Блізкі да банкруцтва галоўны банк РПЦ аказаўся зьвязаны зь сям’ёй патрыярха Кірыла

Патрыярх Кірыл.

Адным з членаў рады дырэктараў банку «Пересвет», які на 49,7% належыць Расейскай праваслаўнай царкве, аказалася меркаваная сястра патрыярха Кірыла.

Алене Холадавай таксама належаць 0,3% акцый «Пересвета», паведамляе тэлеканал «Дождь». У банку ўжо два месяцы дзейнічае часовая адміністрацыя. Паводле дадзеных газэты «Коммерсант» і тэлеканалу «Дождь», дзірка ў капітале «Пересвета» складае 100 млрд рублёў.

Паводле дадзеных тэлеканалу «Дождь», Алена Холадава — гэта сястра Лідзіі Міхайлаўны Лявонавай, дзявочае прозьвішча якой таксама Холадава. Прозьвішча Лявонавай зьявілася ў прэсе ў сувязі з судом вакол «справы аб будаўнічым пыле».

У 2012 годзе патрыярх Кірыл пацьвердзіў у інтэрвію тэлевядучаму Ўладзімеру Салаўёву, што яму належыць кватэра ў «Доме на набярэжнай» насупраць храму Хрыста Збаўцы. Паводле яго слоў, нерухомасьць яму падарылі маскоўскія ўлады, і сам ён у гэтай кватэры не бывае.

У «Доме на набярэжнай», як тлумачыў патрыярх Кірыл, жывуць дзьве жанчыны. Кіраўнік РПЦ назваў іх сваімі траюрадным сёстрамі. Імя і прозьвішча адной зь сясьцёр ён назваў: Лідзія Лявонава.

Менавіта ад імя Лідзіі Лявонавай быў пададзены пазоў у суд аб матэрыяльнай шкодзе на 20 млн рублёў. Згодна з матэрыяламі справы, сусед патрыярха зьнізу — таксама сьвятар, былы міністар аховы здароўя Юрый Шаўчэнка — рабіў рамонт, і будаўнічы пыл пашкодзіў бібліятэку з рэдкімі кнігамі і прадметамі інтэр’еру. Шаўчэнка суд прайграў.

Імя другой жанчыны, сястры Лідзіі Лявонавай, журналісты ўстанавілі праз архівы ў Санкт-Пецярбургу, дзе Сям’я Холадавых жыла раней. Пазьней высьветлілася, што сястра Лідзіі Алена Холадава ў 2002 годзе стала выканаўчым дырэктарам фонду, заснавальнікам якога быў Уладзімер Гундзяеў (грамадзянскае імя патрыярха Кірыла). У 2015 годзе гэты фонд атрымаў амаль 169 млн рублёў ахвяраваньняў. Таксама гэтая жанчына аказался саўладальнікам і членам рады дырэктараў банку «Пересвет».

Аб праблемах у банку, 49,7% акцый якога належаць РПЦ, стала вядома ў сярэдзіне кастрычніка. Спачатку зьнік старшыня праўленьня «Пересвета» Аляксандар Швец. Тады яго адсутнасьць тлумачылі тым, што «чалавек хварэе». Месцазнаходжаньне Швеца дагэтуль не ўстаноўлена.

Праз чатыры дні ў банку абмежавалі выдачу ўкладаў, 21 кастрычніка ў «Пересвет» была ўведзена часовая адміністрацыя.

Вядома, што ў гэтым банку захоўвалі грошы ня толькі РПЦ, але і многія VIP-кліенты, у тым ліку алімпійская чэмпіёнка ў мастацкай гімнастыцы Аліны Кабаева, губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў і дэпутат Уладзімір Рэсін. Разьліковы рахунак у «Пересвете» трымала праграма будаўніцтва 200 храмаў крокавай даступнасьці ў Маскве.