Гурневіч: Магчыма ўжо сёлета замежнікі змогуць прылятаць у Беларусь бязь візы. Пра гэта заявіў намесьнік дырэктара Дэпартамэнту турызму Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч.
Чыноўнік патлумачыў, што пытаньне знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі. Паводле яго слоў, калі ініцыятыва пакажа сябе са станоўчага боку, можна будзе казаць пра ўвядзеньне бязьвізавага ўезду празь іншыя тыпы пунктаў пропуску.
Сутнасьць новаўвядзеньня ў тым, што замежныя турысты зь «бясьпечных у міграцыйным пляне» краін, а таксама з Канады, ЗША і Аўстраліі, якія прыбываюць у Беларусь праз аэрапорт «Менск», змогуць правесьці ў Беларусі бязь візы 5 дзён.
Наколькі эфэктыўным можа быць гэты крок для павелічэньня плыні турыстаў у Беларусь і распазнавальнасьці краіны?
Бясспрэчна, адмена візаў — гэта вельмі пазытыўны крок для краіны. Беларусь не знаходзіцца ў сьпісе краін, куды тысячамі ўцякаюць нелегалы з жаданьнем уладкаваць тут сваю будучыню
Грыцэвіч кажа, што пасьля ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму з Ізраілем колькасьць турыстаў з гэтай краіны павялічылася ў два разы, з Турэччынай — у паўтара. Бязьвізавы ўезд для груп кітайскіх турыстаў павялічыў паток амаль на 20%. На жаль, намесьнік дырэктара Дэпартамэнт турызму Міністэрства спорту і турызму не назваў колькасьць турыстаў, бо працэнты ня ў стане паказаць зьяву, калі лік ідзе ўсяго сотнямі.
Бясспрэчна, адмена візаў — гэта вельмі пазытыўны крок для краіны. Беларусь не знаходзіцца ў сьпісе краін, куды тысячамі ўцякаюць нелегалы з жаданьнем уладкаваць тут сваю будучыню. Таму дзяржаве няма чаго баяцца. Кожны турыст — гэта тая валюта, якой так не хапае сёньня беларусам. Шкада, што ўлады прыйшлі да гэтага настолькі позна, калі прыпякло. Украіна пайшла на гэта раней і адзін Кіеў прымае ў разы больш турыстаў, чым уся Беларусь.
Але, вядома, што сама адмена візаў гэта яшчэ не гарантыя посьпеху. Неабходная турыстычныя інфраструктура, гатэлі, турыстычныя трасы. Шмат чаго з гэтага ўжо ёсьць, але якасьць не адпавядае чаканьням турыстаў. Але я перакананы, што разуменьне гэтага ёсьць, няма аднаго пакуль — грошай.
Ну і галоўнае, нельга зацягваць з поўнай адменай візаў. Бязьвізавы рэжым у аэрапорце «Менск-2» — гэта паўмера. Неабходна цалкам адмяняць візы адным пакетам, тады, магчыма, і валюты больш стане.
Дракахруст: Я згодны, што гэта, безумоўна, станоўчая рэч. Гэта і адкрывае Беларусь сьвету, больш людзей будуць даведвацца пра розную Беларусь — і афіцыйную, і неафіцыйную. Гэта і прыток грошай, даходы. Адзінае, што зьвярну ўвагу на словы чыноўніка, што мы яшчэ паглядзім і будзем глядзець, як яно будзе. Ведаючы вялікую схільнасьць беларускіх уладаў да ўсякага кшталту перастрахоўкі, не выключаю, што гэтая «благодать» можа і зачыніцца са звычайных рэчаў. Бо ў нас прызвычаіліся ўсё кантраляваць. А тут чалавек прыехаў бязь візы, трапіў, і проста зь меркаваньняў статыстыкі — прыехаў, напіўся, пабіўся, учыніў нейкі скандал, можа нешта абрабаваў. І я баюся, што нейкіх такіх інцыдэнтаў, якія зьяўляюцца паўсюль і заўсёды, і з візамі, і бязь візаў, стане больш, і як бы беларускія ўлады ня вырашылі, што лепш гэта скасаваць.
