюць на іншых асновах, — кажа цяпер ужо 20-гадовы Юраш у інтэрвію Радыё Свабода. — Ім удалося захаваць краіну, але асаблівага жаданьня мяняць яе ў іх няма».

Адной з самых вострых праблем Ўкраіны застаецца карупцыя. Пракуратура не змагла прыцягнуць да адказнасьці цяперашніх і былых чыноўнікаў, у тым ліку за забойства больш за 100 чалавек на Майдане.

Ўкраінская эканоміка так не змагла выйсьці з пэрыяду нестабільнасьці, які пачаўся з хаосу 2014 году і працягнуўся падчас ваеннага канфлікту з падтрыманымі Масквой сэпаратыстамі. Грыўна ўпала да гістарычных мінімумаў. Тры чвэрці насельніцтва зарабляюць у сярэднім 200 даляраў у месяц і лічаць, што жывуць за мяжой беднасьці. Паводле нядаўніх апытаньняў, амаль 82% украінцаў упэўненыя, што пасьля рэвалюцыі іх жыцьцё пагоршылася.

Той гарачы ідэалізм, які прывёў многіх на Эўрамайдан тры гады таму, пайшоў на спад. Па дадзеных сацыялягічнай групы Socis, толькі адзін з чатырох украінцаў выказаў гатоўнасьць выйсьці на Эўрамайдан, калі б ён адбыўся цяпер. Аднак пры гэтым амаль палова рэспандэнтаў лічыць, што такія пратэсты «верагодныя» ці «вельмі верагодныя» ў першай палове 2017 году.

Заклікі «Ганьба!», «Зэка — гэць!», якія гучалі падчас Эўрамайдану, цяпер ізноў чуваць на вулічных акцыях супраць прэзыдэнта і ўраду. 8 сьнежня больш за тысячу дэманстрантаў з Фэдэрацыі прафсаюзаў Украіны выйшлі на мітынг перад будынкам парлямэнту, папракаючы заканатворцаў у тым, што тыя не павышаюць сацыяльныя выплаты рабочым, нягледзячы на рост камунальных плацяжоў. Члены ўльтраправых груповак выйшлі на Майдан у гадавіну паўстаньня 21 лістапада, патрабуючы адстаўкі «крымінальнікаў, якія прыйшлі да ўлады». У Кіеве, дзе за апошнія 12 гадоў ужо адбылося дзьве рэвалюцыі, не спыняюцца размовы аб магчымасьці трэцяй.

«У мяне ўстойлівае адчуваньне, што, калі ўсё пакінуць як ёсьць, нас чакае сапраўдная контррэвалюцыя», — напісаў у сваім Фэйсбуку журналіст і дэпутат Рады Мустафа Наем у трэцюю гадавіну Майдану. Менавіта ён стаў адным з натхняльнікаў Майдану 21 лістапада 2013 году, дзякуючы сваім заклікам у сацыяльных сетках.

Абвінавачаньні ў нізкім тэмпе рэформаў адрасаваныя найперш прэзыдэнту Парашэнку. Некалькі рэфарматараў звольніліся з ураду, заявіўшы, што прэзыдэнт і яго найбліжэйшае атачэньне актыўна перашкаджаюць барацьбе з хабарніцтвам і кумаўством. Дэпутат Рады Аляксандр Анішчанка, які ўцёк з краіны, абвінаваціў прэзыдэнта і яго паплечнікаў у маштабнай карупцыі. У адміністрацыі Парашэнкі гэтыя абвінавачаньні цалкам абвяргаюць.

Ураджэнец Літвы Айварас Абрамавічус пакінуў пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця Ўкраіны ў лютым, заявіўшы, што не зьбіраецца «быць шырмай для адкрытай карупцыі» і марыянэткай «тых, хто хоча ў стылі старой улады ўсталяваць кантроль над дзяржаўнымі грашыма».

У лістападзе пайшоў у адстаўку з пасады кіраўніка адміністрацыі Адэскай вобласьці былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі. Ён таксама абвінаваціў Парашэнку і яго асяродзьдзе ў маштабнай карупцыі. Паплечніца Саакашвілі Юлія Марушэўская, якая праславілася англамоўным кліпам «I am a Ukrainian» і пазьней прызначаная прэзыдэнтам кіраўніцай адэскай мытні, расказала карэспандэнту Свабоды, што ім з Саакашвілі першапачаткова было дадзенае зялёнае сьвятло на рэформы, аднак пазьней «яно зьмянілася на чырвонае». З першых жа дзён працы яны сутыкнуліся з «поўнай адсутнасьцю палітычнай волі і ўсякага жаданьня што-небудзь мяняць» з боку ўраду Парашэнкі і ў прыватнасьці прэмʼер-міністра Ўладзімера Гройсмана. Марушэўская пайшла ў адстаўку праз тыдзень пасьля Саакашвілі.

Кіраўнік рады Грамадзкага люстрацыйнага камітэту Аляксандра Дрык сьцьвярджае, што Парашэнка і ўрад Уладзімера Гройсмана балянсуюць паміж мінімальнымі рэформамі, закліканымі задобрыць заходніх партнэраў, і захаваньнем «старой карупцыйнай сыстэмы», што пачынаючы з 1991 году ўзбагачае алігархаў за кошт дзяржаўнай казны, якая ўсё ў большым заняпадзе.

