«Гэта ўсё паклёп». Пятро Пятроўскі пра публікацыю «Інфармнапалма»

Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытуту філязофіі Акадэміі навук Пятро Пятроўскі пракамэнтаваў публікацыю на сайце «Інфармнапалм» узламанай электроннай перапіскі паміж расейскім журналістам Арцёмам Бузілам і ягонымі куратарамі з Расеі.

Паводле сайта, пачынаючы ад лістапада 2016 году Арцём Бузіла падключаецца да інфармацыйнай кампаніі па Беларусі. Ад нейкага Walterа U, які, верагодна, блізкі да каманды крамлёўскага паліттэхноляга Ўладзіслава Суркова, ён атрымаў заданьне: весьці маніторынг беларускіх СМІ, падабраць блогераў «для заказных публікацый па тэхнічным заданьні». Бузіла прапанаваў Юрыя Паўлаўца, Сяргея Шыпценку, Мікалая Малышэўскага, Юрыя Баранчыка і Пятра Пятроўскага.

У якасьці аднаго з тэхнічных заданьняў па заказной публікацыі сайт «Інформнапалм» прыводзіць артыкул Пятра Пятроўскага, які быў апублікаваны на сайтах Imhoclub і «Империя». Першы сайт рэдагуе Аляксей Дзермант. Рэдактар другога — Юры Баранчык, які, паводле апублікаванай перапіскі, даваў заданьні арыштаваным у Беларусі Паўлаўцу, Алімкіну і Шыптэнку.

Пятро Пятроўскі працуе ў Інстытуце філязофіі Акадэміі навук, бярэ ўдзел у перадачах Вадзіма Гігіна як «філёзаф» і «палітоляг».

У тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды Пятро Пятроўскі сказаў, што цяпер ён у камандзіроўцы, на роўмінгу, таму размаўляць ня мае магчымасьці. Адносна публікацыі «Інфармнапалма» ён сказаў так:

«Я вам скажу пакуль наступным чынам — гэта ўсё паклёп, па першае. Больш канкрэтную інфармацыю я дам тады, калі прыеду, у панядзелак».

Скантактавацца з Аляксеем Дзермантам не ўдалося.

Сьледчы камітэт Беларусі расьсьледуе крымінальныя справы, заведзеныя паводле артыкула 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці») супраць Сяргея Шыпценкі, Юрыя Паўлаўца і Дзьмітрыя Алімкіна. Усіх трох узялі пад варту.