я баюся, што нейкіх такіх інцыдэнтаў, якія зьяўляюцца паўсюль і заўсёды, і з візамі, і бязь візаў, стане больш, і як бы беларускія ўлады ня вырашылі, што лепш гэта скасаваць
Яшчэ адно тут адно пытаньне, ня ведаю, як яно тут будзе вырашацца — мяжа з Расеяй. Фактычна, зараз зможа чалавек безь візы прыехаць у Беларусь і на машыне паехаць у Расею. На цягніку. А як да гэтага паставіцца Расея? У іх жа такога прынцыпу пакуль няма, ні на пяць дзён, ні на адзін. Я ня думаю, што замежнікі, скажам, жыхары заходніх краін, ужо так будуць выкарыстоўваць гэты канал, але не выключаю, што калі нават некалькі такіх выпадкаў адбудзецца, то саюзьнікі ўзбудзяцца гэтай праблемай зьяўленьня такога калідору.
Гурневіч: Дадам, што ўсходнія суседзі ўжо ўзбудзіліся, паколькі некалькі месяцаў таму стала вядома, што на пунктах пропуску з Расеяй не прапускаюць грамадзян краін Эўрапейскага зьвязу, бо гэтыя пункты пераходу ня лічацца міжнароднымі. Таму калі паляк ці літовец, напрыклад, захоча паехаць у Расею, ён ня зможа гэтага зрабіць, яму трэба будзе ехаць у Латвію ці Эстонію, бо там міжнародныя пункты.
Карбалевіч: Варта адзначыць, што ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму носіць пакуль абмежаваны характар. Толькі праз адзін аэрапорт, і толькі на пяць дзён. Ня думаю, што гэта дасьць вялікі эфэкт у пляне турызму.
Калі глядзець на праблему аблягчэньня візавага рэжыму, шырэй, то на яго шляху існуе некалькі перашкод. Найперш ведамасныя супярэчнасьці. У МЗС і амбасадаў існуюць нейкія пляны па прыцягненьню валюты. І яны ня хочуць нешта мяняць, хочуць атрымоўваць жывую валюту за візы.
Нават калі ўсё ўдаецца дасягнуць, то беларускі бок зноў уключае тармазы. Наглядны прыклад — гісторыя з дамова аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой
Другая прычына больш шырокая. Справа ў тым, што ў беларускай эканамічнай мадэлі турызм не ўспрымаецца як нейкая галіна эканомікі, вартая вялікай увагі, укладаньня інвэстыцый і інш. Ён лічыцца нейкім балаўством.
Трэцяя праблема — у аснове візавай палітыкі беларускіх уладаў ляжыць прынцып узаемнасьці. То бок спрашчэньне візавага рэжыму яны імкнуцца дасягнуць на ўзаемных пачатках. А на аднабаковыя крокі ідуць вельмі неахвотна. І візавае пытаньне часта ўвязваецца з іншымі дыпляматычнымі пытаньнямі ў адзін пакет. За спрашчэньне візавага рэжыму Менск хоча атрымаць нейкія іншыя саступкі партнэраў. Гэта ўсё тармозіць.
Нават калі ўсё ўдаецца дасягнуць, то беларускі бок зноў уключае тармазы. Наглядны прыклад — гісторыя з дамова аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой. Беларускія ўлады спасылаюцца на тое, што памежныя пункты пераходу не гатовыя да вялікага наплыву грамадзян, блякуюць рэалізацыю гэтай дамовы. Насамрэч, думаю, галоўная прычына тут эканамічная. Беларускае кіраўніцтва асьцерагаецца, і дарэчы, не дарэмна, што калі дамова аб малым памежным руху пачне ажыцьцяўляцца, колькасьць беларусаў, якая езьдзіць за мяжу «на закупы», павялічыцца ў разы. Бо ў Літве і Польшчы цэны больш спрыяльныя на шмат якія тавары. І гэта павялічыць імпарт, зьменшыць абʼём розьнічнага гандлю ў самой краіне. І гэта адмоўна паўплывае на эканоміку Беларусі.