Безумоўна, асобныя цяжкасьці ад Кіева не залежаць. Вайна з падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі на ўсходзе краіны і анэксія Крыму таксама перашкаджаюць правядзеньню рэформаў. Падчас візыту на фронт 6 сьнежня прэзыдэнт Парашэнка падвёў сумныя вынікі 31 месяца ваенных дзеяньняў: больш за 10 000 загінулых, зь іх 2500 вайскоўцаў і 7500 цывільных асобаў, з красавіка 2014 году. Масква выкарыстоўвае гэтую вайну як рычаг для дэстабілізацыі сытуацыі ў Кіеве, пэрыядычна ўзмацняючы ваенны ціск і такім чынам змушаючы Ўкраіну траціць дадаткова па 5 млн даляраў на дзень.

Захад спрабуе падтрымліваць Украіну, аднак і Вашынгтоне, і ў Бруселі раздражнёныя нізкім тэмпам рэформаў і нежаданьнем Парашэнкі нешта мяняць, паведамілі ў размове са Свабодай два дыпляматы з заходніх пасольстваў. Прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду, якія наведалі Кіеў у лістападзе, не гарантавалі наступнага траншу, указаўшы на неабходнасьць больш рашуча змагацца з карупцыяй і прыцягнуць да суду высокапастаўленых карупцыянэраў. У справаздачы Эўрапейскай падліковай палаты, апублікаванай 7 сьнежня, гаворыцца, што эўрапейскія фінансавыя сродкі, выдзеленыя для падтрыманьня рэформаў ва Ўкраіне, мелі «абмежаваны эфэкт».

Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Дзьмітрый Шымко заявіў Свабодзе, што ў цяперашніх рэформах пасьлядоўнасьць важнейшая за хуткасьць: «Калі мы спынімся, гэта будзе выклікам для краіны. Шляху назад у нас няма».

Аднак ня ўсё так блага. Украіна здолела стварыць новыя дзяржаўныя агенцтвы ў справе барацьбы з карупцыяй, увяла электронныя сыстэмы для дзяржзаказу і дэкляраваньня ўласнасьці чыноўнікамі, мадэрнізавала ўзброеныя сілы, скараціла энэргетычную залежнасьць ад Расеі (Кіеў ужо год не закупляе газ у Расеі.)

Верагодна, самай прыкметнай стала рэформа паліцыі, якая раней нярэдка выкарыстоўвала гвалт і карупцыю. «Тры гады таму мы выступілі супраць паліцыі, цяпер мы выступаем за яе», — кажа 25-гадовая Кацярына Крук, вядомая за межамі Ўкраіны тым, што вяла рэпартаж з Эўрамайдану ў твітэры.

У сьнежні ўрад Украіны правёў шэраг знакавых рэформаў, якія сурʼёзна скароцяць бюракратычны апарат і маштаб карупцыі ў ахове здароўя, лічыць галіновы міністар Ульяна Супрун. Яна нарадзілася і вырасла ў ЗША, аднак вярнулася ва Ўкраіну незадоўга да Эўрамайдану. Супрун адыграла вядучую ролю ў арганізацыі мэдыцынскай службы на Майдане. Яна сьцьвярджае, што 1 студзеня будзе абвешчана аб «рэвалюцыйных» зьменах, у выніку якіх усе ўкраінцы атрымаюць доступ да першаснай і неадкладнай мэдыцынскай дапамогі.

Украінскія афіцыйныя асобы спадзяюцца, што гэтага будзе дастаткова, каб пераканаць Эўразьвяз у тым, што Ўкраіна вартая адмысловага стаўленьня, напрыклад, толькі што прынятага пагадненьня аб бязьвізавым уезьдзе з Шэнгенскімі краінамі, што было адным ключавых патрабаваньняў Эўрамайдану.

Аднак гэта наўрад ці пераканае незадаволеных украінцаў у тым, што рэформы працягваюцца.

«Шанец рэальных рэформаў памёр разам з распадам Dream Team», — кажа Айварас Абрамавічус, маючы на ўвазе тэхнакратычны ўрад Арсеня Яцанюка, у якім ён таксама працаваў. Міністаркай фінансаў там была Натальля Ярэська, якая нарадзілася ў ЗША і якая карыстаецца павагай у Вашынгтоне. Гэты ўрад быў адпраўлены ў адстаўку ў красавіку.

У канцы 2016 году Юраш сядзіць у цені згарэлага Дома прафсаюзаў, дзе калісьці разьмяшчаўся прэсавы цэнтар Эўрамайдану і, паводле яго, захоўвае аптымізм нягледзячы ні на што. Аднак ён расчараваўся ва ўкраінскіх уладах і лічыць, што магчымасьць пераменаў упушчаная.

«Тыя, хто цяпер ва ўладзе, не разумеюць, што яны страцілі шанец увайсьці ў гісторыю як бацькі-заснавальнікі новай Украіны, — кажа ён. — Парашэнка мог стаць украінскім Джорджам Вашынгтонам. Ён гэты шанец страціў».