Добры вечар! Беларус узначаліў варшаўскі клюб Rotary International. Што гэта такое, пытаеце? Пачытайце. У кожным разе, каб узначаліць, трэба мець крыху больш грошай, чым маюць іншыя.
БЕЛАРУСКІЯ НАЙМІТЫ ЗА «ДНР» І «ЛНР». Паводле інфармацыі МУС Беларусі, як мінімум 171 грамадзянін краіны падазраецца ў найміцтве на тэрыторыі Ўкраіны. Большая іх частка ваявала або ваюе на баку самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.
НЕПАХІСНЫ СУПРОЦЬ «АТЛАНТА». Былы работнік менскага заводу «Атлант» Мікалай Шуляк дзесяць гадоў дамагаецца прызнаньня інваліднасьці, атрыманай у зьвязку з выкананьнем працоўных абавязкаў. Адміністрацыя прадпрыемства адмаўляецца прызнаць факт страты непрацаздольнасьці.
ШТО Ў АСТРАЎЦЫ КАЖУЦЬ ПРА АЛЕСЯ ЮРКОЙЦЯ? Зьміцер Бартосік паехаў на радзіму мытніка Алеся Юркойця, якога цяпер судзяць у справе за хабары на мытні, каб дазнацца, што пра Юркойця думаюць землякі. Думаюць толькі добрае.
ПЕСЬНІ РАССТРАЛЯНЫХ І КАЛЯДКІ. «Хачу зрабіць альбом па творах расстраляных паэтаў, якіх закатавалі ў 1937 годзе», — кажа музыка Лявон Вольскі, які цяпер знаходзіцца ў ЗША. «І яшчэ адна ідэя — музычны зборнік калядных песень з усяго сьвету: беларускіх, гішпанскіх, нямецкіх, ангельскіх “кэралаў”. Хачу перакласьці іх на мову і запісаць разам з іншымі беларускімі музыкамі. Гэта вялізны праект, але мы паспрабуем пасьпець да наступнага Новага Году і Калядаў», – дадае ён.
МУЗЭЙ ГАРЭЦКАГА ПРАПАДАЕ. Літаратурны музэй Максіма Гарэцкага, беларускага пісьменьніка і адраджэнца, у ягонай роднай вёсцы Малая Багацькаўка Мсьціслаўскага раёну занепадае. «Сытуацыя з музэем Гарэцкага паказвае, як у нас наагул папулярызуецца нацыянальная спадчына, спадчына нашых літаратараў, у тым ліку і братоў Гарэцкіх», — кажа старшыня магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.