З Алепа паведамляюць пра замірэньне

Раён Алепа пад урадавым кантролем удзень 13 сьнежня.

Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін пацьвердзіў, што была дасягнутая «дамоўленасьць аб выхадзе баевікоў з Алепа». Паводле Чуркіна, у сувязі са спыненьнем баёў няма неабходнасьці ў тым, каб мірныя жыхары ўсходніх кварталаў пакідалі гэты сырыйскі горад.

За некалькі гадзінаў раней у аўторак заходнія агенцтвы паведамілі са спасылкай на прадстаўнікоў узброеных груповак у Алепа аб магчымым уступленьні ў сілу пагадненьня аб замірэньні ў ноч з аўторка на сераду.

Сырыйскія паўстанцы заявілі аб дасягненьні пагадненьня з Расеяй спыніць агонь — для эвакуацыі мірных жыхароў і аддзелаў, якія ваююць супраць рэжыму Башара Асада. Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press. Прадстаўнік паўстанцкіх груповак, аб’яднаных у «Свабодную сырыйскую армію», Усама Абу Заяд, заявіў, што рэжым спыненьня агню набыў моц увечары ў аўторак.

Прадстаўнік іншай паўстанцкай групоўкі пацьвердзіў ўступленьне ў сілу дамоўленасьці спыніць агонь, каб даць магчымасьць эвакуявацца жыхарам Алепа і аддзелам узброенай апазыцыі.